«Ня трэба рабіць зь мяне вылюдка», — бізнэсовец з топ-100 кажа, што не зьвязаны з рэстаранам у Курапатах

Аркадзь Ізраілевіч

Аркадзь Ізраілевіч, прадпрымальнік зь першай сотні самых пасьпяховых і ўплывовых бізнсэсоўцаў Беларусі, лічыць, што канфліктную сытуацыю стварылі чыноўнікі, якія давалі дазвол на будаўніцтва.

«У акце на зямлю не было ніякіх абмежаваньняў»

13 чэрвеня газэта «Новы час» апублікавала расьсьледаваньне пра ўладальнікаў і інвэстараў рэстарану «Поедем поедим». Сярод іншых аўтары называюць імя Аркадзя Ізраілевіча і спрабуюць давесьці сувязь паміж забудоўнікам рэстарану, кампаніяй «БелРестИнвест», і групай кампаніяў «ІВ», якая належыць бізнэсоўцу.

«Мая кампанія ня мае да гэтага ніякага дачыненьня. Ды палова з гэтага сьпісу ня мае. Сяргей Левін (уладальнік фабрыкі „Сонца“. — РС) таксама, — кажа Аркадзь Ізраілевіч у камэнтары для Радыё Свабода. — Тыя, хто гэта пабудаваў, — мае сябры, але юрыдычна мы не зьвязаныя. І я маўчаў, пакуль зь мяне не зрабілі верхавода габрэйскай мафіі. Мяне гэта абурыла!»

Паводле Аркадзя Ізраілевіча, ягоныя сябры-рэстаратары набылі ў індывідуальнага прадпрымальніка ўчастак, прызначаны для будаўніцтва аб’екту прыдарожнага сэрвісу. На той момант там ужо ішлі будаўнічыя работы.

«Мае сябры купілі недабудаваны аб’ект. І тады гэтая будоўля нікога абсалютна не хвалявала. Я доўга жыў у Дроздаве, праяжджаў побач, бачыў, як там ішло будаўніцтва. Ніводнага пікету не было, усё было спакойна. Гэта яшчэ да 2010 году», — тлумачыць ён.

Калі ў 2012-м у праекце пачаліся праблемы, сябры зьвярнуліся да яго па параду, кажа Ізраілевіч.

«Я першае, што сказаў: „Пакажыце мне акт на зямлю“. У ім не было аніводнага абмежаваньня! Я вочы вылупіў».

Ён тлумачыць, што інфармацыя пра наяўнасьць на ўчастку гісторыка-культурнай каштоўнасьці і абмежаваньні, якія накладаюць на ўладальніка зоны яго аховы, мусіць знаходзіцца ў гэтым дакумэнце.

«У мяне самога быў выпадак, калі я купляў гістарычны помнік. У акце на зямлю мусяць дакладна стаяць усе абмежаваньні, пазначаная ахоўная зона, усё, што ты можаш і ня можаш рабіць. Тады хочаш купляй, хочаш не купляй. Усё адкрыта, — кажа бізнэсовец. — Я на свае вочы бачыў іхны акт на зямлю — ён быў чысты, без усялякіх абмежаваньняў, будуй што хочаш!»

Аркадзь Ізраілевіч даводзіць, што нават калі акт быў выдадзены з памылкамі, то межы зонаў аховы мусілі быць пазначаныя пры зацьвярджэньні праекту. Але і гэтага не было.

Як каля месца масавых расстрэлаў зьявіўся рэстаран

«Я аднойчы будаваў жылы дом, і адкрыліся могілкі часоў вайны. Мне давялося атрымліваць новыя ўзгадненьні, бо гэта дакладна адсочвае экспэртыза. Яны (уладальнікі рэстарану. — РС) экспэртызу прайшлі, бо інакш ім ня выдалі б дазволу на будаўніцтва.

— Вы думаеце, што Міністэрства культуры давала ім дазволы на ўсіх стадыях?

— Я ня думаю, я ўпэўнены. Без узгадненьня зь Міністэрствам культуры гэта немагчыма!

Будоўлю на праекце, кажа Аркадзь Ізраілевіч, спынілі ў 2013-м. Пакуль адказныя ўстановы ўзгаднялі ўсе патрэбныя дакумэнты, прайшло яшчэ 5 гадоў.

«Улады сваю памылку прызнаваць не хацелі, таму зачапіліся за тое, што трэба рабіць ПДП (плян дэталёвага плянаваньня. — РС). Для кожнага ПДП трэба рабіць грамадзкае абмеркаваньне. Я ведаю, што яно было, калі ПДП зацьвердзілі. Вынікаў грамадзкага абмеркаваньня ніхто не абскарджваў, — тлумачыць Ізраілевіч. — Як толькі атрымалі ўсе дакумэнты, так і здалі».

«Дзяржава трохі падставіла людзей»

Сам бізнэсовец — карэнны мянчук. На пытаньне, ці ведаюць пра Курапаты ягоныя сябры-рэстаратары, адказвае так:

«Я думаю, што ведалі. Давайце возьмем іншы прыклад — Яма (мэмарыял на месцы масавага зьнішчэньня вязьняў Менскага гета. — РС). Чаму там ніхто не патрабуе пазакрываць рэстараны? Чаму нікому ня прыйдзе ў галаву закрыць казіно ў гатэлі „Юбілейны“? Ва ўсім сьвеце так ёсьць. Наколькі мне вядома, калі гэтае пытаньне ўзьнікла, Зайдэс (Леанід Зайдэс — адзін з уладальнікаў рэстарану. — РС) прапаноўваў адзін дамок аддаць пад мэмарыяльныя справы. Але яны (абаронцы Курапатаў. — РС) там зладзілі спрэчку, бо ня ведалі, хто гэта будзе абслугоўваць», — кажа Аркадзь Ізраілевіч.

Да пратэстоўцаў, якія штодня пікетуюць рэстаран, ён ставіцца нэгатыўна. Мяркуе, што пратэсты носяць «замоўлены» характар, а сярод пікетоўцаў — «дэклясаваныя элемэнты».

«Я глядзеў два відэасюжэты. Першы — як жанчына кусалася. Ёй сказалі „зрабіць скандал“, яна дакладна задачу выканала. І другі сюжэт, калі на кагосьці нібыта наехалі. Дык гэты ў шаломе — яму задаюць пытаньне, ён паўтарае тры завучаныя фразы. Прычым відаць, што крок у бок — і ён табліцу множаньня ня ўспомніць!» — інтэрпрэтуе Аркадзь Ізраілевіч пабачанае на відэа.

Яго зьдзіўляе, чаму ніхто не пратэставаў супраць адкрыцьця і працы ў гэтым месцы аўтазаправачнай станцыі. Ва ўсёй гэтай сытуацыі Аркадзь Ізраілевіч бачыць «падвойныя стандарты» і жаданьне пэўных палітыкаў і блогераў прыцягнуць да сябе ўвагу.

Але сярод знаёмых і сяброў самога бізнэсоўца ёсьць і тыя, хто ідэю рэстарану каля Курапатаў не падтрымлівае.

«І я іх паважаю, і пазыцыю іхную паважаю. Але яны туды не ідуць (пікетаваць. — РС). У мяне ёсьць знаёмая, якая ўсё жыцьцё пражыла на вуліцы Мірашнічэнкі (побач з Курапатамі. — РС). Калі яна была ў школе, усё гэта раскопвалася, — распавядае Аркадзь Ізраілевіч. — Але тое, што адбываецца цяпер каля рэстарану, — гэта кляўнада».

Бізнэсовец лічыць, што ў цяперашнім канфлікце вакол рэстарану вінаватыя тыя, хто даваў дазвол на будаўніцтва. «Дзяржава трохі падставіла людзей», — кажа ён.

Хто адказны за рэстаран у Курапатах. Сьпіс асобаў

Да прапановаў перанесьці рэстаран у іншае месца бізнэсмэн ставіцца з сарказмам і кажа, што яна нерэалістычная.

«Уявіце, што вам і жыхарам вашага дома захацелася пераехаць у іншы раён. І вы бераце дом і пераносіце. Там няма падключэньня ані вады, ані газу, ані электрычнасьці, ані каналізацыі. А асфальт? А падмуркі?»

Таксама не падабаецца бізнэсмэну агучаная пратэстоўцамі ідэя зрабіць у будынку рэстарану музэй.

«Вам жа прапаноўвалі дамкі пад музэй, і ў вас не хапіла арганізаванасьці іх ўзяць на сябе, а вы хочаце такую будыніну?! — кажа ён. — Гэта „швондзеры“, я па-іншаму не скажу. Гэта людзі, якія нічога не ствараюць, але гатовае хочуць забраць і пераразьмеркаваць».

«Давайце вучыцца на памылках і паважаць інвэстара»

Аркадзь Ізраілевіч таксама бачыць у публікацыях і камэнтарах у сацыяльных сетках праявы антысэмітызму, на якія адрэагаваў востра. 15 чэрвеня онлайн-выданьне «Ежедневник» разьмясьціла блог Аркадзя Ізраілевіча пад назвай «Навошта дэпутат Алена Анісім раскручвае ў Беларусі „габрэйскую змову“?»

Габрэйскія грошы і Курапаты

Заснавальнікам выданьня «Новы час», у якім Ізраілевіча назвалі датычным да «Поедем поедим», ёсьць Таварыства беларускай мовы. Таму бізнэсмэн зрабіў старшыню арганізацыі дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Алену Анісім аб’ектам сваёй публікацыі.

Прычыны, якія прымусілі яго ўзняць тэму антысэмітызму пры абмеркаваньні сытуацыі вакол рэстарану, Аркадзь Ізраілевіч тлумачыць так:

«Як толькі я на фэйсбуку пачынаў камэнтаваць сваю пазыцыю, на мяне тут жа сыпалася: „А вось калі б у Асьвенціме быў «Жыд-хол»?“. У кожнага быў невысокі парожак, каб перайсьці да „морда жыдоўская, куды ты лезеш“, — апісвае свае адчуваньні бізнэсмэн. — У мяне абвостранае адчуваньне антысэмітызму, я ўсё гэта зь дзяцінства перажываў. Цяпер антысэмітызму менш, але ўсё адно ёсьць. І калі на гэтым сайце сабралі ўсіх знаёмых паміж сабой габрэяў і аб’ядналі іх пад агульную антынародную тэму, мне гэта было вельмі непрыемна».

Многія вядомыя людзі выказвалі сваю думку, што побач з Курапатамі ня можа быць забаўляльнага аб’екта. На такую пазыцыю Аркадзь Ізраілевіч рэагуе наступным чынам:

«А як вы ставіцеся, што вось тут ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў, а праз 50 км — „лінія Сталіна“? Ці праз 10 км — помнік Леніну, які ўсё гэта арганізаваў? А што б вы тады сказалі, калі б у Ерусаліме побач зь „Яд ва-Шэм“ стаяў дом-музэй Гітлера?!»

Бізнэсовец заклікае шукаць кампраміс з уладальнікамі рэстарану і мяркуе, што радыкальнае разьвіцьцё падзеяў адпалохвае ад Беларусі замежных інвэстараў.

«Ва ўсім сьвеце ёсьць сьвятыні. Але чаму тады дзяржава ня возьме і не адгародзіць гэта? Чаму ня зробленыя ахоўныя зоны? — задае ён пытаньні. — Вы там бачылі шыльды, што тут ахоўныя зоны і што там нельга? У горадабудаўнічых дакумэнтах не было ахоўнай зоны! Дык давайце на гэтых памылках вучыцца і паважаць інвэстара. Вось амэрыканцам адбілі ахвоту ўкладаць. А там зарыта мільёнаў 5-7, на вока магу сказаць. І гэта тое самае разьвіцьцё прыдарожнага сэрвісу, пра якое ўсе так гавораць!»

Аркадзь Ізраілевіч мяркуе, што было б правільна вярнуцца да прапановы гаспадароў аб перадачы аднаго з будынкаў для мэмарыяльных мэтаў. Але, кажа бізнэсмэн, ён ня ведае, ці гэтая прапанова яшчэ дзейнічае.

«Правільна было б зрабіць на тэрыторыі ўстановы невялікі мэмарыял. Людзі будуць хадзіць, і яны будуць бачыць, — кажа бізнэсмэн Аркадзь Ізраілевіч. — Ведаеце, у мяне ёсьць любімая прымаўка: „Габрэяў заўжды цікавіць адно пытаньне: не чаму забіраюць, а каму аддадуць“. Ня трэба рабіць зь мяне вылюдка, я нармальна стаўлюся да гэтых пахаваньняў. Ведаю, што габрэі там ляжаць. Але ёсьць жывыя, а ёсьць мёртвыя. Давайце думаць пра жывых».

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты

Чытайце таксама:

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць: дэпутат, рокер, лекар-дыетоляг

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць прадстаўнікі каталіцкай і праваслаўнай цэркваў

«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Ганна Бонд, Уладзімір Войнавіч і Юлія Чарняўская

«Пытаньне ня ў тым, што побач, а ў тым, як гэта спалучаецца», — рабін Абрамовіч пра рэстарацыю ля Курапатаў

Касманаўт Кавалёнак пра Курапаты: Нельга, каб побач са сьвятым месцам былі гулянкі з голымі азадкамі

Дэпутат Марзалюк: «Рэстаран не на касьцях. Але есьці там ніколі ня буду»

Лявон Вольскі: «Установа грамадзкага харчаваньня ля Курапатаў — гэта зусім цынічна»

Мікалай Чаргінец пра рэстаран каля Курапатаў: «Праяжджаючы міма, адварочваў бы галаву»

Лія Ахеджакава пра Курапаты: Там, дзе расстрэльвалі, ставіць рэстаран — ганебна!

Алексіевіч пра Курапаты: «Гэтыя „шуневічы“ пачуваюцца абсалютна беспакарана»

ІТ-прадпрымальнік Юры Гурскі: «Я ў сумнеўных месцах ня ем»

Дэпутатка Анісім: «Нават калі б падала з голаду, туды не пайшла б»

Лыжнік Далідовіч пра рэстаран каля Курапатаў: «Я туды дакладна не паеду бавіць час»

Ярмошына пра Курапаты: «Тэма палітычна разьдзьмутая, але свой юбілей тут не адзначала б»

Музыка Андрэй Макарэвіч пра Курапаты: Ставіць у такім месцы рэстаран — непрыстойна

Генадзь Хазанаў пра Курапаты: Я б у такі рэстаран не пайшоў ні пры якіх абставінах!

Другі сакратар БРСМ: «Рэстарацыя каля Курапатаў — гэта непрымальна»

Томас Вянцлава: Курапаты важныя для ўсёй Эўропы. Рэстаран там — агіднасьць і скандал