«Гэта культурна-гістарычная спадчына Беларусі». Трэнэр горадзенскага футбольнага клюбу надзеў майку з Пагоняй

Ігар Кавалевіч

Ігар Кавалевіч, галоўны трэнэр горадзенскага футбольнага клюбу «Нёман», выйшаў на матч з «БАТЭ» 17 чэрвеня ў майцы з гербам «Пагоня». Заўваг ад кіраўніцтва ён не атрымаў.

«Нёман» гуляў з чэмпіёнамі краіны на хатнім полі. Заўзятары заўважылі на рукаве жоўтай майкі-пола Ігара Кавалевіча нашыўку з нацыянальным гербам. На чырвоным фоне відаць белую выяву вершніка і надпіс «Belarus».

Ігар Кавалевіч расказаў Свабодзе, што майку яму падарылі каля месяца таму аматары футболу зь Віцебску. Ён гуляе за віцебскую аматарскую футбольную каманду «Зграя».

«Я сем гадоў адпрацаваў у Наваполацку (ФК „Нафтан“. — РС). Там у мяне засталіся сябры. Часам гуляю разам зь імі, наступны матч — 2 ліпеня», — кажа трэнэр «Нёмана».

На афіцыйную гульню Ігар Кавалевіч надзеў падораную цішотку ўпершыню.

Для яго герб «Пагоня» — гісторыка-культурная каштоўнасьць Беларусі.

«Я беларус. Гэта культурна-гістарычная спадчына Беларусі. Вы ня блытайце маю майку з палітыкай. Гэта прыгожая жоўтая майка, якую падарылі сябры, прыгожы сымбаль», — тлумачыць Кавалевіч.

Фанаты футбольнага клюбу «Нёман», архіўнае фота

Заўзятары пачалі перажываць, што трэнэру «за самадзейнасьць» могуць зрабіць заўвагу. Аднак ён сам адзначыў, што прэтэнзій з боку кіраўніцтва да яго не было. Дый ён не разумее, за што.

«Чаму мне павінны рабіць заўвагі, калі Пагоня афіцыйна дазволеная Саветам Міністраў з 2007 году? Няўжо яна нясе агрэсію? Гэта проста гістарычны знак», — зьдзіўляецца Кавалевіч.

Гульня скончылася з лікам 2:3 на карысьць «БАТЭ». Барысаўская каманда забіла вырашальны гол на апошняй хвіліне асноўнага часу.

Наконт гульні ў трэнэра «Нёмана» зьмяшаныя пачуцьці: добрыя ад барацьбы, прыкрыя — ад прайгранай канцоўкі.

«Думаю, пасьля гэтага матчу мы будзем толькі мацнейшымі. Памылкі ва ўсіх бываюць. Мы выцягнулі шмат матчаў на апошніх хвілінах. Праз усё трэба прайсьці, у тым праз такую паразу», — мяркуе трэнэр.

«Нёман» пасьля 12 праведзеных матчаў займае 6-е месца ў табліцы (21 ачко), БАТЭ — першае (31 ачко).

ФК «Нёман» вядомы сваёй арыентацыяй на беларускасьць. Сёлета ўвесну падчас гульні зь «Віцебскам» фанаты разгарнулі ў перапынку вялізную Трэцюю Ўстаўную грамату БНР.


Ігар Кавалевіч узначальвае «Нёман» з 2016 году. Яму 50 гадоў, паходзіць з Берасьцейскай вобласьці. З 1988 году ў якасьці гульца выступаў за беларускія, расейскія і адну азэрбайджанскую каманду. За «Нёман» гуляў у 2001–2003 гадах. З 2005 году пачаў трэнэрскую кар’еру.