«Турма ня мае канца». У Менску прэзэнтавалі кнігу «Турма, мужчына і жанчына»

У сядзібе партыі БНФ прайшла прэзэнтацыя кнігі Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына. Як сядзяць у беларускіх турмах». Кніга выйшла ў «Бібліятэцы Свабоды», яе склалі выбраныя перадачы праграмы «Свабода ў турмах», якую цягам 2011–2017 гадоў вяла на Свабодзе журналістка Алена Струвэ.

Your browser doesn’t support HTML5

Як сядзяць у сучаснай Беларусі. Буктрэйлер кнігі Алены Струвэ «Турма, мужчына і жанчына»

​У беларускіх месцах зьняволеньня ўтрымліваецца каля 40 тысяч чалавек, гэта прыкладна палова такога гораду, як Маладэчна ці Кобрынь. 90% — мужчыны і 10% — жанчыны. Ва ўмоўным турэмным горадзе больш за шэсьцьдзесят рознага кшталту «казённых установаў».

Вядоўца імпрэзы Валер Каліноўскі і аўтарка кнігі Алена Струвэ

Чаму такая назва кнігі? Аўтарка, журналістка Алена Струвэ, тлумачыць: за кратамі сядзяць як арыштанты, так і арыштанткі, жанчын і мужчын садзяць прыкладна за адны і тыя ж злачынствы.

«Асуджаная жанчына падпарадкоўваецца тым самым рэжымным патрабаваньням, што і мужчына: адзіная форма адзеньня, неабходнасьць шыхтавацца, адсутнасьць асабістых рэчаў, тыя самыя пакараньні, ажно да ШЫЗА.

Гістарычна і псыхалягічна мужчыны — гэта воіны, яны прызвычаіліся да працяглага існаваньня ў вялікім замкнёным аднаполым калектыве. У прыродзе жанчыны такое не закладзена. Страціўшы свабоду, некаторыя могуць ператварыцца ў жорсткіх фурый ці апусьціцца фізычна ды маральна „ніжэй за плінтус“.

Алена Струвэ

Паводле адной з былых супрацоўніц жаночай калёніі, толькі той, хто меў кантакт з зэчкамі, разумее, што такое калектыў, які складаецца прыкладна з тысячы жанчын-злачынак рознага веку, сярод якіх і „гаспадарніцы“, і дзетазабойцы, і наркаманкі, і зладзейкі, і каго толькі няма. Дзень за днём яны гадамі варацца ў адным катле. Кожнае слова ўспрымаецца ў штыкі, кожнай здаецца, што яе хочуць неяк зьняважыць, абразіць. Нават на волі ў жаночых калектывах пануе нашмат больш агрэсіі, чым у мужчынскіх», — кажа Алена Струвэ.

У турмах здараюцца гомасэксуальныя адносіны. У мужчынскіх турмах вэртыкальнае падпарадкаваньне, касты. У жаночых — гарызантальнае, невялікія калектывы ў 2, 3, 4 чалавекі, якія спрабуюць стварыць чалавечыя ўмовы, кажа аўтарка кнігі.

Васіль Сямашка

Журналіст Васіль Сямашка шмат дапамог Алене Струвэ пры падрыхтоўцы кнігі. Ён быў асуджаны за хуліганства ў канцы 1990-х, сядзеў у СІЗА на Валадарскага, калі там начальнікам быў Алег Алкаеў. Потым сядзеў у нямецкіх турмах. Пазьней бываў у беларускіх папраўчых установах як журналіст.

Васіль распавёў, што ў цэлым турэмная сыстэма стала яшчэ больш зьдзеклівай, адміністрацыя яшчэ больш цісьне на вязьняў. Раней турма была своеасаблівай абаронай ад ціску з волі, цяпер наадварот — там ціснуць на вязьняў, калі СМІ або родныя спрабуюць на волі падняць шум. Прыклад — Людміла Кучура, якая шмат гадоў змагаецца за мужа, які сядзіць, а яму за гэта ствараюць невыносныя ўмовы за кратамі.

«Я трапляў у месцы зьняволеньня нядаўна, мне дазволілі наведаць „Віцьбу“. Я рабіў матэрыял, якую прадукцыю вырабляюць у турмах, пабываў у Навасадах, Глыбокім, таму маю ўяўленьне пра тое, што адбываецца ў турмах», — кажа Васіль Сямашка.

Алесь Бяляцкі

Старшыня праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі распавёў пра перанаселенасьць турмаў. Праз гэта людзі становяцца больш агрэсіўнымі, таму зьяўляюцца касты.

«Туды трапляюць людзі розныя, ня толькі пэдафілы, але і эмацыйна слабыя. Увогуле, турмы трэба разгружаць, рабіць невялікія турмы. Калі я сядзеў у Бабруйскай калёніі, расфармоўвалі Наваполацкую калёнію, перасялялі да нас. Спачатку нас было 4 чалавекі ў камэры, больш-менш нармальнае суіснаваньне, а потым стала 8. Ствараюцца нялюдзкія адносіны паміж людзьмі. Так што адна важная праблема — перанаселенасьць».

Алесь Бяляцкі прызнаўся, што не заўсёды размаўляў у турме па-беларуску, бо іншыя сядзельцы, асабліва гарадзкая моладзь, часьцяком не разумеюць беларускай мовы. Нярэдка даводзілася пераходзіць на «трасянку». Ён распавёў пра розныя правакацыі ў Жодзінскай турме, пра тое, як зьняволеныя рапартавалі па-беларуску, а адзін прапаршчык казаў, што не разумее іх. А вось са зьняволенымі ў моўных пытаньнях праблем не было. Былі і забаўныя моманты: цыган гаварыў на добрай беларускай мове, а беларусы яе ня ведалі.

Савецкае лягернае жыцьцё выпрацавала за дзясяткі гадоў сваю асаблівую субкультуру, якая ўсё яшчэ застаецца ўнівэрсальнай для зьняволеных з краін былога СССР. Тут і свая крыптамова — феня, і асаблівая культура чаяваньня, і арыштанцкія байкі пра вынаходлівых крымінальнікаў і дурных «мянтоў».

Мовазнаўца Вінцук Вячорка спадзяецца, што кніжка трапіць і пад турэмныя стрэхі. А беларускамоўную праграму слухалі ў турме, заўважыў ён. Цікава было чытаць назіраньні судовых перакладнікаў, якія павінны былі ведаць і «феню», турэмнае арго. Яны кажуць, што цяперашняя жахлівая мешаніна трасянкі і мату жыве па абодва бакі кратаў. А турэмнае арго ў свой час фармавалася ў Расейскай імпэрыі зь беларускай і ўкраінскай лексыкі: «зашквар», «малява», «хата». Зьняволеныя жыхары новадалучаных да імпэрыі земляў імкнуліся, каб іх не разумеў наглядчык. Яны такім чынам баранілі сябе ад чужой няволі. Цяперашняя ж лягерна-турэмная машына адчужае людзей ад самых сябе, нішчыць іх асабоваць і ідэнтычнасьць, падсумаваў В. Вячорка.

Беларускае слова «хата» ў турэмнай мове абазначае камэру. «Каму турма, каму — родная хата», кажа арыштанцкі фальклёр. «Хата» ў беларускіх турмах — гэта курылка, кухня і сталоўка, спальня, пакой для адпачынку і прыбіральня. І пасьля вызваленьня вязьні яшчэ доўга адчуваюць турэмныя пахі, якія цяжка і павольна выветрываюцца з рэчаў ды ніколі не зьнікаюць з успамінаў.

Алег Краўчанка

Пра норавы і пахі турмаў згадаў былы вязень і герой кнігі Алег Краўчанка, які адбыў 366 дзён на «Валадарцы» ў сутарэньні, так званым «Шанхаі».

«У камэры 24 чалавекі, вокнаў не было, я год ня бачыў сонца. Толькі на прагулках. Мы жылі як у цяплушках. Прусакі, мышы былі паўсюль. Пах „бігуса“ — гэта асобная песьня. З рэчаў, прадметаў гігіены нічога нам не выдавалі, калі б не падтрымка з волі. Мне дапамагло, што я быў крыху старэйшы за астатніх, што я рос бяз бацькі, адслужыў у войску. Пачынаў там пісаць кнігу „Грані“. Трапляеш як у паралельны, нерэальны сьвет.

Але былі на „Валадарцы“ і ВІП-камэры (20-я). Сядзяць там па-рознаму. Пасьля канфлікту мяне перавялі ў камэру 21. Там мы сядзелі ўтраіх, адзін — былы высокапастаўлены чыноўнік Глеб Бядрыцкі. Але сядзеў у нармальных умовах нядоўга — праз пару тыдняў зноў вярнулі ў „Шанхай“», — распавёў Алег Краўчанка.

Паводле зьвестак за 2016 год, у Беларусі ў турмах было 14 прадпрыемстваў, 3 філіялы і 10 пазабюджэтных вытворчых майстэрняў — дрэваапрацоўка і мэталаапрацоўка, швейная і абутковая вытворчасьць. Сярэдні заробак асуджанага, які працуе ў папраўчай установе, складае 510 рублёў. З улікам усякіх выплатаў вязень на рукі атрымлівае 51 рубель.

Алег Міхей

Алег Міхей, валянтэр праваабарончай арганізацыі «ТаймАкт», распавёў, што ў бабруйскай калёніі, дзе ён адбываў пакараньне, у 2008 годзе атрымаў за месяц на новыя грошы 91 капейку. Заробак у сярэднім — ад 10 да 30 рублёў, калі чалавек працуе. У Бабруйскай зоне імітавалі ўсеагульную занятасьць, хоць працоўных месцаў было вельмі мала.

Задача ягонай праваабарончай арганізацыі — прабіць сьцяну закрытасьці беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы, кажа Алег Міхей.

Афіцыйна палітычных вязьняў у Беларусі не існуе, так кажуць беларускія ўлады. З 2011 па 2017 год, калі выходзіла перадача «Свабода ў турмах», паводле зьвестак праваабарончага цэнтру «Вясна», з палітычных матываў былі асуджаныя 40 чалавек. Пасьля 2015 году большасьць палітвязьняў былі вызваленыя. Але і цяпер застаюцца за кратамі людзі, якіх праваабаронцы прызнаюць палітычнымі вязьнямі. Да прыкладу, Міхаіл Жамчужны.

На прэзэнтацыі паказалі відэа, у якім Жамчужны паміж дзьвюма адседкамі распавёў пра свае навуковыя распрацоўкі, якія прыносілі прыбытак і тады, калі ён за іх сядзеў.

У 2011 годзе ў Менску быў разбураны галоўны турэмны шпіталь Беларусі, «бальнічка», якая разьмяшчалася на тэрыторыі колішняй менскай калёніі № 1 на Кальварыйскай. У яе аддзяленьнях маглі атрымліваць лячэньне да 350 хворых. Цяпер такога шпіталя няма.

Гледачы ў залі

Васіль Завадзкі, былы начальнік мэдычнай управы Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС і пры гэтым сам былы вязень, сказаў, што цяпер у турмах памірае значна больш людзей, хоць зьняволеных стала менш. Што да новага турэмнага шпіталя, тэрміны здачы яго адсоўваюцца, нягледзячы на тое, што ёсьць указ Лукашэнкі. Для ўлады праблемы здароўя зьняволеных не існуе наагул, кажа Васіль Завадзкі.

На прэзэнтацыі паказалі відэа з камэр назіраньня Жодзінскай турмы, дзе памёр зьняволены Алег Багданаў, якому несвоечасова аказалі мэдычную дапамогу.Пасьля масавых арыштаў за Плошчу адбыўся ўсплёск цікавасьці да турэмнай літаратуры. Аўтарамі кніг пра сучасную беларускую турму сталі палітвязьні. Адзін зь іх — Ігар Аліневіч, першы ляўрэат прэміі імя Францішка Аляхновіча, напісаў за кратамі аповед пра сваё ўтрыманьне ў СІЗА «Амэрыканка» пад назвай «Еду ў Магадан».

Валянціна Аліневіч

Ігарава маці Валянціна Аліневіч распавяла, што Ігар працягвае пісаць. Працуе за мяжой па сваёй спэцыяльнасьці — інжынэрам-электроншчыкам, бо тут працаваць яму ўлады не дадуць.

«Героі кнігі — абсалютна розныя людзі паводле адукацыі, прафэсіі, узросту, але іх аб’ядноўвае турма. Турма — гэта лякмусавая папера ўсяго беларускага грамадзтва. Ілюзій у мяне няма. Таму я хачу падтрымаць усіх зьняволеных, іх мацярок, якія падтрымліваюць сваіх дзяцей, чакаюць іх. Асабліва я спачуваю тым маці, якія абвясьцілі галадоўку за сваіх дзяцей», — кажа Валянціна Аліневіч.

Людміла Кучура 14 год змагаецца за мужа-вязьня, якога асудзілі за забойства супрацоўніка інспэкцыі па ахове жывёльнага і расьліннага сьвету. Яна распавяла, як яе мужа катавалі хлёркай. Але публічнасьць, галоснасьць маюць вялікае значэньне. Яна зьвярталася і на Радыё Свабода, і да праваабаронцаў. Нельга маўчаць, трэба змагацца за сваіх родных, гэта ім дапаможа, перакананая Людміла Кучура.

Зьміцер Дрозд

Былы палітвязень, гісторык-архівіст Зьміцер Дрозд, які вывучае гісторыю вельмі мала дасьледаванага менскага Пішчалаўскага замка («Валадаркі»), неўзабаве выдасьць кнігу пра гэтую турму.

«Я вывучыў менскі турэмны замак знутры, і за гэта ўдзячны лёсу. Хутка ён адзначыць 200-годзьдзе. Ужо амаль дабудаваны новы ізалятар, што будзе з турэмным замкам — невядома. Дагэтуль у Вікіпэдыі пішуць, што „Валадарка“ — самая надзейная турма сьвету, зь яе немагчыма зьбегчы. Але гэта ня так. Я ведаю каля 30 уцёкаў з „Валадаркі“, абсалютна розных і ўнікальных», — сказаў Зьміцер і ўзгадаў культавы амэрыканскі фільм «Уцёкі з Шаўшэнку». Падобны прыклад быў некалі і на «Валадарцы», калі 7 чалавек прадзяўблі дзірку ў цаглянай таўшчэзнай сьцяне, сьляды захаваліся і дагэтуль.

«Турма, мужчына і жанчына» — гэта дакумэнтальныя споведзі палітвязьняў і людзей з крымінальным досьведам, у якім ёсьць месца гору і радасьці, подласьці і высакародзтву, каханьню і нянавісьці, хваробам і сьмерці, палітычным і побытавым канфліктам, творчасьці і гумару. Атрымалася сапраўдная турэмная энцыкляпэдыя Беларусі, адзначылі прысутныя на прэзэнтацыі.

Турма ня мае канца. Прадмова Аляксандра Лукашука да кнігі «Турма, мужчына і жанчына»

«У Беларусі кожны можа трапіць за краты», — юрыст Агееў аб новай кнізе Свабоды пра турмы

«Турэмная энцыкляпэдыя», — гісторык і палітвязень Зьміцер Дрозд пра новую кнігу Свабоды

Перадача «Свабода ў турмах» на сайце Свабоды

Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе