У складзе ваенізаваных фармаваньняў, якія сочаць за бясьпекай на чэмпіянаце сьвету па футболе ў Расеі, служаць казакі, раней якія ваявалі ў Сырыі і Данбасе. Пра гэта паведамляе агенцтва Reuters.
Фанзоны і вуліцы гарадоў, дзе пройдзе чэмпіянат, будуць патруляваць больш за 800 членаў мясцовых казацкіх арганізацый, распавялі іх кіраўнікі. Reuters высьветліла, што прынамсі 19 зь іх раней ваявалі альбо на ўсходзе Украіны за сэпаратыстаў, якіх падтрымлівае Расея, альбо ў якасьці наймітаў у Сырыі, дзе яны аказвалі падтрымку саюзьніку Масквы, прэзыдэнту Башару Асаду. У шэрагу гарадоў, дзе адбудзецца спартовае мерапрыемства, казакі будуць працаваць яшчэ і ў якасьці памочнікаў, адзначае Reuters.
Прадстаўнікі расейскіх казацкіх груп запэўніваюць, што іх члены ўдзельнічаюць ва ўзброеных канфліктах па асабістай ініцыятыве. Аднак, мяркуюць аўтары артыкулу Reuters, насамрэч арганізацыі наўпрост падтрымліваюць тых, хто едзе ваяваць. Казакі, адзначае агенцтва, часьцяком арганізоўваюць пахаваньне з усёй пашанай для ваяўнікоў, якія загінулі на тэрыторыі Сырыі ці Ўкраіны.
У Кіеве і Вашынгтоне асудзілі практыку выкарыстаньня казакоў у ролі ахоўнікаў на чэмпіянаце. Сакратар Рады бясьпекі Ўкраіны Аляксандр Турчынаў у гутарцы з агенцтвам сказаў, што выкарыстаньне казацкіх груповак, з аднаго боку, паказвае «няздольнасьць расейскага кіраўніцтва забясьпечыць законнасьць і парадак» з дапамогай паліцыі, а з другога — «кампрамэтуе афіцыйнае мерапрыемства ФІФА». Амэрыканскі кангрэсмэн Эліят Энгель назваў выкарыстаньне казакоў на ЧС-2018 «абуральнай здрадай статуту» міжнароднай футбольнай арганізацыі.
Прадстаўнік ФІФА заявіў, што арганізацыя «цалкам давярае» прынятым на ЧС-2018 мерам бясьпекі.