3D-фільтры для сэлфі са сьцягамі краінаў-удзельніц і зь відэавобразамі футбалістаў, афіцыйныя відэатрансьляцыі і нават першы ў сьвеце блокчэйн-праект для спартовых блогераў. Усё гэта беларускія праграмісты распрацавалі да чэмпіянату сьвету па футболе, які распачаўся ў Расеі. Свабода даведалася пра дэталі.
Scorum — першая спартовая блогавая плятформа на блокчэйне
«Да самага пачатку чэмпіянату сьвету мы плянуем запуск, — сказаў Свабодзе Дзяніс Лазарэнкаў з каманды Scorum.
Scorum. com — гэта першая ў сьвеце спартовая блогавая плятформа на блокчэйне. Як тлумачыла Свабода, блокчэйн — гэта база дадзеных, якая складаецца з блёкаў транзакцый і захоўваецца адначасова на кампутарах па ўсім сьвеце, злучаных праз інтэрнэт. Сёньня блокчэйн выкарыстоўваецца галоўным чынам для крыптавалютаў. Але патэнцыял выкарыстаньня блокчэйну неабмежаваны: ад рэестраў уласьнікаў нерухомасьці да арганізацыі выбараў.
Увесь кантэнт на Scorum цалкам ствараецца блогерамі. Тут няма штатных аўтараў. У залежнасьці ад свайго ўнёску блогеры атрымліваюць токены — унутраную крыптавалюту.
Яшчэ да афіцыйнага запуску ў Scorum.com была дамоўленасьць з больш як 300 аўтарамі з 38 краінаў. Плятформа адразу будзе працаваць зь пяцьцю мовамі — ангельскай, гішпанскай, расейскай, кітайскай і карэйскай.
У асноўным аўтары будуць пісаць пра футбол. Але на Scorum.com ужо прадстаўленыя такія экзатычныя для нашых мясьцін віды спорту, як бэйсбол, амэрыканскі футбол і крыкет.
«Увогуле ў блокчэйн-сьвеце супольнасьці самі вырашаюць, як разьвіваць плятформу, — сказаў Лазарэнкаў. — Таму мы адразу зрабілі ўхіл на супольнасьць».
Scorum.com — цалкам беларускі праект. Ягоны офіс у Менску. У сакавіку 2018 году праект стаў рэзыдэнтам Парку высокіх тэхналёгій.
NetcoSports — аплікацыі для онлайн-трансьляцыі матчаў чэмпіянату сьвету
У 2014 годзе француская ІТ-кампанія NetcoSports адкрыла свой офіс у Менску. Спачатку гэта было 6 чалавек, якія распрацоўвалі спартовыя мабільныя аплікацыі. Сёньня менскі офіс з 50 супрацоўнікамі — гэта галоўны цэнтар распрацоўкі NetcoSports. А сама кампанія — адна з найбуйнейшых у Эўропе сярод тых, што распрацоўваюць мабільныя аплікацыі для футбольных клюбаў, стадыёнаў і спартовых мерапрыемстваў.
«Мы рабілі дзьве афіцыйныя аплікацыі для Тур дэ Франс — паасобку для Гранд-туру ў Гішпаніі і Францыі, — кажа Аксана Бітэль, мэнэджэр праекту. — Летась было каля мільёна запамповак гэтых аплікацый».
Аўстралійскі футбол, крыкет, хакей, аўтагонкі — NetcoSports распрацоўвалі аплікацыі для большасьці відаў спорту. Але найчасьцей даводзіцца працаваць з футболам. Для яго распрацоўваюць мабільныя аплікацыі паасобных клюбаў і стадыёнаў. Калі чалавек прыходзіць на стадыён, аплікацыя дапамагае яму знайсьці, дзе купіць ежы або выйсьці да прыпынку грамадзкага транспарту. Праз такую прыладу можна нават выклікаць сабе таксоўку.
І нарэшце, NetcoSports стварае аплікацыі для відэатрансьляцый. У кампаніі ёсьць дамовы і з УЭФА — гэта значыць, на паказ матчаў Лігі Эўропы, Лігі чэмпіёнаў і Супэркубку УЭФА, а таксама зь ФІФА — на трансьляцыі матчаў сусьветных кубкаў. У 2014 годзе NetcoSports распрацоўвала афіцыйныя аплікацыі для Чэмпіянату сьвету па футболе ў Бразыліі, у 2016-м — для чэмпіянату Эўропы.
«Звычайна гэтыя аплікацыі бясплатныя. Але ў тым жа beIN Sports карыстальнік мае некалькі бясплатных каналаў, а на іншыя мусіць мець падпіску», — кажа Дзяніс Шыкунец, Android Team Lead.
Сёлета разам з італьянскай кампаніяй Deltatre беларусы працуюць над аплікацыяй для відэатрансьляцый матчаў чэмпіянату сьвету ў Расеі. Італьянцы адказваюць за сэрвэрную частку, а NetcoSports — за інтэграцыю ў аплікацыі.
«Ёсьць афіцыйная аплікацыя пра актуальныя спартовыя падзеі ФІФА — адборачны раўнд ці чэмпіянат сьвету. А мы працуем менавіта над аплікацыяй для відэатрансьляцый», — сказаў Сяргей Міхан, iOS Team Lead.
FunCam Football 2018 — фільтры і відэаэфэкты для фанатаў
Беларуская кампанія Banuba спэцыялізуецца на аплікацыях дапоўненай рэальнасьці. У 2016 годзе яна пачалася як стартап, заснаваны былымі супрацоўнікамі кампаніі Віктара Пракапені. За першы год кампанія змагла прыцягнуць інвэстыцыі ў 5 мільёнаў даляраў ад вэнчурных фондаў Larnabel Ventures сям’і Гуцэрыевых і VP Capital Пракапені, пісаў партал dev.by.
Апошняя распрацоўка Banuba зробленая для футбольных заўзятараў. FunCam Football 2018 — гэта больш за сотню фільтраў і відэаэфэктаў. З дапамогай аплікацыі можна рабіць сэлфі з расфарбаваным у колеры сьцяга тварам, скандынаўскім шлемам ці ў шапцы-вушанцы. Падчас чэмпіянату будуць дадавацца новыя фільтры і эфэкты.
«FunCam Football 2018 — наш падарунак фанатам і заўзятарам», — пракамэнтаваў кіраўнік Banuba Development Мікалай Маркоўнік.
Кампанія спэцыялізуецца на сыстэмах распазнаваньня і штучным інтэлекце, а таму фільтры і відэаэфэкты выглядаюць даволі натуральна.
У Беларусі для ІТ-кампаній усталяваўся спрыяльны клімат, і яны вырашаюць сусьветныя задачы
Беларускія кампаніі натуральна падстройваюцца пад запатрабаваньні сусьветнага рынку.
«Сучасная ІТ, як і навука, даўно перасягнула ўсе межы і стала глябальнай, — кажа Свабодзе Арцём Канцавы, кіраўнік ІТ-парталу dev.by. — Ужо ня важна, у якой краіне ты знаходзісься».
Па словах Канцавога, у той час як навука вымагае велізарных фінансавых уліваньняў, якіх у Беларусі няма, вытворчасьць ІТ-рашэньняў патрабуе ў асноўным адукаваных матываваных людзей.
«Іх у нас хапае», — кажа Канцавы.
На яго думку, для ІТ-кампаній у Беларусі ўсталяваўся спрыяльны клімат, і яны могуць прыцягваць інвэстыцыі.
«Усё гэта дазваляе вырашаць самыя актуальныя сусьветныя задачы самымі сучаснымі інструмэнтамі, — дадае Арцём Канцавы. — На жаль, пра іншыя галіны беларускай эканомікі гэта можна сказаць далёка не заўсёды».