Камэнтуючы навіну пра тое, што Вярхоўны суд Беларусі часова прыпыніў выкананьне сьмяротнага прысуду Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному, пакуль будуць разглядацца іх наглядныя скаргі, дырэктар рэгіянальнага офісу Amnesty International па Ўсходняй Эўропе і Цэнтральнай Азіі Мэры Струзэрс адзначыла:
«Гэта вельмі значнае і беспрэцэдэнтнае рашэньне для адзінай краіны ў рэгіёне, якая працягвае караць сьмерцю людзей усе гэтыя гады. Мы ня ведаем пра іншыя выпадкі, калі Вярхоўны суд Беларусі прыпыняў выкананьне сьмяротных прысудаў».
Кіраўніцы офісу Amnesty International гэта дае надзею, што пасьля некалькіх гадоў абмеркаваньня тэмы сьмяротнага пакараньня Беларусь гатовая прасунуцца наперад.
Ігару Гершанкову і Сямёну Беражному было ў ліпені 2017 прысуджанае сьмяротнае пакараньне. Іх абвінавацілі ў забойстве шасьцёх чалавек.
У чэрвені стала вядома, што намесьнік старшыні Вярхоўнага суду прыпыніў выкананьне сьмяротных прысудаў у дачыненьні да Ігара Гершанкова і Сямёна Беражнога на час разгляду іх наглядных скаргаў. Тэрмін разгляду нагляднай скаргі — месяц ад моманту яе паступленьня. Гэта значыць, што на працягу наступнага месяца прысуд у дачыненьні да Гершанкова і Беражнога ня будзе выкананы.