17 чэрвеня — 80 гадоў, як быў расстраляны легендарны навуковец, палітык і грамадзкі дзеяч Аркадзь Смоліч.
Ён зьяўляўся адным з ініцыятараў абвяшчэньня Беларускай Народнай Рэспублікі, напісаў першы беларускі падручнік па геаграфіі, быў выдатным эканамістам. У 1930-м Расейскае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла яго Малым залатым мэдалём і ў тым жа годзе Аркадзя Смоліча арыштавалі.
1. Выратаваў маці ад цяжкой хваробы
У лісьце да Зоські Верас (13.06.15 г.) пісаў: «...захварэла мая маці, і от дагэтуль німа папраўкі і Бог яго ведае, што будзе. А ў нас у хаце нікога такога німа, каб хворую дагледзіць /.../ мне ўжо прыходзіцца ўвесь час каля хворай сядзець і больш нічым ні займацца...»; у новым лісьце (17.07.15 г.) Смоліч паведамляў: «...маці паздаравела і кажэ, што гэто я яе выхадзіў (бачыце які медык), а бацька, дык напраўду кажэ, каб на медыцыну ехаў вучыцца, як аграномію скончу» (Аркадзь Смоліч. «Веру ў карыснасьць будучых чынаў...» Лісты да Зоські Верас. / Полымя 2003, № 4).
2. Заахвочваў Алаізу Пашкевіч (Цётку) заняцца выпускам масавай беларускай літаратуры
8 сакавіка 1915 году ён піша: «Вы ў сваім лісьце паднялі дужа важная, як на наш час, пытаньне аб популярных кніжках. Ня першы раз прыходзіцца мне чуць скаргі, што гэткае літэратуры ў нас страшэнна бракуе і што на яе вялікае запатрэбаваньне, якое нельга насыціць. /.../ Пісаць популярные кніжачкі — /.../ — на гэтае вялікага таленту і натхненьня ня трэба. Можна нават прыгатаваць іх фабрычным спосабам, /.../ толькі трэба /.../ арганізаваць самую фабрыку. От /.../ і вазьміцеся Вы за арганізаваньне такое вось «фабрыкі» (Аркадзь Смоліч. Лісты / Скарыніч, 1993, выпуск 2).
3. Сяляне засыналі, калі ён ім чытаў па-беларуску
У дзёньніку (6.06.13 г.) са скрухай пісаў: «Усё было б нішто; кепска, што мае слухачы часта сьпяць, як я чытаю беларускія кніжкі, асабліва Алесь. Анно чытаць пачну, а ён ужэ і вочы закрывае, і храпіць. Вельмі непрыемно, /.../ жаляцца, што чытаць цяжка па беларуску: „Ніяк не ўчытаеш“. Як тут гэтай бядзе парадзіш?» (Аркадзь Смоліч. З рукапіснай спадчыны. / Полымя 1996, № 6).
4. Лічыў, што да супольнай мэты трэба ісьці рознымі шляхамі. Тых жа, хто кіруецца за правадыром, называў «гарматным мясам»
Пісаў Зосьцы Верас (22.07.14 г.): «...калі да нашай супольнай мэты ісьці будуць рознымі дарогамі, дык можа барджэй знойдуць дарогу справядлівую і найпрасьцейшую. /.../ бо калі людзі згубюць, скажым, персьцень які дарагі — /.../ дык ні ходзяць жа яны ўсьлед адзін за адным, але расходзяцца ў розные староны. /.../ калі ідуць людзі /.../ сьледам за якім-небудзь там дзедам ці дзядзькам, то на першы погляд — хараство, парадак. А па праўдзі — гніль, бо сярод гэтых людзей толькі той варт свайго імені, каторы вядзе /.../, а рэшта, што чужые сьцежкі топчуць — яны могуць быць і добрымі, і разумнымі, але для гісторыі — яны — гарматнае мяса...» (Аркадзь Смоліч. «Веру ў карыснасьць будучых чынаў...» Лісты да Зоські Верас. / Полымя 2003, № 4).
5. Быў непасьлядоўны ў сваім стаўленьні да часопіса Уласава «Лучынка», у які пісаў эканамічныя артыкулы
У лісьце да Зоські Верас (9.06.14 г.) жаліўся:«...пільна трэба скончыць гэтые экономічные нарысы, што я пачаў зьмешчаць у «Лучынцы». Мушу прызнацца, што пішу біз ахвоты, а барджэй — проста выпаўняю павіннасьць: трэба ж кончыць. Апрача таго пачуваю, што гэтые артыкулы так, як напісана, ня зьмесьцяць, альбо — пераробяць, альбо павыкідаюць шмат, а то, можа, і саўсім не надрукуюць, бо ў іх праводзяцца думкі досыць выразна соцыялістычные, а Уласаў чалавек вельмі баязны. Пры такіх варунках ці ж можа быць гумар?" (Аркадзь Смоліч. «Веру ў карыснасьць будучых чынаў...» Лісты да Зоські Верас. / Полымя 2003, № 4); у лісьце да Б. Тарашкевіча (28.02.14 г.) чытаем: «Бачыў „Лучынку“? — Праўда, добра напісана? Мне вельмі падабаіцца. Ёсьць тамака і Арцём Жывіца [псэўданім Смоліча — В. Дэ Эм.] — твой даўны знаёмы, а хто — адгадай» (Аркадзь Смоліч. Лісты / Скарыніч, 1993, выпуск 2).
6. Быў абураны грубым эратызмам беларускіх вясельляў
Пісаў у дзёньніку (9.05.12 г.): «Бачу А. Марозік /.../ падскоківаючы, ды робячы жэсты эратычные, сьпявае пахабные куплеты. /.../ Куплетаў шмат, усе складныя і беларускія чыста, толькі вельмі ні харошые. Яму ўтуруе дзядзька маладой — мужчына паджылы /.../ Пяюць разам пахабные куплеты /.../ Проста брыдка слухаць. /.../ А ўбоч гуляюць малые хлапчукі, пасьлядуючы старэйшых. І насьледваньне йдзе вельмі далёка /.../ Ось куплетысты выходзяць на арэну і з тымі самымі куплетамі скачуць казака. Ось хлопец, праходзючы праз сцэну, сумысьля /.../ расшпіліў порткі...» (Аркадзь Смоліч. З рукапіснай спадчыны. / Полымя 1996, № 6).
7. Яго падручнікі па геаграфіі, дзе былі зьмешчаны маляўнічыя фотаздымкі і рысункі, карысталіся вялікай папулярнасьцю ў школьнікаў
Некаторыя фотавыявы мелі ярка-эратычнае гучаньне, як напрыклад, у падручніку «Географія па-заэўропэйскіх краёў» (1925 г.), складзены супольна з Мікалаем Азбукіным.
8. Распаўсюднікаў «Геаграфіі» Смоліча абвінавачвалі ў дзяржаўнай здрадзе
У Менскай турме ён сьведчыў (07.07.30 г.): «...книга была запрещена в Польше, а в Латвии за ее распространение ряд /.../ культурников (Красковский, Мядзелка) даже обвинялся в государственной измене и был брошен в тюрьму на полтора года» (Полацак, 1993, № 10).
9. Булак-Балаховіч называў яго ворагам Польшчы
У паказаньнях Смоліча начальніку АДПУ БССР тав. Рапапорту (16.12.30 г.) чытаем: «...злейший враг Польши... Так охарактеризовал меня, между прочим, никто иной, как Балахович, в своем открытом письме к Тарашкевичу, помещенном в газете „Рэч Посполита“, кажется в 1924 или 1925 г. /.../. Чтобы больнее уколоть Тарашкевича, он сравнивает его с „таким врагом Польши, как Смолич“, который продался большевикам» (Полацак, 1994, № 7).
10. Дзякуючы Аркадзю Смолічу Максім Багдановіч вярнуўся на радзіму
Паводле гісторыка Анатоля Сідарэвіча, менавіта Аркадзь Смоліч быў ініцыятарам прыезду ў 1916 г. аўтара «Вянка» ў Менск. Паводле ўспамінаў Зоські Верас: «— У хуткім часе ў Менск прыедзе Максім Багдановіч! — пачулі мы голас Аркадзя Смоліча, які ўвайшоў у сталоўку Беларускай хаткі, трымаючы ў руках ліст. — /.../ піша, што хоча пажыць у Менску, у сваім родным горадзе, дыхнуць паветрам Бацькаўшчыны, пачуць жывую беларускую мову. Просіць паклапаціцца аб працы для яго... /.../. ў канцы верасьня ці мо ў пачатку кастрычніка М. Багдановіч прыехаў. Спаткаў яго А. Смоліч і прывёў у Беларускую хатку...» (Зоська Верас. Я помню ўсё. 2013).
20 нечаканых фактаў з жыцьця Багдановіча, якіх вы ня ведалі
Паводле дасьледчыка Уладзімера Валодзіна: «Існуе меркаваньне, што свайго сына ён [Смоліч] назваў Максімам у гонар паэта» (Лісты Аркадзя Смоліча з турмаў ДПУ. / Асоба і час, № 7).
11. Лічыў, што бальшавікі — гэта зло, але варта з імі супрацоўнічаць дзеля будаваньня нацыянальнай Беларусі
У лісьце да Антона Луцкевіча (13.01.19 г.) пісаў: «Хаця я лічу, што ад большэвізму для краю больш шкоды, чым карысьці, хаця ён моцна прывязуе нас да Масквы, чым гэта хацелася б, але калі ён дасьць магчымасьць шырокай культурнай працы і бароніць пакуль нашае дзяржаўнасьці і галоўнае, калі ён давядзе яе да натуральных рубяжоў — створыць Беларусь аб’яднанаю, якая хоць некалькі месяцаў пражыве супольным жыцьцём Беларусі з Вільняй, Беластокам, Бранскам і Гомелем, дык мы мусім ухваціцца за гэтую ідэю, прызнаць яе нацыянальным заданьнем часу і проста стаць у рады абаронцаў гэтага парадку і ваяваць у гэтых радах хоць бы з усім сьветам. Наўрад ці хутка нам зьявіцца такая пэрспэктыва. Праўда, гэта крыху рызыкоўна. Але калі згіне савецкая Беларусь, дык не згіне ў нашым народзе гэтая ідэя максымалізму, разам сацыяльнага і нацыянальнага. Народ пра яе не забудзецца праз некалькі пакаленьняў. А пра „Буржуазную Раду“ забудуцца, прынамсі гэта больш магчыма. А прышлае палажэньне бальшэвікоў здаецца моцнае /.../ і хто знае, можа ім суджана перамагчы сьвет ці хоць прынамсі ператрываць шлях даўгі час, патроху спакайнеючы і ператвараючыся ў крыху іншыя формы» (Аркадзь Смоліч. Лісты / Скарыніч, 1993, выпуск 2).
12. На Акадэмічнай канфэрэнцыі па рэформе беларускага правапісу і азбукі (1926 г.) быў сярод тых навукоўцаў, што выступалі за лацінку
«Мы лічым, што БССР на працягу бліжэйшых гадоў праз пачатковую школу і праз друкаваньне нашых кніжак і газэт, а таксама і іншым, добра абмеркаваным мэтадам, павінна быць уведзена лацінка, якая цяпер ужываецца ў Заходняй Беларусі /.../. Паралельна застаецца гражданка датуль, дакуль гэта будзе патрэбна для правядзеньня рэформы. Умова — сувязь з усёй СССР» (Купала і Колас, вы нас гадавалі. Кніга першая 1909 — 1939. 2010 г.).
13. Пісаў неўнармаванай беларускай мовай
Паводле дасьледчыка Уладзімера Валодзіна: «Адно і тое слова нават у адным дакумэнце А. Смоліч мог пісаць у некалькіх варыянтах (напрыклад „наогул“ і „наагул“), то бок фактычна яго мова неўнармаваная. На гэта накладаюцца асаблівасьці почырку — часта складана адрозьніць „о“ ад „а“, „е“ ад „і“ ці „я“. Тое самае тычыцца і пунктуацыі: /.../ часта аўтар не ставіў кропкі і коскі там, дзе па сэнсе яны зусім неабходныя» (Лісты Аркадзя Смоліча з турмаў ДПУ/ Асоба і час, № 7).
14. Супрацьпастаўляў беларусам старажытных грэкаў
У лісьце да Зоські Верас (22.07.14) пісаў: «Ёсьць два найгалаўнейшыя тыпы людзей: людзі розуму і людзі сэрца, ці, як па-вучонаму кажуць, — людзі інтуіцыі. Старожытные грэкі належылі да першага тыпу: для іх матэматычнасьць, лёгіка ў рэчах і зьявах — гэта ўсё, за ўдалым красамоўцам — яны хоць на край сьвету. /.../ Мы — беларусы, належым, здаецца, барджэй што да другога тыпу, хоць можа і ні так выразна гэта выяўляіцца — у іншых славянаў — шмат выразьней. Затым жа да беларусаў можна ісьці з пропаведзяй ні „гаворанай“, але толькі перачутай, „бяз словаў, але жывою“. Можна паказаць праўду чынам, жыцьцём сваім, можна высловіць яе адным якім выразам найзвычайнейшым, абы толькі ў гэтым выразе вылілася як найболей перачутага, сьвятога. Натуры чыста інтуітыўныя — яны лёгікі не патрабуюць, яны пераймаюцца ідэяю, запаляюцца ёю — як агонь ад агню — часта праз адзін узгляд, праз нейкае натхненьне. Каб навучаць такіх, павінна толькі мець веру і агонь — энэргію ў сэрцы. /.../ Сярод іх найчасьцей спатыкаюцца фанатыкі» (Аркадзь Смоліч. «Веру ў карыснасьць будучых чынаў...» Лісты да Зоські Верас. / Полымя 2003, № 4).
15. Яго жонка, Алеся Смоліч, не любіла шыкоўных убораў і запэўнівала мужа, што шчасьлівая з ім і ў рызманах
«...сама С-ха (Смолічыха. — РС) ніколі не захаплялася ніякімі шыкарнымі жаночымі ўборамі, не выносіла і гутаркі аб іх з якой другой кабецінай. Ні запасаў бялізны, ні адзеньня ў сям’і не было. Да гэтага, прывучаліся і дзеці»; «Аднойчы ў 1923 ці 1924 годзе муж з жонкай пайшлі ў тэатар на балет Айседоры Дункан. Яна — басаножжа танцавала „Інтэрнацыянал“, трымаючы ў руках кавалак чырвонай матэрыі, які ў часе танцу ўсё павялічваўся і ўрэшце паклаўся на ўсю сцэну. /.../ Пасьля тэатру дома Алеся ў сваёй спальні, распрануўшыся перад сном, у старэнькай залатанай кашульцы, абхінуўшыся нейкім празрыстым кавалкам матэрыі, стала дурэць, падражаючы, быццам у танцы Дункан, шмарганула да нізу слабенькую начную кашулю і запэўняла свайго Дзюнечку, што хаця і ў рызманах, але яна самая, самая шчасьлівая жанчына у сьвеце. І ў доказ, вялікі кавалак празрыстага матэрыялу лёг па ўсёй спальні» (Па матэрыялах архіва Смолічаў. / Людміла Сасонка, загадчык сэктара ўліку і захаваньня фонду М. Багдановіча).
16. Падчас допытаў у Менскай турме абараняў Гаўрылу Гарэцкага
Чытаючы паказаньні Смоліча (15.08.30 г.) знаходзім: «О Горецком показываю следующее: Является он, безусловно, выдающейся фигурой среди всех известных мне специалистов сельского хозяйства и вообще среди нацдемократической интеллигенции. Он объединяет в себе очень хорошую научную подготовку с большой трудоспособностью, с организаторскими и администраторскими талантами. /.../. При первой встрече в 1924 году я, между прочим, осведомился, желает ли переехать на работу в Белоруссию. Тогда он был еще первый год аспирантом в НИИ сельскохозяйственной экономии в Москве и заявил, что собирается еще долго учиться. Впрочем, в 1925 г. уже он дал согласие преподавать в Горках, приезжая для этой цели из Москвы» (Полацак, 1993, № 9).
17. У турме ўдасканальваў сваё веданьне замежных моваў і пісаў навуковыя артыкулы
У лісьце да Алесі Смоліч (13.08.30 г.) пісаў: «Хацелася б закончыць [артыкул] у маскоўскі картаграфічны часапіс, да не ведаю, ці ўдасца сабраць літаратуру. У пэрспэктыве думаю заняцца перакладамі некаторых твораў Маркса. /.../ Наогул, займацца навукай тут можна, ніхто і нішто не перашкаджае...» (Лісты Аркадзя Смоліча з турмаў ДПУ. / Асоба і час, № 7); у іншым лісьце (22-27.08.30 г.) чытаем: «...вучу на памяць нямецкія вершы. /.../ Выклікаю дзяцей на спаборніцтва наконт нямецкіх вершаў. /.../. Вершы добра памагаюць вывучэньню мовы. А лічыць будзем на радкі. Добра?» (там жа); зімой (03.12.30 г.) паведамляе: «Займаюся патроху ангельскай мовай, хутка буду досыць добра чытаць, а гэта ўжо посьпех. Трэба было толькі які-небудзь больш кампактны падручнік прыслаць» (там жа).
18. Лічыў, што нельга дзеля справы прыносіць ахвяру
«...ахвяра не павінна быць дзеля справы, а толькі дзеля самога чалавека. Толькі вольную і радасную ахвяру можна прыняць, а хто прымае іншые, той эксплёатуе. Бо чалавек ёсьць мэтаю для сябе і ніхто ні мае права ўжываць яго, як срэдства, нават сам сябе» (Аркадзь Смоліч. «Высьцерагаючыся німагчымага...» (Лісты да Зоські Верас / Хрысьціянская думка, 1993, № 1).
19. Да апошняга не прызнаваў сябе сябрам Саюза вызваленьня Беларусі
З паказаньняў намесьніку старшыні АДПУ БССР Гродзісу: «Я настойчиво предупреждал следователя и не раз писал — в показаниях, что о самом существовании организации САБ-СВБ, а тем более о их программе и деятельности, я до дня ареста ничего не знал, но он меня убедил рядом сообщенных фактов и показаний разных лиц, что та группа белорусской интеллигенции, которая была объединена около ИБК-БАН, которая действительно проводила работу по развитию буржуазного национализма /.../, что она именно и носила название сначала САБ, а затем СВБ. Об активной антисоветской работе этой группы я тогда не знал /.../. /.../ после долгих споров со следователем признал эту терминологию, называл в своих показаниях Инбелкультовскую интеллигентскую группу организациями САБ-СВБ. /.../ Возможно, что согласившись принять эту терминологию, я поступил несколько легкомысленно, так как и до сих пор для меня остается неясным, существовали ли эти организации и что они собой представляли» (Полацак, 1994, № 4).
20. Будучы ў высылцы напісаў ліст у Наркамасьветы БССР, дзе папрасіў пацьвердзіць, што зьяўляецца прафэсарам. Гэта выклікала скандал і рэпрэсіі
Паводле гісторыка Расьціслава Платонава: «У 1936 годзе Аркадзь Смоліч зьвярнуўся ў Наркамасьветы БССР з просьбай даслаць копіі дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць прызначэньне яго прафэсарам Белдзяржунівэрсытэту. Дакумэнты атрымаў, і рашэньнем Камітэту па справах вышэйшай школы пры СНК СССР быў зацьверджаны ў гэтым званьні з улікам станоўчых характарыстык і па працы ў месцах ссылкі. Аб паўторным атрыманьні „контррэвалюцыянерам-нацдэмам“ прафэсарскага званьня стала вядома кіраўнікам унівэрсытэту, якія адразу ж паведамілі аб гэтым „ганебным факце“ ў партыйны камітэт, а яго сакратар — у Кагановіцкі райком партыі г. Менску. /.../
Мы ня ведаем, ці пасьпеў Камітэт па справах вышэйшай школы пры СНК СССР адмяніць сваё рашэньне аб аднаўленьні Смоліча ў званьні прафэсара. 17 чэрвеня 1937 г. Аркадзь Антонавіч быў арыштаваны і 10 чэрвеня 1938 г. пастановай тройкі УНКУС па Омскай вобласьці прыгавораны да вышэйшай меры. Расстраляны 17 чэрвеня 1938 г. у Омску» (Р. Платонаў. У Маскве аднавілі, у Менску забілі трывогу. (Аб «вяртаньні» навукоўцу Аркадзю Смолічу званьня прафэсара)./ Лёсы. 1998).
Яны былі першыя. Аркадзь Смоліч
Аўтар выказвае вялікую падзяку за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу гісторыку Анатолю Сідарэвічу і загадчыку Літаратурнага музэя Максіма Багдановіча Міхаілу Бараноўскаму.