Аўтар раману з аднаго сказу атрымаў 100 тысяч эўра прэміі

Майк Маккормак

Раман Майка Маккормака «Solar Bones» атрымаў Міжнародную Дублінскую літаратурную прэмію. Кніга складаецца усяго з аднаго сказу на 270 старонках.

Журы прэміі назвала кнігу Маккормака «амбітнай фармальна, бясстрашнай стылістычна, захапляльнай лінгвістычна».

Сюжэт раману адбываецца цягам 24 гадзінаў, на Дзень Усіх сьвятых, калі памерлыя могуць вярнуцца ў сьвет жывых. Гісторыя расказваецца ад імя мужчыны — мужа, бацькі, інжынэра — які зводзіць рахункі з уласным жыцьцём, гледзячы ў мінулае і будучыню.

Варта адзначыць, што галоўны герой — нябожчык. На думку аўтара, гэта тлумачыць тое, чаму кніга напісаная адным сказам.

— У духа няма інтарэсу, каб затрымацца. Калі б ён гэта зрабіў, то расьцерушыўся б. — кажа Маккормак.

«Solar Bones» была сярод намінантаў на Букераўскую прэмію і здабыла The Goldsmiths Prize, якую прызнаюць найбольш інавацыйным раманам.