Першая амбасадарка Польшчы ў Беларусі Эльжбета Смулкова выказалася пра рэстаран каля Курапатаў:
«Я ўспрымаю пабудову рэстарану ў Курапатах зь вялікім зьдзіўленьнем. Таму што гэта агульна вядомае месца — месца забойства велізарнай колькасьці людзей розных нацыянальнасьцяў. Я зьдзіўленая, што можна хацець паставіць у такім месцы нейкі рэстаран ці забаўляльны цэнтар.
Гэта не прыносіць гонару ні ўладальніку, ні гораду, які пагадзіўся на пабудову такога тыпу. Сем’і і сваякі забітых, якія іх яшчэ помняць, якія туды прыходзяць — каб памаліцца, каб успомніць, каб ушанаваць гэтае месца — не павінны там чуць нейкую рэстаранную музыку, нейкія скокі і таму падобнае.
Нельга танцаваць на магілах. Я думаю, што пратэст людзей тут вельмі слушны.
Я таксама думаю пра крыж Варты польскіх магілаў, дзе я асабіста ўскладала кветкі, куды мы з амбасады хадзілі штогод. Я спадзяюся, што вам неяк удасца пераканаць людзей, што гэтае месца — не прызначанае ні для скокаў, ні для абжорства, ні для выпіваньня. На сёньняшні дзень гэта ўжо месца нацыянальнай памяці, ня толькі беларускай, але і польскай, і габрэйскай, і літоўскай, і некаторых іншых нацыянальнасьцяў, якія апынуліся ў Беларусі ў часы тых забойстваў».
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагамфэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.