«Беларусь — страшна дзіўнае месца». Як паляк шукаў у Беларусі сьляды Міжмор’я

Ілюстрацыйнае фота

За некалькі гадоў польскі пісьменьнік Земовіт Шчэрэк праехаў больш за тузін краінаў Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы ў пошуках Міжмор’я. Так называюць абшар паміж Балтыйскім, Адрыятычным і Міжземным морамі. Адэпты гэтай канцэпцыі лічаць яе выратаваньнем рэгіёну, а крытыкі — утопіяй.

Пошукі фэномэну гэтага рэгіёну ад былой ГДР да Пецярбурга, ад Эстоніі да Баўгарыі Земовіт Шчэрэк апісаў у кнізе «Міжмор’е. Падарожжы па сапраўднай і ўяўнай Цэнтральнай Эўропе». Пра Міжмор’е і яго сьляды ў Беларусі аўтар расказаў у інтэрвію Свабодзе.

— Пра Міжмор’е пішуць кнігі, здымаюць фільмы і спрачаюцца. Але ёсьць адзін нюанс. Невядома, ці яно ўвогуле існуе. Ці гэта не фантазія людзей, якім патрэбен прыгожы міт, каб спрачацца і пісаць артыкулы?

Земовіт Шчэрэк

— Цяпер гэта фантазія. Але Міжмор’е калісьці сапраўды існавала. У краінаў гэтага рэгіёну ёсьць супольная гісторыя і супольныя інтарэсы. Праблема ў тым, што мы ня ведаем, як гэтыя інтарэсы рэалізаваць. Ідэальна было б, калі б сам рэгіён натхняў сябе сваёй жа прывабнасьцю, меў сваю мяккую сілу. Калі гэты рэгіён мае супольны лёс і стрыжань, то ў нас павінна быць уласная нарацыя. Пакуль жа гэтага няма. Пакуль у нас толькі падзеленыя кавалкі і нічога, што магло б нас аб’яднаць. На гэты момант нас аб’ядноўваюць толькі дзьве рэчы: пэрыфэрыйнасьць і досьвед сацыялізму. З аднаго боку — пуцінская Расея, а з другога — лібэральная Нямеччына Ангелы Мэркель, за якую мы павінны радавацца і трымацца.

— Я ўспрымаю Міжмор’е як утопію. Цяжка ўявіць, што можа сёньня аб’ядноўваць Літву і Беларусь або Польшчу і Румынію, нягледзячы на тое, што было стагодзьдзі таму. У Беларусі і Літвы з Польшчай сёньня кепскія дачыненьні, розныя мэты і сілы прыцяжэньня. Я ўжо не кажу пра Румынію, якая зусім іншы сьвет. Што ж нас аб’ядноўвае?

— Усе нашыя непаразуменьні і канфлікты — гэта клясычная пэрыфэрыйнасьць і правінцыйны падыход. Гэтыя канфлікты і непаразуменьні былі тут заўсёды, і гэта ў нас урасло. Заходняя ж сыстэма адзінай Эўропы зусім іншая. Яны выдатна разумеюць, што трэба адкінуць пэўнае нацыянальнае стэрэатыпнае мысьленьне. А мы яшчэ знаходзімся напярэдадні постмадэрністычнага сьвету. Мы ўсё яшчэ перад развалам народаў, пра што пісаў Купэр. А цяпер нацыяналістычная рыторыка, наадварот, вяртаецца, адпаведна павялічваюцца і антаганізмы. Ніводная ідэя да гэтай пары не была больш крывавай, чым тая, якую мы шануем і лічым найлепшай. Гэта ідэя дзяржавы на аснове этнічнага народу.

— Гэта архаізм. Няўжо нават у Міжмор’і ёсьць краіны, якія ўспрымаюць народ як этнас? Большасьць насельніцтва можа належыць да аднаго этнасу, але ж грамадзянінам можа стаць любы чалавек. І ён будзе мець такія самыя правы, як карэнны жыхар. І так сёньня паўсюль.

— Гэта праўда, але толькі тэарэтычна. Мы падзяліліся на вельмі малыя кавалкі, таму ўжо позна. Мы можам прыгожа казаць, што і паляк можа быць літоўцам, але насамрэч ён будзе заўсёды паглядаць на сваю айчыну. Мы ўсё яшчэ жывём у эпоху нацыянальных дзяржаваў. Ва Ўкраіне нават «Правы сэктар» кажа, што ўкраінцам можа быць кожны, але гэта не заўсёды працуе на практыцы. Польшча павінна была б абапірацца на традыцыю шматнацыянальнай Рэчы Паспалітай, якой яна некалі была, але яна кажа пра Польшчу і палякаў.

— У гэтым сэнсе Беларусь павінна быць для цябе ідэальнай дзяржавай. Беларусы ў сваёй пераважнай большасьці размаўляюць не на сваёй мове. Вялікі ўплыў мае культура суседняй дзяржавы, то бок усё нацыянальнае вельмі размытае, а радыкальны нацыяналізм — зьява маргінальная.

— А гэта акурат адваротная крайнасьць. Беларусь як краіна ўтварылася, магчыма, толькі цяпер. Тую Беларусь, якая ёсьць, стварыў Лукашэнка. І яна ніяк ня ўпісваецца ў беларускую нацыянальную пазыцыю. Калі б сто гадоў таму сказаць беларускаму дзеячу, што праз сто гадоў Беларусь будзе апошнім водбліскам СССР і ў вялікай ступені савецкай культуры, то ён бы, пэўна, зьдзівіўся. Усё нечакана пайшло ў іншым кірунку. І самае цікавае, што гэтая так званая савецкая частка насельніцтва ня мусіць быць чымсьці аўтарытарным. Яны могуць быць і дэмакратамі, і лібэраламі, што добра паказвае Сьвятлана Алексіевіч. Гэта постнацыянальны і постэтнічны народ на аснове расейскай культуры. Але ў той жа час гэта не Расея і не расейскі народ. Людзі з Гомля маюць шмат супольнага зь людзьмі з Сумаў або зь Цьверы, але яны не расейцы і не ўкраінцы. Я думаю, што на сёньняшні дзень гэта адзін з найбольш «непрадстаўленых» народаў у Эўропе. «Абаронцам» гэтага народу зьяўляецца Пуцін.

— А якое месца Беларусь займае ў Міжмор’і? Чым яна вылучаецца?

— Беларусь — страшна дзіўнае месца. Але з другога боку, на гэтым грунтуецца яе нармальнасьць. Мы прызвычаіліся ўспрымаць Беларусь на мапе Эўропы як нейкую пляму, якой кіруе Лукашэнка і дзе невядома што адбываецца. Але ў Беларусі, як і паўсюль, адбываюцца грамадзкія працэсы. Яны не такія самыя, як у астатніх краінах Міжмор’я, але вельмі падобныя. Гэта першая краіна, якая выбрала свой уласны шлях. Праблема ў тым, што невядома, куды гэты шлях вядзе.

— Да бязьмежнай улады і яе захаваньня...

— Я ня ведаю, якая мэта дынастыі Лукашэнкі. Але Беларусь стала першай краінай, якая пасьля распаду СССР адмовілася ад заходняй лібэральнай сыстэмы. Пасьля тое самае зрабіла Расея ды іншыя краіны Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы, у тым ліку Польшча і Вугоршчына. Раней здавалася, што Лукашэнка дзейнічае на ўзор сярэднеазіяцкіх кіраўнікоў. Але ён са сваім аўтарытарызмам і ручным кіраваньнем нечакана стаў узорам для такіх палітыкаў, як Віктар Орбан і нават Ярослаў Качыньскі.

— Наўрад ці Лукашэнка пра гэта ведае.

— Магчыма, што і сам Качыньскі пра гэта ня ведае. Гэта пачалося ад Лукашэнкі, ён пачаў гэты трэнд. Ён стварыў краіну, так вылізаную, што ажно зіхаціць ад чысьціні. І гэтым самым ён здабыў сабе падтрымку. На постсавецкай прасторы гэта рэдкасьць. Але зь іншага боку, Беларусь стала краінай, дзе забыліся на заходнія каштоўнасьці. І многія працэсы, якія пасьпяхова адбываюцца ў іншых краінах рэгіёну, Беларусь абмінаюць.

— А чым Беларусь адрозьніваецца ад іншых краінаў Міжмор’я?

— Гэта краіна, у якой часта шмат што будуецца з нуля. Беларускія сяляне, якія лічылі сябе «тутэйшымі», пераскочылі ў савецкія часы, якія сталі для іх найлепшымі ў гісторыі. Для іх гэтая эпоха стала часам разьвіцьця і дабрабыту. У Беларусі ў той час не функцыянавалі міты, якія былі ў Літве і Польшчы. Пра народ, пра «сьвятую дзяржаву», каралёў і іх кароны. Літоўцы вярнуліся да Пагоні і сьцяга, а беларусы вярнулі сымбалі БССР. У гэтым сэнсе Беларусь — гэта новая дзяржава. Яна толькі цяпер пачынае казаць пра карані ў Полацкім княстве, пра спадчыну Беларусі-Літвы. У гэты момант Беларусь існуе як праект Лукашэнкі, і сваім гэты праект лічаць постсавецкія людзі.

— Польшчы трансфармацыю ўдалося прайсьці вельмі пасьпяхова. Чаму палякам удалося так шмат, а беларусам, украінцам, літоўцам — значна менш?

— Найперш таму, што Польшча не была часткаю СССР. У нас захаваліся эліта. Часам яна была неглыбокая, але як бы там ні было, у нас жыла празаходняя і дзяржаўніцкая думка. У Польшчы таксама ёсьць сур’ёзныя праблемы зь якасьцю дзяржавы. Я цяпер крытыкую кансэрватыўны ўрад ПіС, але раней я крытыкаваў урад лібэралаў «Грамадзянскай плятформы». Але ў любым разе наша дзяржава існавала. Беларусі як дзяржавы не было, а калі яна ўзьнікла, то ёю пачаў кіраваць Лукашэнка. Магчыма, каб кіраваў Шушкевіч, усё пайшло б інакш. Але ёсьць, як ёсьць. Ва Ўкраіне мы ўвогуле назіраем распад дзяржавы. Яны ніяк ня могуць стварыць супольнасьць. Краінам Балтыі ўдалося больш, бо ў іх відавочна нямецкая ідэя дзяржавы. Я маю на ўвазе Латвію і Эстонію. Літва знаходзіцца недзе паміж Усходняй Эўропай і квазіпаўночнай Эўропай.

— А ў якой частцы Міжмор’я вы адчувалі сябе найбольш утульна? І якія фактары на гэта паўплывалі?

— Я сам чалавек з Цэнтральнай Эўропы, старой імпэрыі Габсбургаў. Мая сям’я з паўднёвай Польшчы, сам я доўгі час жыў у Кракаве, і мяне заўсёды больш цягнула да Чэхіі, Вугоршчыны і Славаччыны. Цяпер я жыву ў Варшаве, у так званай пострасейскай частцы Эўропы, і бачу, як яна мяняецца. Раней, калі я ехаў у Варшаву, то адчуваў, што еду на Ўсход, але цяпер гэтая частка Польшчы хутка мяняецца і набывае нейкую духоўную глыбіню.

— Што зь ёю адбываецца?

— Ідзе пераход ад панаваньня крывога маскоўска-расейскага люстэрка ў бок заходняй Эўропы. Цяпер там, дзе раней панавала Расейская імпэрыя са сваёй адсутнасьці эстэтыкі, Захад стварае новую форму. Калі Варшава пачала глядзець на захад і зьмяняцца паводле яго ўзораў, то яна перастала быць крывым люстраным адбіцьцём, усходнім і правінцыйным.

— Вы згадалі Качыньскага і Орбана. Да палітыкаў з гэтага шэрагу залічваюць і Зэмана ў Чэхіі, Пуціна ў Расеі. Магчыма гэта мэнталітэт Міжмор’я стварае такіх лідэраў?

— Так адбываецца ва ўсіх пэрыфэрыях на сьвеце, якія Захад спрабаваў вэстэрнізаваць. Гэта той працэс, калі пасьля доўгай спробы быць падобным да кагосьці надыходзіць момант пратэсту. І мы цяпер маем справу з патрэбай моцнай ідэнтыфікацыі зь нечым вельмі свойскім. Для Эўропы мы пэрыфэрыя, як Арызона або Тэхас для поўначы ЗША.

— Гэта вельмі пэсымістычная ацэнка. Няўжо нічога істотна не зьмянілася ад распаду СССР?

— Вядома, зьмянілася. У лепшы бок. І я вельмі хачу, каб мы працягвалі рухацца ў бок цэнтру Эўропы. Але аднаго жаданьня мала, трэба мець нейкія ідэі і ўмець іх рэалізаваць. Я ня бачу вялікіх намаганьняў далучыцца да Захаду, акрамя крыкаў і хаценьня, як гэта робіць Польшча, або кропкавых эканамічных стасункаў з Эўропай, як гэта робіць Лукашэнка. Віктар Орбан ператварае краіну ў фабрыку аўтамабіляў, але ўсяго гэтага мала, каб стаць Эўропай. Цікавыя ідэі былі ў Фінляндыі і Эстоніі, і яны іх пасьпяхова рэалізуюць. А мы трошкі, як малыя дзеці, хочам быць цэнтрам Эўропы, але мы ня цэнтар. У Польшчы была палітычная ідэя наконт Міжмор’я, але ўлады ня толькі не пераканалі ў гэтай задуме іншых, а некаторых нават адкінулі ад яе.

— Дзе сёньня сэрца Міжмор’я?

— Гэта Нямеччына і Бэрлін. А мы далей, недзе паміж імі і Расеяй. І там, дзе Захад не дае рады, прыходзіць Расея. На вялікі жаль, для Захаду мы ўсё яшчэ «яны». Гэта ўсё яшчэ не супольнае «мы».

— І чыя гэта праблема? Захаду з намі ці наадварот?

— Гэта праблема адных з другімі. Пытаньне ў тым, хто можа сабе дазволіць вырашыць гэтую праблему. Захад можа даць сабе рады бяз нас. Яны так функцыянавалі ўсю «халодную вайну». А вось калі мы адыдзем ад Захаду, то гэта будзе горш для нас. І гэта вельмі проста праверыць. Калі тут зьявіўся Захад, то ўсім ад гэтага стала лепш. І таму вядома, што стане, калі мы яго страцім. Нават калі пагадзіцца, што некаторых з нас Захад выкарыстоўвае, гэта і так на нашу карысьць. Гэта наша праблема, што мы кепска да яго дастасоўваемся. Але калі падыходзіць да гэтага пытаньня чыста па-чалавечы, то Захад павінен нас лепш разумець, усе нашыя дзівацтвы і асаблівасьці. Гэта як з чалавекам, у якога нешта не атрымліваецца і якому трэба дапамагчы.

— Праблема ў тым, што для вялікай часткі беларусаў збліжэньне з Захадам — гэта найперш гей-парады, NATO і поўная прыватызацыя маёмасьці. А Расея — танны газ, рынак збыту, а значыць, хоць нешта стабільнае.

— Беларус бачыць у Эўропе аднаполыя шлюбы і прыватызацыю толькі таму, што так яму кажа расейская і беларуская прапаганда. Заходняя Эўропа настолькі багатая і самадастатковая, што можа займацца правамі меншасьцяў. А для чалавека, які яшчэ далёкі ад заходняга дабрабыту, усё гэта капрыз. Украінская паліцыя закупіла гібрыдныя аўтамабілі. І калі там пачнуцца нейкія пратэсты, то гэтыя аўтамабілі спаляць у першую чаргу, бо яны далёкія ад сёньняшніх патрэбаў украінцаў. Трэба разумець, што мы жывём у часы, калі нармальнае стаўленьне да ЛГБТ гэта ўсяго толькі праява добрага тону. Прыватызацыяй, мне здаецца, у нас ужо нікога не напалохаеш. У Расеі яна ў разы больш дзікая, чым на Захадзе. Заходні лібэралізм — гэта вяршэнства закону, таму страх беларусаў або расейцаў перад прыватызыцыяй гучыць сьмешна. Лукашэнкаўскія стандарты ў разы горшыя, чым стандарты на Захадзе.

— Што сёньня замінае таму, каб у Міжмор’і была ідылія і партнэрства?

— Ня ведаю, ці гэта магчыма. Найлепшы рэцэпт — гэта ўзяць сабе заходнюю палітычную мадэль. Я маю на ўвазе лібэральную дэмакратыю, якая выратуе нас ад нацыяналізму. Але зь Беларусьсю ўсё складаней. Усё яшчэ перад вамі, у тым ліку і рост нацыяналізму.

***

Земовіт Шчэрэк (нар. 1978) — рэпартэр і пісьменьнік, супрацоўнічае з польскімі выданьнямі Polityka, Gazeta Wyborcza, Nowa Europa Wschodnia, Tygodnik Powszechny. Аўтар кніг «Сямёрка», «Прыйдзе Мордар і нас зьесьць», «Тату з Трызубам». Ляўрэат прэстыжнай прэміі «Пашпарт Polityki», фіналіст літаратурнай прэміі Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы Angelus (2015) i Nike (2016).