Актывіст кампаніі «Альтэрнатыва» Мікіта Найдзен, на якога завялі крымінальную справу, знаходзіцца пад хатнім арыштам з 21-й гадзіны вечара да 6-й раніцы, ён працягвае працаваць на трактарным заводзе, яму забаронена камунікаваць і наведваць масавыя мерапрыемствы.
Свабода зьвязалася з самім Мікітам, але ён адмовіўся казаць што-небудзь, спаслаўшыся на забарону сьледзтва.
На аднаго з удзельнікаў пратэстаў супраць рэстарацыі ў Курапатах Мікіты Найдзена заведзеная крымінальная справа. У нядзелю 10 чэрвеня ў 22.45 ён патэлефанаваў у рэстарацыю «Поедем поедим» і паведаміў, што ў рэстарацыі бомба. Апэратыўна прыехалі сапёры, міліцыя, а самога Найдзена хутка знайшлі, уначы ў кватэру ўварваўся спэцназ, яго на трое сутак пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна.
Як паведаміў лідэр грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алег Корбан, Найдзену інкрымінуюць «сьвядома лжывае паведамленьне пра небясьпеку» (артыкул 340.1 КК).
Алег Корбан пацьвердзіў Свабодзе, што ў абароне Курапатаў Мікіта ўдзельнічаў, можа, ня так часта, як астатнія, бо ён жа працуе на трактарным заводзе. На выходных быў, пасьля працы падыходзіў у Курапаты.
Быў эмацыйны парыў
«Але ён не «выпадковы пасажыр», як той казаў. Ён актывіст, валянтэр, ужо больш за 5 гадоў удзельнічае ў многіх акцыях, імпрэзах, — кажа пра Найдзена Алег Корбан.— У «Альтэрнатыве» ён браў удзел у сацыяльных акцыях, зборах подпісаў, прыбіраньні сквэраў. Чалавек сьвядомы.
Не зусім дасканала, можа быць, часам прадумвае свае дзеяньні. Мы самі былі ў шоку ад яго ўчынку. Ён пракамэнтаваў такім чынам: хацеў свой уклад зрабіць, запалохаць, каб хоць крыху рэстарацыя не папрацавала. Казаў, што адразу не падумаў, як яго могуць «вылічыць», быў такі эмацыйны парыў.
На яго першы раз завялі крымінальную справу, першы раз трапіў у ізалятар, пажартаваў, што вяртацца туды жаданьня няма.
Дзякуй Богу, з заводу яго ня звольнілі, ён прынёс даведку, што знаходзіўся ў ІЧУ. Да суду яму забаранілі наведваць масавыя падзеі і камунікаваць «з асобамі, які вядуць антыграмадзкі лад жыцьця», — расказаў лідэр «Альтэрнатывы».
Алег Корбан паведаміў, што ў панядзелак вахту нясе «Альтэрнатыва», мяркуецца, што з 12 да 20 гадзін зь ягонай арганізацыі выйдзе чалавек пяць.
Севярынец: гэта ня наш мэтад
Павал Севярынец пацьвердзіў Свабодзе, што Мікіта Найдзен прыходзіў у Курапаты па вечарах, ня кожны дзень, бо працуе, але стаяў, абгарнуўшыся бел-чырвона-белам сьцягам.
Што да ўчынку Найдзена, Павал Севярынец кажа, што абаронцы самі ў шоку.
«Гэта ня наш мэтад. Ёсьць шмат іншых мэтадаў, законных, негвалтоўных мэтадаў, з дапамогай якіх можна і трэба дамагчыся закрыцьця гэтай рэстарацыі. Хлопец зрабіў памылку, дзейнічаў на эмоцыях. Гэта памылка. Ня трэба такога рабіць».
Павал Севярынец паведаміў, што ў панядзелак на дапамогу «Альтэрнатыве» ў Курапаты прыйдуць яшчэ сацыял-дэмакраты і АГП. А 12-й адбудзецца паседжаньне аргкамітэту.
Мікіту Найдзену, актывісту «Альтэрнатывы», 27 гадоў. Ён працуе штампоўшчыкам на Менскім трактарным заводзе, жыве з маці.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.