Першы намесьнік кіраўніка беларускага ўраду Васіль Мацюшэўскі распавёў сёньня ў Палаце прадстаўнікоў дэпутатам, як рэалізуецца прэзыдэнцкі дэкрэт № 8 «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі».
Першы намесьнік старшыні Савету Міністраў сказаў, што «ў бліжэйшыя гадоў дзесяць мы ўсе пабачым, як зьнікнуць прафэсіі прадаўца і кіроўцы. Тысячы банкаўскіх служачых пазбавяцца сваёй працы ў банку. Гадоў праз 10–15 у людзей ня будзе неабходнасьці мець уласную машыну — яны ў любы час могуць узяць у арэнду тую машыну, якая ім патрэбная ў гэты момант».
Усё гэта Мацюшэўскі зьвязаў з разьвіцьцём лічбавага бізнэсу і разьвіцьцём у галіне інтэлектуальнай працы.
Ён сказаў, што Парк высокіх тэхналёгій у Беларусі, які з прыходам новага дырэктара Ўсевалада Янчэўскага пачаў працаваць па-новаму, значна набірае абароты.
«Толькі за пяць месяцаў сёлета прыйшло 100 новых кампаній. Гэта абсалютны рэкорд за ўсе гады. Калі тэмпы захаваюцца, то можа атрымацца так, што ў 2018 годзе ў Парк прыйдзе больш кампаній, чым за ўсе папярэднія гады».
Разам з тым першы віцэ-прэм’ер зьвярнуў увагу на тое, што ў Беларусі ўзрост выкладчыкаў тэхнічных ВНУ набліжаецца да 60 гадоў.
«Калі не рабіць тэрміновых захадаў, то хутка ня будзе каму рыхтаваць айцішнікаў», — сказаў ён.
Ня ўсе дэпутаты прынялі гэтую карціну будучыні на веру. Так, Мікалай Улаховіч запытаў: ці ня стане гэты праект надзіманым шарыкам, які хутка лопне? А дэпутатка Вольга Палітыка папрасіла віцэ-прэм’ера падмацаваць свае словы эканамічнымі разьлікамі.
Пасьля дакладу 99 дэпутатаў са 100 прагаласавалі за тое, каб яго «прыняць да ведама». Супраць галасавала Ганна Канапацкая.