The New York Times паведаміў у суботу, што рухальнай сілай ідэі Белага дому аб падзеле сем’яў уцекачоў на мяжы ЗША быў старэйшы дарадца Дональда Трампа Стывэн Мілер.
Паводле амэрыканскіх законаў, абвінавачаныя ў незаконным уезьдзе ў ЗША дарослыя спачатку трапляюць у рукі фэдэральных супрацоўнікаў аддзелу Міністэрства юстыцыі, а затым іх кіруюць у суд. Калі бацькі знаходзяцца пад вартай, іхных дзяцей забіраюць і зьмяшчаюць пад нагляд упраўленьня ў пытаньнях перасяленьня ўцекачоў. Яно можа адправіць іх да амэрыканскіх сваякоў у ЗША ці ў прытулкі.
З заклікам да ЗША адмовіцца ад такой практыкі зьвярнулася ААН. Пратэсты супраць падзелу сем’яў адбыліся на гэтым тыдні ў многіх амэрыканскіх гарадах.
Як паведаміла выданьне The New York Times, менавіта Стывэн Мілер пераканаў Трампа ў так званым «ядзерным варыянце» падзелу сем’яў, які крытыкі называюць бесчалавечным.
Інтэрнэт-карыстальнікі жорстка раскрытыкавалі Мілера. Некаторыя прыгадалі, што Мілер сам нашчадак уцекачоў зь Беларусі. Ягоны дзед па матчынай лініі Самуэль Таўбман пакінуў у 1903 годзе Беларусь, уцякаючы ад пагромаў.