Упаўнаважаная Вярхоўнай Рады Ўкраіны ў правах чалавека Людміла Дзянісава паведаміла, што адміністрацыя расейскай турмы «Уладзімірскі цэнтрал» не дазволіла ёй сустрэцца з асуджаным украінцам Мікалаем Карпюком.
Дзянісава адзначыла, што кіраўнік установы запэўніў, што яе заяву пачнуць разглядаць у пачатку наступнага тыдня.
Публічных камэнтароў расейскага боку з гэтай нагоды пакуль няма.
13 чэрвеня Людміла Дзянісава адправілася ў Расею, каб наведаць украінскіх палітвязьняў. Яна паведаміла, што начальнік расейскай калёніі ў Лабытнангі, у якой утрымліваецца ўкраінскі палітвязень з Крыму Алег Сянцоў, адмовіў ёй у сустрэчы з ім.
У траўні 2016 суд у расейскай рэспубліцы Чачня засудзіў украінца Мікалая Карпюка на 22,5 гады па абвінавачваньні ва ўдзеле ў Першай чачэнскай вайне. Ён віну адмаўляе і заяўляе, што ніколі ня быў у Чачні. Карпюк кажа, што быў захоплены расейскімі сілавікамі незаконна, а паказаньні і прызнаньня былі атрыманы расейскім следзтвам пад катаваньнямі. Праваабарончы цэнтар «Мэмарыял» у Расеі прызнаў Карпюка палітвязьнем.
Алега Сянцова асудзілі да 20 гадоў калёніі строгага рэжыму па абвінавачваньні ў арганізацыі тэрактаў на тэрыторыі Крыму. Сянцоў сваёй віны не прызнаў. У траўні ён абвясьціў галадоўку з патрабаваньнем вызваліць з расейскіх турмаў украінскіх палітвязьняў. Сянцоў трымае галадоўку ўжо 33 дні.