Пазыкі дзяржпрадпрыемстваў складаюць 3,2 мільярда рублёў

«Гэта пагражае фінансавай стабільнасьці краіны», – гаворыцца ў аналітычным аглядзе Нацыянальнага банка.

На 1 студзеня 2018 году аб’ём праблемных актываў прадпрыемстваў, якія належаць дзяржаве, складае 3,2 мільярдаў рублёў, – аналізуе публікацыю TUT.by.

«У гэтай сувязі рызыкі, які ствараюць праблемныя дзяржаўныя прадпрыемствы рэальнага сэктара эканомікі, зьяўляюцца патэнцыйнай пагрозай фінансавай стабільнасьці ў краіне», – лічыць Нацбанк.

Па выніках ацэнак, доля абавязальніцтваў дзяржпрадпрыемстваў, якія верагодна ня змогуць разьлічыцца самастойна, складае 14% ВУП.

У выданьні адзначаецца, што ў 2017 годзе адбылося пэўнае зьніжэньне нагрузкі ў пазыках аграрных і прамысловых прадпрыемстваў. Але доля праблемных актываў перапрацоўваючай прамысловасьці павялічылася з 17.8 да 22,6%. Пры гэтым праблемныя актывы сельскагаспадарчых прадпрыемстваў заставаліся на высокім узроўні. Гэта дае падставы лічыць становішча шэрагу прадпрыемстваў дадзеных галінаў «стабільна нездавальняючым».