У Расеі 14 чэрвеня адкрываецца чэмпіянат сьвету па футболе 2018 году. Падзея будзе адбывацца на фоне найгоршага з часоў «халоднай вайны» абвастрэньня адносінаў Масквы з Захадам.
Прадстаўнікі ўладаў шэрагу краін, у прыватнасьці Вялікай Брытаніі, Аўстраліі, Канады, Ісьляндыі, Польшчы, Фінляндыі, абвясьцілі пра намер байкатаваць чэмпіянат у Расеі.
46 дэпутатаў Эўрапейскага парлямэнту падпісалі ліст, у якім заклікалі краіны Эўразьвязу да байкоту. Прычынай гэтага яны назвалі агрэсіўныя дзеяньні Расеі ва Ўкраіне і Сырыі, атручваньне ў брытанскім Солсбэры былога расейскага шпіёна Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі, дэзінфармацыйныя кампаніі Масквы, хакінг, умяшальніцтва ў выбары і спробы аслабіць і падзяліць Эўразьвяз.
Актывісты ва Ўкраіне і сьвеце патрабуюць ад Расеі і яе прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна вызваліць незаконна зьняволеных украінцаў, у прыватнасьці ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які ўжо месяц галадае ў расейскай калёніі. Акцыі праходзяць у розных краінах і на розных кантынэнтах пад лёзунгамі #FreeOlegSentsov і #SaveOlegSentsov.
Пры гэтым у Крамлі заявілі, што лідэры 17 краінаў і тэрыторый наведаюць цырымонію адкрыцьця чэмпіянату сьвету па футболе на маскоўскім стадыёне «Лужнікі».
Пераважна ў сьпіс увайшлі краіны Лацінскай Амэрыкі і СНД, а таксама сэпаратысцкія рэгіёны Грузіі Абхазія і Паўднёвая Асеція, самаабвешчаную незалежнасьць якіх прызнае Масква. З названага сьпісу толькі дзьве краіны — Сырыя і Панама — удзельнічаюць у спаборніцтвах чэмпіянату.
Напярэдадні чэмпіянату Маскву крытыкавалі міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у прыватнасьці Human Rights Watch і Amnesty International.
Human Rights Watch у сваёй справаздачы заявіла, што чэмпіянат будзе праходзіць на фоне «найбуйнейшага крызісу з правамі чалавека ў Расеі з савецкай эры». 15 траўня арганізацыя заклікала FIFA выкарыстаць свой уплыў і паставіць перад уладамі Расеі пытаньне аб парушэньні правоў чалавека, правоў працоўных, абмежаваньняў базавых свабода, а таксама дамагацца ад Масквы вызваленьня актывістаў, асуджаных па сфабрыкаваных справах.
Матчы чэмпіянату сьвету па футболе пройдуць у 11 расейскіх гарадах: Маскве, Санкт-Пецярбургу, Самары, Саранску, Растове-на-Доне, Сочы, Казані, Калінінградзе, Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе і Екацярынбургу. Першы — паміж зборнымі Расеі і Саудаўскай Арабіі — заплянаваны на 14 чэрвеня. Фінал адбудзецца 15 ліпеня.