Вялікі футбол у Расеі: арэны, гульні і ўдзельнікі чэмпіянату сьвету — 2018

Цырымонія адкрыцьця чэмпіянату ў Маскве

14 чэрвеня матчам у Маскве паміж зборнымі Расеі і Саудаўскай Арабіі распачынаецца 21-ы чэмпіянат сьвету па футболе. На цырымонію адкрыцьця запрошаны Аляксандар Лукашэнка, які пажадаў «удачы братам расейцам». Беларусы спыніліся яшчэ на этапе адборачнага цыклю, дзе фінішавалі апошнімі ў сваёй групе.

Расея як гаспадыня першынства рэзка крытыкавалася за сваю ўнутраную і міжнародную палітыку, кіраўнікі шэрагу краінаў заклікалі да байкоту і нават адмены спаборніцтваў. Тым ня менш стадыёны 11 гарадоў прымуць лепшыя каманды сьвету.

Рэглямэнт

Лёсаваньне чэмпіянату сьвету — 2018 прайшло летась. 32 кваліфікаваныя каманды былі разьбітыя на 8 групаў па 4 зборныя ў кожнай. Дзьве найлепшыя выйдуць у плэй-оф і далей будуць гуляць на вылет. Спаборніцтвы завершацца фіналам 15 ліпеня.

  • Група A: Расея, Саудаўская Арабія, Эгіпет, Уругвай
  • Група B: Партугалія, Гішпанія, Марока, Іран
  • Група C: Францыя, Аўстралія, Пэру, Данія
  • Група D: Аргентына, Ісьляндыя, Харватыя, Нігерыя
  • Група E: Бразылія, Швайцарыя, Коста-Рыка, Сэрбія
  • Група F: Нямеччына, Мэксыка, Швэцыя, Паўднёвая Карэя
  • Група H: Бэльгія, Панама, Туніс, Англія
  • Група G: Польшча, Сэнэгал, Калюмбія, Японія

Дзейны чэмпіён сьвету — Нямеччына, якая і гэтым разам сярод галоўных фаварытаў першынства. Таксама ў пераліку Бразылія, Аргентына, Бэльгія, Англія, Гішпанія, Партугалія, Францыя. Букмэкеры не выключаюць, што можа стрэліць хтосьці зь няяўных лідэраў, сярод іх найчасьцей называюць каманды Уругваю, Харватыі і нават Эгіпту — на хвалі славы новай зоркі Махамэда Салаха. Гаспадыня мундыялю Расея ў ліку прэтэндэнтаў на трафэй не разглядаецца.

Геаграфія

Матчы чэмпіянату сьвету пройдуць на 12 стадыёнах у 11 гарадах. Сем арэнаў рэканструявалі ці капітальна аднавілі, пяць узводзілі з нуля. Гатовасьць некаторых заставалася пад пытаньнем да апошняга, пра ліквідацыю недаробак прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін адрапартаваў перад ФІФА толькі на пачатку траўня.

Агулам на футбольную і спадарожную інфраструктуру затрачана 13,2 мільярда даляраў — найбольш за ўсю гісторыю спаборніцтваў.

Дзьве арэны месьцяцца ў Маскве: «Лужнікі» (на 81 тысячу гледачоў) і «Спартак» (45 тысяч). Геаграфія астатніх пляцовак выглядае наступным чынам.

  • «Санкт-Пецярбург Арэна» (67 тысяч)
  • «Казань Арэна» (45 тысяч)
  • «Екацерынбург Арэна» (35 тысяч)
  • «Самара Арэна» (45 тысяч)
  • «Мардовія Арэна», Саранск (45 тысяч)
  • «Фішт», Сочы (44 тысячы)
  • «Растоў Арэна» (45 тысяч)
  • «Арэна Балтыка», Калінінград (35 тысяч)
  • «Стадыён Ніжні Ноўгарад» (45 тысяч)
  • «Валгаград Арэна» (45 тысяч).

Стадыёны

На групавым этапе ніводная каманда не згуляе двойчы на адным стадыёне, а восем сеяных па адным матчы правядуць у Маскве. На кожнай з 12 арэнаў пройдзе па чатыры сустрэчы папярэдняга раўнду.

Падчас цырымоніі адкрыцьця ў Лужніках

На стадыёне «Лужнікі» пройдзе матч адкрыцьця, адзін з паўфіналаў і фінал. У Санкт-Пецярбургу згуляюць другі паўфінал і матч за трэцяе месца.

  • Екацерынбург прыме па адным матчы ў групах А, Е, В, G;
  • Калінінград — у групах D, С, Н, F;
  • Саранск — у С, Н, В, G;
  • Валгаград — у С, Н, В, G.

Гэтыя чатыры гарады не атрымалі матчаў плэй-оф.

  • Стадыён «Лужнікі», акрамя матчу зборнай Расеі ў групе А, прыме па адной сустрэчы ў квартэтах С, Н, В, G.
  • Арэна «Спартак» — С, Н, В, G.
  • Санкт-Пецярбург прыме па матчы ў групах С, Н, В, G;
  • Казань — у групах C, В, Н, F;
  • Сочы — у групах C, В, Н, F;
  • Ніжні Ноўгарад — у групах C, В, Н, F;
  • Самара — у групах C, В, Н, F;
  • Растоў-на-Доне — у групах C, В, Н, F.

Матчы плэй-оф пачнуцца 30 чэрвеня.

  • Гульні 1/8 фіналу прымуць Сочы і Казань,
  • 1 ліпеня сустрэчы пройдуць у Ніжнім Ноўгарадзе і на стадыёне «Лужнікі» ў Маскве.
  • 2 ліпеня — у Растове-на-Доне і Самары,
  • 3 ліпеня — у Санкт-Пецярбургу і на стадыёне «Спартак» у Маскве.

Стадыён «Фішт» у Сочы

Базы

Група А

Расея. Вучэбна-трэніровачны цэнтар «Навагорск» у Падмаскоўі

Саудаўская Арабія. Belmond Grand Hotel Europe ў Санкт-Пецярбургу

Эгіпет. Hotel Grozny City ў Грозным

Уругвай. Спартыўны цэнтар «Борскі» ў Ніжнім Ноўгарадзе

Група B

Партугалія. Вучэбна-трэніровачны цэнтар «Сатурн» у падмаскоўным Кратаве

Гішпанія. Акадэмія футбольнага клюбу «Краснадар»

Марока. Art Hotel у Варонежы

Іран. Lokomotiv Bakovka Training Center у навучальным цэнтры ў Бакаўцы ў Падмаскоўі

Група С

Францыя. Hilton Garden Inn New Riga ў падмаскоўнай Істры

Аўстралія. База хакейнага клюбу «АК Барс» у Казані

Пэру. Sheraton Moscow Sheremetyevo ў Падмаскоўі

Данія. Beton Brut Resort у Анапе

Група D

Аргентына. Вучэбна-трэніровачны цэнтар алімпійскага рэзэрву ў падмаскоўных Броньніцах

Ісьляндыя. Resort Centre Nadezhda ў Геленджыку Краснадарскага краю

Харватыя. Курорт «Лясная Рапсодыя» ў Санкт-Пецярбургу

Нігерыя. Санаторый «Источник» у Есентуках Стаўрапольскага краю

Група Е

Бразылія. Swissotel Resort Sochi Kamelia ў Сочы

Швайцарыя. Toliatti Resort у Тальяці

Коста-Рыка. Hilton Saint Petersburg ExpoForum у Санкт-Пецярбургу

Сэрбія. Falke Resort у Сьветлагорску пад Калінінградам

Група F

Нямеччына. Спартыўна-трэніровачная база ЦСКА ў падмаскоўнай Ватуцінцы

Мэксыка. Вучэбна-трэніровачная база «Навагорск-Дынама» ў падмаскоўным Навагорску

Швэцыя. Kempinski Grand Hotel Gelendzhik у Геленджыку

Паўднёвая Карэя. Гатэль «Новый Петергоф» у Санкт-Пецярбургу

Група G

Бэльгія. Moscow Country Club у падмаскоўным Нахабіне

Панама. «Алімпійскі спартыўны цэнтар» у Саранску

Туніс. Гатэль Imperial Park Hotel&SPA ў падмаскоўным пасёлку Першамайскае

Англія. ForRestMix Club Sport&Relax у пасёлку Рэпіна пад Санкт-Пецярбургам

Група Н

Польшча. Hyatt Regency Sochi ў Сочы

Сэнэгал. SK Royal Hotel Kaluga ў Калузе

Калюмбія. Ski Resort Hotel у Казані

Японія. База футбольнага клюбу «Рубин» у Казані.

Фан-зоны

Галоўнай пляцоўкай для аматараў футболу, якія з прычыны дарагоўлі ці адсутнасьці квіткоў ня могуць трапіць на стадыёны, будзе фан-зона на Вараб’ёвых гарах у Маскве. Яна гатовая зьмясьціць 25 тысяч заўзятараў, там усталяваны экран плошчай 140 квадратных мэтраў, самы вялікі ў Расеі.

За тыдзень да пачатку чэмпіянату сьвету тут быў прэзэнтаваны галоўны трафэй мундыялю — Кубак сьвету, за які пачалі змагацца лепшыя каманды плянэты. Яго паказаў чэмпіён сьвету і Эўропы, колішні гулец зборнай Францыі Марсэль Дэсаі. Дарэчы, падчас падарожжа ў Маскву кубак спыняўся ў Менску, дзе зь ім сфатаграфаваўся Аляксандар Лукашэнка: згодна з правіламі ФІФА, дакранацца да яго могуць толькі пераможцы турніру і кіраўнікі дзяржаў. Меншыя ў памерах фан-зоны арганізаваныя ва ўсіх гарадах, дзе пройдуць адборачныя гульні, а таксама этапы плэй-оф.

Плянавалася, што аналягічныя пляцоўкі запрацуюць і ў Менску, аднак пэўнасьці няма нават на старце спаборніцтваў. Тым часам бары і кавярні запрашаюць да сябе сачыць за эпічным відовішчам. Белтэлерадыёкампанія папярэджвае, што калектыўныя прагляды законныя толькі ў тым выпадку, калі ўстанова мае дазвол на трансьляцыю — выключныя правы належаць БТ, сыгналы замежных каналаў забароненыя. Дакумэнты падпісваюцца загадзя, на сэзон ці на год. Кошт залежыць ад колькасьці пасадачных месцаў. Парушальнікаў чакаюць непрыемнасьці.

Дзе глядзець на ТБ

Тэлеканалы «Беларусь-1», «Беларусь-2» і «Беларусь-5» пакажуць усе матчы чэмпіянату сьвету-2018, пачынаючы ад групавой стадыі. Камэнтаваць гульні будуць Уладзімер Навіцкі, Павал Баранаў, Мікалай Хадасевіч, Уладзіслаў Татур, Сяргей Мацкевіч, Аляксандар Цьвячкоўскі.

Транзыт

За апошнія суткі больш як паўтысячы футбольных заўзятараў перасеклі мяжу Беларусі, паведамілі ў Дзяржаўным памежным камітэце. Агулам ад пачатку дзеяньня беларуска-расейскага пагадненьня аб уезьдзе на час чэмпіянату сьвету-2018 у Расеі і Эўрапейскіх гульняў-2019 у Беларусі аблегчаным рэжымам скарысталіся больш за 800 замежнікаў. Збольшага гэта жыхары амэрыканскага кантынэнту — грамадзяне Аргентыны, Мэксыкі, Пэру, Гандурасу, Нікарагуа ды іншых. У Расеі прагназуюць, што прыедзе больш як 1,5 мільёна замежнікаў.

29 траўня Беларусь і Расея падпісалі пагадненьне аб уезьдзе замежных грамадзян і асоб без грамадзянства на міжнародныя спартыўныя імпрэзы. Паўстала пытаньне, як спыніць пранікненьне непажаданых элемэнтаў. Вынікам стаў «спартовы бязьвіз», які запрацаваў ад 1 чэрвеня. Для таго каб трапіць у Беларусь, патрэбны «пашпарт заўзятара», які можна аформіць праз інтэрнэт пры наяўнасьці квіткоў на матчы, і пашпарт грамадзяніна сваёй краіны. Спартовы бязьвіз будзе дзейнічаць да 25 ліпеня. Непажаданыя асобы, чый уезд у Беларусь і Расею забаронены — такіх прыкладна 1 мільён 700 тысяч — «пашпарты заўзятара» атрымаць ня змогуць.

Колькі каштуе трапіць на самы дарагі і палітызаваны футбольны чэмпіянат сьвету ў Расеі