Чалец Савету Рэспублікі, старшыня РГА «Белая Русь» Генадзь Давыдзька на просьбу Свабоды пракамэнтаваў канфлікт вакол рэстарацыі «Поедем поедим», якая адкрылася за 50 мэтраў ад месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.
«Вядома, на могілках нельга будаваць такія ўстановы, дзе будуць піць, гуляць і весяліцца. Гэта на могілках. Але побач з могілкамі жыцьцё працягваецца», — сказаў Генадзь Давыдзька.
Ён кажа, што «калі рэстарацыя месьціцца на адлегласьці нават 50 мэтраў ад могілак, то няхай і будзе».
«А калі на могілках, трэба зруйнаваць, зьнішчыць. На могілках нельга весяліцца. Тады вызначайце, 55 мэтраў — гэта ўжо не на могілках, а 50 — на могілках? Колькі патрэбна?»
Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран
Паводле Давыдзькі, «больш няма палітычных падзеяў, трэба нешта рабіць, і разьдзьмуваецца гэта сытуацыя».
«Калі на могілках – нельга, калі побач – жыцьцё працягваецца»
«Калі не на могілках, то няхай працуюць на карысьць людзям. Гэта ж ня ў цэнтры Курапатаў. Паглядзіце колькі старых могілак у нас у Менску, і каля іх на адлегласьці гатэлі стаяць з рэстарацыямі, і нічога. Я лічу, што тут няма наўмыснай зьнявагі. Таксама на Курапатах, мабыць, на віцебскіх ці на гэтых, мае родзічы ляжаць таксама. І я стаўлюся да гэтага вельмі сур’ёзна. Але рабіць з гэтага нейкі фэйк ня буду», — сказаў старшыня «Белай Русі».
Вядомыя людзі пра рэстаран у Курапатах
Ці пойдзе Генадзь Давыдзька ў рэстарацыю «Поедем поедим»?
«Ня так часта люблю хадзіць па рэстарацыях. Але чаму б і не, калі гэта не на могілках? Нават памянуць там можна людзей».
Давыдзька таксама сказаў, што быў у Курапатах зь сябрамі «Белай Русі».
«Мы там працавалі, стараліся навесьці парадак. А там працаваць і працаваць. Там так усё забруджана. Там ёсьць што рабіць».
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што іх зазналі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладная колькасьць невядомая — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.