«На месца аднаго дэмана, як вядома з Эвангельля, могуць прыйсьці сем мацнейшых», — кажа горадзенскі праваслаўны сьвятар Георгі Рой пра зьяўленьне рэстарацыі на месцы масавых расстрэлаў у Курапатах.
«Мяне цяжка ўражвае нахабнае імкненьне зьневажаць месца сьмерці расстраляных у Курапатах. Чаму ж іх так цягне пусьціцца ў сьвістапляску каля таго месца, дзе людзі ўдыхалі апошнія свае глыткі зямнога паветра, дзе бачылі свае апошнія карціны зямной прыроды?! Чаму ж вам так хочацца патаптацца па іхных пакутніцкіх магілах, зганьбіць і зьняславіць іх імёны?! Вашы папярэднікі па духу і справе забілі іх. Дык ці ж гэтага мала вам?! Ужо хоць пасьля сьмерці адчапіцеся ад тых жалобных пахаваньняў, у якія падалі з куляю ў галаве тыя, хто „няправільна“ думаў ці дзеяў!» — кажа айцец Георгі Рой на просьбу пракамэнтаваць сытуацыю з пратэстамі вакол адкрыцьця рэстарана «Поедем поедим».
«Таннымі забаўкамі хочуць сьцерці невыносную для іх памяць пра ўчыненае злачынства. Прымітыўная, але дзейсная ідэалёгія: што аглядвацца на тыя магілы? Жыцьцё ідзе далей, налівай ды пі!..»
Георгі Рой удзячны тым, хто разам з Паўлам Севярынцам выйшаў на абарону Курапатаў.
«Калі забудземся, зьняважым гэтыя магілы — будуць новыя. На месца аднаго дэмана, як вядома з Эвангельля, могуць прыйсьці сем мацнейшых», — нагадвае сьвятар.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.