«Здаецца, ён рэдка выяжджае зь Беларусі і падарожнічае, таму сёньня я вырашыла, што ён разам са мной у горадзе Луісвіле», — Віка Біран, сузаснавальніца гендэрнага праекту Makeout. Яна выйшла на прайд-парад у ЗША з партрэтам Ігара Шуневіча, міністра ўнутраных справаў Беларусі.
Што важна ведаць
- 17 траўня, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасады Вялікай Брытаніі і ЗША ў Менску вывесілі вясёлкавыя сьцягі.
- 20 траўня Міністэрства ўнутраных спраў апублікавала заяву, дзе назвала аднаполыя адносіны падробкай.
- 21 траўня на сайце petitions.by пачаўся збор подпісаў «За міліцыю для ўсіх». У пэтыцыі просяць праверыць законнасьць выказваньняў МУС. На момант публікацыі пад пэтыцыяй падпісалася больш за 1800 чалавек.
- 21 траўня кіраўнік МУС Ігар Шуневіч назваў вывешваньне міжнароднага сымбаля ЛГБТ-супольнасьці прапагандай «непрымальнага» ладу жыцьця.
- Ад 22 траўня ў адказ на заяву МУС у сацыяльных сетках пачалі зьяўляцца допісы з тэгам #янеподделка.
- 23 траўня міністар замежных спраў Уладзімер Макей заявіў, што існуе шэраг рэчаў, «непрымальных» для беларускага мэнталітэту. Макей адзначыў важнасьць і неадназначнасьць тэматыкі «правоў мяншыняў».
- 30 траўня старшыня Моладзі БНФ скрытыкавала «навязваньне ЛГБТ» і «паўсюднае вывешваньне сваёй сымболікі».