Падазраваны ў замаху на Бабчанку: «Журналіста не было ў расстрэльным сьпісе»

Барыс Герман

Прадпрымальнік Барыс Герман, падазраваны Службай бясьпекі Ўкраіны ў арганізацыі замаху на журналіста Аркадзя Бабчанку, перад пасяджэньнем Апэляцыйнага суда Кіева ў панядзелак распавёў сваю вэрсію падзей.

Паводле яго слоў, расейскі бок прадставіў яму ў мэсэнджэры «Сыгнал» фотакопію так званага расстрэльнага сьпісу на двух лістах. У сьпісе, як сьцьвярджае Герман, было 47 чалавек, забойства якіх ён павінен быў арганізаваць. Сярод іх адсутнічаў Бабчанка, але быў сын кіраўніка МУС Украіны Арсэна Авакава.

Герман сьцьвярджае, што выходзіў на сувязь з заказчыкамі з Расеі па заданьні ўкраінскай контрвыведкі. Непасрэдна ён супрацоўнічаў зь нейкім прадстаўніком контрвыведкі на імя Дзьмітры і з пазыўным «Дзітрых».

Герман удакладніў, што яго супрацоўніцтва з контрвыведкай дакумэнтальна не аформлена — па яго словах, ён быў пазаштатным агентам з пазыўным «Герб».

Служба зьнешняй разьведкі Ўкраіны адмаўляе сувязі з Барысам Германам.

Хто канкрэтна быў заказчыкам злачынства з Расеі, Герман не сказаў. Раней ён назваў імя прадпрымальніка Вячаслава Піваварніка, сьцьвярджаючы, што той працуе ў нейкім «фондзе Пуціна».

Увечары 29 траўня ўкраінская паліцыя паведаміла, што ў Кіеве забілі расейскага апазыцыйнага журналіста Аркадзя Бабчанку. 30 траўня старшыня СБУ Васіль Грыцак заявіў, што журналіст жывы, а забойства было інсцэнізавана з мэтай злавіць арганізатараў злачынства, адным зь якіх СБУ лічыць грамадзяніна Ўкраіны Барыса Германа. 31 траўня Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева арыштаваў Германа на 60 сутак.