У Нямеччыне паўстала пагроза ўрадавага крызісу ў сувязі са спрэчкамі аб міграцыйнай палітыцы паміж канцлерам Ангелай Мэркель і міністрам унутраных справаў, лідэрам адной з партыяў кааліцыі, Хрысьціянска-сацыяльнага зьвязу (ХСЗ), Горстам Зээгофэрам.
Зээгофэр настойвае на ўзмацненьні жорсткасьці міграцыйнай палітыкі, у прыватнасьці, на тым, каб Нямеччына пачала адпраўляць уцекачоў, якія знаходзяцца на яе тэрыторыі, у тыя краіны Эўразьвязу, дзе яны зьвярнуліся па прытулак. У 2015 годзе – у разгар міграцыйнага крызісу – Мэркель адмовілася выконваць гэты прынцып, заявіўшы, што Нямеччына здольная парупіцца пра ўцекачоў, якія прыбываюць у Эўразьвяз, незалежна ад таго, дзе яны перасеклі мяжу ЭЗ. Паводле ацэнак, у Нямеччыну за тры гады прыбылі каля паўтара мільёна бежанцаў.
Зээгофэр, нягледзячы на пярэчаньні Мэркель, як чакаецца, у панядзелак абвясьціць аб увядзеньні ў дзеяньне свайго пляну. Канцлер можа заблякаваць яго, што, хутчэй за ўсё, прывядзе да адстаўкі міністра. Гэта, у сваю чаргу, можа прывесьці да выхаду ХСЗ з кааліцыі з Хрысьціянска-дэмакратычным зьвязам Мэркель, што прывядзе да таго, што яе кабінэт страціць большасьць у Бундэстагу.
Мэркель сьцьвярджае, што неабходна ўзгадніць зьмены ў міграцыйнай палітыцы зь іншымі краінамі ЭЗ і просіць Зээгофэра адкласьці ўвядзеньне ў дзеяньне яго пляну да саміту Эўразьвязу, які пройдзе ў канцы чэрвеня.