Зінаіда Бандарэнка пра рэстаран у Курапатах: «Нам не даруюць такога дзікунства»

Зінаіда Бандарэнка на месцы пратэсту супраць адкрыцьця рэстарана каля Курапат. Фота Барыса Анікеева

«Нам не даруюць зьдзеку над народнай памяцьцю», — народная артыстка Беларусі Зінаіда Бандарэнка прыехала на месца пратэсту супраць адкрыцьця рэстарана «Поедем поедим» каля месца масавых расстрэлаў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій у Курапатах.

«Калі адбудзецца гэтая рэстарацыя „Поедем поедим“, то гэта проста выклік усёй сусьветнай супольнасьці. Нам не даруюць такога дзікунства. Не даруюць зьдзеку з народнай памяці, — сказала Зінаіда Бандарэнка ў камэнтары для Радыё Свабода. — Толькі такія пачуцьці ўзьнікаюць, калі бачыш, што ўлада робіць з народам. І такое ўражаньне, што барацьба ідзе не з гаспадарамі гэтай архітэктурнай забудовы і самой рэстарацыяй, а менавіта з уладай. Таму што як улада можа проста так рабіць выгляд, што нічога не адбываецца ў краіне?».

Зінаіда Бандарэнка кажа, што за сытуацыяй у Курапатах сочыць штодня. А сёньня сама прыехала сюды.

«Я сябар Аб’яднанай грамадзянскай партыі. У нас была канфэрэнцыя і ўзьнікла пытаньне, чаму ад Грамадзянскай партыі нікога няма на акцыі пратэсту ў знак падтрымкі таго, што адбываецца ў Курапатах, — распавяла Зінаіда Бандарэнка. — Можа, гэта мяне найбольш падштурхнула".

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах

Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.

  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.