Гайдукевіч-малодшы распавёў, хто павінен «разграбаць» сытуацыю вакол Курапатаў

  • БелаПАН

Першы намесьнік старшыні Лібэральна-дэмакратычнай партыі Алег Гайдукевіч 17 чэрвеня распаўсюдзіў камэнтар, у якім выказаў абурэньне маўчаньнем чыноўнікаў па тэме Курапатаў, паведамляе БелаПан.

«Чыноўнікі маўчаць і чакаюць, што за іх будуць разграбаць усе праблемы. Таму зноў крайнія — міліцыя, спэцслужбы, вымушаныя расходаваць сілы і сродкі, штодня працуючы ля Курапатаў! А што будзе, калі ў краіне будзе сапраўдны канфлікт, палітычны крызіс, сапраўды важныя падзеі! Адкажу: спэцслужбы будуць працаваць, а чыноўнікі схаваюцца па кабінэтах, завесяць шторы і ў страху будуць чакаць, што ж далей! Так было ў 1991-м, так было ў 1996-м», — напісаў Гайдукевіч-малодшы.

На яго думку, тое, што адбываецца ва ўрочышчы, павінны «разграбаць тыя, хто выдзяляў зямлю, а не МУС, тыя ж, хто 20 гадоў ня можа, нарэшце, забраць у часткі апазыцыі манаполію на Курапаты».

Палітык заклікаў не рабіць крайнімі бізнэсоўцаў, паколькі бізнэс не павінен баяцца ўкладаць інвэстыцыі.

З 31 траўня ля ўрочышча праходзяць акцыі супраць адкрыцьця рэстараннага комплексу «Паедзем паядзім».

17 чэрвеня актывісты перагарадзілі ўезд у рэстаран чырвона-белай стужкай і стылізаваным пад бел-чырвона-белы сьцяг самаробным дарожным знакам «Уезд забаронены» («цагліна»). На тратуарную плітку нанесены надпіс Stop kabak.

ВЯДОМЫЯ ЛЮДЗІ ПРА РЭСТАРАН У КУРАПАТАХ