Што такое біягакінг і што зь ім рабіць

Нам даводзіцца часта адказваць на пытаньні журналістаў, у тым ліку беларускіх, што такое біягакінг.

Гэта — дыягностыка

Па сутнасьці, біягакінг зьяўляецца часткай антыўзроставай мэдыцыны ці прэвэнтыўнай герыятрыі. Біягакінг накіраваны на індывідуальную, вельмі падрабязную дыягностыку зьменаў у арганізьме, зьвязаных са старэньнем і выкліканых ім хваробамі.

Звычайна меры такой дыягностыкі прымяняюцца ў прыватных клініках эстэтычнай мэдыцыны, дзе побач з біягакінгам выкарыстоўваюцца мэтады касмэталёгіі і плястычнай хірургіі.

Тыповы біягакінг уключае ў сябе вызначэньне ўзроўню гармонаў: шчытападобнай залозы, надныркавых і палавых; вельмі падрабязнае вывучэньне стану унутраных органаў, стану электралітнага абмену, забруджваньня арганізму солямі цяжкіх мэталаў; выяўленьне ўзроўню розных амінакіслот і шмат што іншае.

Мэты біягакінгу

Такое падрабязнае абсьледаваньне дапамагае выявіць вельмі невялікія зьмены ў функцыянаваньні арганізму і нават пры вельмі першапачатковых, ня бачных пры звычайным абсьледаваньні зрухах.

Біягакінг дазваляе прызначаць прафіляктычныя меры, якія дапамогуць пазьбегнуць разьвіцьця хранічных, асацыяваных з узростам хвароб у разгорнутай стадыі. А гэта можа палепшыць агульнае адчуваньне пацыента на самых першых, так званых даклінічных стадыях захворваньняў.

Кошты

Безумоўна, біягакінг — справа, якая патрабуе шмат высілкаў, часу, добрай дыягнастычнай апаратуры. Але самае галоўнае абмежаваньне біягакінгу ў тым, што ён вельмі дарагі. Сярэдні чэк-ліст пры яго правядзеньні на этапе першаснага абсьледаваньня складае ня менш за 2500 — 3000 даляраў.

Зразумела, што сярэднестатыстычнаму чалавеку, і ня толькі беларускаму, такія сродкі не па кішэні. Канечне, існуюць больш і менш складаныя мэтады абсьледаваньня.

Альтэрнатыва

Аўтары гэтага тэксту распрацавалі спэцыяльную аблегчаную праграму пад назвай «Біягакінг памяці», якая выкарыстоўваецца ў шэрагу клінік эстэтычнай мэдыцыны за межамі Беларусі.

Выбар менавіта такога кірунку зьвязаны з тым, што ў сувязі з старэньнем насельніцтва ў сем’ях, побыце, штодзённым жыцьці мы сталі назіраць людзей з рознымі формамі дэмэнцыі. У грамадзтве расьце ўсьведамленьне небясьпекі гэтага стану і мае месца своеасаблівая сацыяльная замова на яго прадухіленьне.

Можна абысьціся і безь яго

Але поўны біягакінг — гэта «забава» для заможных, таму ўзьнікае пытаньне, што ж рабіць безь яго.

Згодна з сучаснымі навуковымі дадзенымі, біягакінг — неабавязковы элемэнт захаваньня здароўя і своечасовага выяўленьня хваробаў. Для гэтага дастаткова проста наведвацца да лекара з мэтай дыспансэрызацыі, кожны год рабіць неабходныя і досыць простыя аналізы і дасьледаваньні, якія дапамогуць выявіць паталягічны стан.

Парада

Можна пражыць і без біягакінгу, але штогадовае абсьледаваньне павінна стаць неад’емнай часткай жыцьця — такой жа як сустрэча Новага году.

Задайце сабе пытаньне — калі вы апошні раз зьвярталіся ў дзяржаўную ці прыватную ўстанову аховы здароўя для прафіляктычнага абсьледаваньня? Калі прайшло болей за год, пасьпяшайцеся туды неадкладна!