На сайце нацыянальнага аэрапорту «Менск» 13 чэрвеня спачатку было анансаванае падвышэньне цэнаў на паркоўку, затым апублікаванае абвяржэньне, адзначае БелаПАН.
«РУП „Нацыянальны аэрапорт Мінск“ прыносіць свае прабачэньні за недакладную інфармацыю, — пішуць на сайце аэрапорту. — Абвестка пра падвышэньне тарыфаў за аказаньне паслугаў платнай кругласутачнай аўтастаянкі, раней разьмешчанае ў разьдзеле „Аўтастаянкі“ на афіцыйным сайце Нацыянальнага аэрапорту, была апублікаваная памылкова».
Раней пісалася, што цэны на паркоўку на платнай стаянцы на 1235 месцаў за гадзіну маюць вырасьці з 1,5 рубля да 2, за дзень з 6 да 12 рублёў, за тыдзень з 30 да 60 рублёў. Пры гэтым ля аэрапорта ёсьць таксама бясплатная стаянка на паўтары тысячы месцаў, таксама пад уваходам у аэрапорт ёсьць пляцоўка для пасадкі і высадкі пасажыраў.