У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае архівістка і літаратарка Вольга Бабкова.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
А. Аляксандар Шмеман, «Основы русской культуры. Беседы на Радио Свобода 1970–1971». Прачытаўшы колькі гадоў таму «Дневники» а. А.Шмемана, я зразумела, што знайшла для сябе асобу, вартую даверу. Заўсёды дзіўна і ўсьцешна ўсьведамляць, што пэўны час на Зямлі ты жывеш поруч з надзвычай годнымі людзьмі. Дзе б яны не жылі — у Нью-Ёрку, Буэнас-Айрэсе, Менску ці пад Сувалкамі на Чорнай Ганьчы. Чытаючы (амаль слухаючы) гэтыя размовы пра культуру, мне зрабілася крыху больш ясьнейшай эвалюцыя духоўнага краху сёньняшняй Расеі.
Корзан апісваў горад на ўзроўні жэстаў і жартаў ягоных жыхароў
Тадэвуш Корзан, «Менск у сярэдзіне 19 ст. З уласных успамінаў». Кніга напісаная ў 1908 годзе даволі сталым чалавекам пра горад дзяцінства. Дом Корзанаў стаяў каля Архірэйскага завулка, непадалёк плошчы Новага рынку, а гэта значыць, непадалёк ад цяперашняга тэатра. І мне страшэнна цікава «накладаць» знаёмыя карцінкі гораду на ягоныя «цені». Тым болей, што Т. Корзан апроч усяго апісваў горад на ўзроўні жэстаў і жартаў ягоных жыхароў. На ўзроўні пахаў і гукаў тагачаснага гораду. Ёсьць тут і згадка маёй улюбёнай колішняй Казьмадзям’янаўскай «цеснай» вуліцы, і месца камяніцы «багацея» Атона Горвата. Корзан — гэткі менскі тапаграфіст, зь якім файна крочыць па горадзе ценяў. Усе ягоныя продкі пахаваныя на менскай Кальварыі, купа дрэваў якой так доўга была бачная з вокнаў майго дому.
Міхаэль Кёльмаер, «Дзяўчынка з напарсткам». Гэтую кнігу аўстрыйскага аўтара мне падаравала яе перакладніца Ірына Герасімовіч на нядаўнім фэсьце, і пакуль я не перагарнула апошнюю старонку, пранасіла яе практычна ў руках увесь час. У ёй — пра нібыта «чужы», а насамрэч да пякучага болю знаёмы досьвед — апынуцца «іншым» на незнаёмай плянэце людзей. Маршрут, па якім блукалі малыя бесхацінцы, калі б была магчымасьць пабачыць яго з птушынага лёту, меў бы графічным сымбалем адчайную безнадзейнасьць. Гэты раман адкінуў мяне ва ўспамін пра іншы — «Мы, животные» амэрыканца Джастына Торэса.
Сямігадовая разумніца Катарына ня мела моцы прадухіліць бяду
Яшчэ адна кніга з апошняга фэсту — навэла швайцарца Франца Холера «Каменны патоп» у выдатным перакладзе Ірыны Герасімовіч. Даўно я не пагружалася «з галавой» у расповед. На гэты раз — у пераствораны аўтарам сьвет дажджыстага і ветранага кантону Глярус. Маленькая сямігадовая разумніца Катарына ня мела моцы прадухіліць бяду, што непазьбежна насоўвалася на вёску з блізкіх гор, але ж унутраным зрокам прыкмячала ўсе яе знакі. Уратаванымі Катарынай засталіся адно зробленыя з костак чалавечкі і статак цацачных жывёлаў. І хаця я пагружалася «з галавой», усё ж заўважала столькі дакладных дэталяў і момантаў у апісаньні жыцьця і стасункаў жыхароў вёскі Эльм, што, адрываючыся ад чытанкі, падоўгу адчувала смак сушаных эльмаўскіх грушак.
Праца ў тэатры вымагае прачытаньня шматлікіх драматургічных тэкстаў, якія далёка не заўсёды ўяўляюць сабой добрую літаратуру. Барыс Пастарнак з такой нагоды пісаў: «В мировой литературе и у нас очень много пошлости. Пишут обо всем и не теми словами». Бадай, найперш, вылучаю тэксты драматургаў Марыюса Івашкявічуса, Дзьмітрыя Багаслаўскага, Андрэя Іванова…
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Распавяду пра некалькі. Згадаю найперш кнігу"Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча. Люблю манеру пісьма гэтага аўтара. Кніга напачатку напалохала важкасьцю, але аказалася лёгкай. Штосьці ў сюжэтах выклікала маю нязгоду, але залагоджвалася ўнутранай сьвяточнасьцю пісьма. Адчуваліся азарт і асалода, з якімі пісалася гэтая кніга. Дарэчы, эпізод у аэрапорце ў момант разьвітаньня герояў у іншай кнізе Бахарэвіча, «Бэзавы і чорны…», лічу найвыразнай любоўнай сцэнай у сучаснай беларускай літаратуры.
«На засьнежаны востраў» Анкі Ўпалы — вельмі даверлівы адкрыты тэкст, шчымліва паэтычны асабліва ў другой частцы. Адно, з чым дакладна не пагаджуся з аўтаркай — у Беларусі ўсё ж можна адшукаць безьліч вартых месцаў, каб пасадзіць і расьціць з жалудоў дубы.
«Американские горки» Тані Скарынкінай. Даўно люблю Таніну творчасьць і любіць буду, бо яна здольная глядзець на звыклы сьвет, нібы адарваная ад пляскатасьці сантымэтраў на трыццаць.
Хацелася б згадаць яшчэ аднаго смаргонца, а менавіта Майсея Кульбака і ягоны дасканалы аповед «Муня-птушкавод і яго жонка Малкелэ» ў перакладзе Вольфа Рубінчыка, які друкаваўся ў «Дзеяслове». На маю думку — сапраўдны літаратурны шэдэўр.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Рознае. Найперш, парады. Як ад блізкіх людзей, так і ад шырокага сьвету.
Пра габрэйскую прастору ў беларускай літаратуры
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам...
Тое, што грэцца ў халадэчу можна з дапамогай нагрэтых вішнёвых костачак, сабраных у торбачку.
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
«Али и Нино» Курбана Саіда. Пра каханьне мусульманіна азэрбайджанца Алі хана Шырваншыра і грузінкі-хрысьціянкі Ніно Кіпіяні. (Параіла дачка, якая доўга шукала папяровы варыянт кнігі і ў выніку абмяняла яе на іншую кнігу ў кавярні «Стары Менск». Люблю такія гарадзкія гісторыі з кнігамі).
Адносна нядаўна ўпершыню (!) прачытала раман Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні». Абсалютны шэдэўр беларускай літаратуры. Раман, ключавымі словамі якога зьяўляюцца «радасьць» і «душа».
Улічваючы сваю цяперашнюю «заточанасьць» на беларускай літаратуры, прачытала апошнім часам раманы Ядвігіна Ш., Фларыяна Чарнышэвіча, Сяргея Пясецкага. (У апошняга люблю асабліва раман «Багам ночы роўныя»).
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Казаць — не пераказаць. Кагосьці ж усё роўна не назаву. І гэта будзе несправядліва. Таму згадаю «заплюшчаўшы вочы»: Марыя Вайцяшонак, Валянцін Акудовіч, Айрыс Мёрдак, Уладзімер Арлоў, Алесь Разанаў, Антанін Баяя, Павал Касьцюкевіч, Ігар Бабкоў, Крысьціян Бабер, Архан Памук, Ева Вежнавец, Сяргей Дубавец, Катэржына Тучкава, Зьміцер Бартосік, Павал Гюле, Алена Брава, Мілан Кундэра, Мікалай Захаранка…
Сярод згаданых шмат паэтаў, але паэтаў згадаю яшчэ і асобна: Тацяна Сапач, Алег Мінкін, Уладзя Лянкевіч, Наста Кудасава, Валянціна Аксак, Міхал Анемпадыстаў, Вольга Гапеева, Тацяна Нядбай, Даша Бялькевіч, Ганна Комар, Дзьмітрый Строцаў, Сабіна Брыло… Вельмі люблю паэму «Ложак для пчалы» Ўладзімера Някляева.
У траўні на менскай Грушаўцы ў «Кніжнай шафе» слухала Вальжыну Морт. Гэта было моцна. Ярка, глыбока, выразна. Яе думкі пра памяць былі вельмі сугучнымі. Стаяла, слухала і згадвала рытмы і вусьціш паэзіі Паўля Цэлана.
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
На жаль, я зусім не сьмяшлівая. Зрэдку заўважаю пра сябе, што так — сьмешна. Але. Чытаючы кнігу Андруся Горвата «Радзіва Прудок», рагатала ў некаторых месцах, палохаючы сваякоў і начных матылёў. Сьмяялася і з «Зэльманцаў» Майсея Кульбака. Так, сьмех мае столькі адценьняў…
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Верш Людкі Сільновай, прысьвечаны Тацяне Сапач. Я прачытала яго ў адным зь нядаўніх «Дзеясловаў» і нават не змагла дачытаць да канца. Тройчы чытала і тройчы плакала. Памятаю, як уголас плакала над кнігай Арундаці Рой «Бог Мелочей» у моманце расстаньня герояў. Але найчасьцей — сьлёзы цякуць унутры.
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Бадай, пра кнігу не згадаю. Злуе і моцна расчароўвае стаўленьне да падзеяў у сярэдзіне сучаснага літаратурнага працэсу. Згадваецца мілашаўскі выпіты да дна «келіх пыхлівасьці». І не адзін такі келіх.
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Дамскія раманы; напісаныя квазінавуковай мовай і нахабна ідэалягічныя выданьні.
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Чыталкі ня маю. Люблю папяровыя кнігі. Іх цяжар. Заўсёды нашу ў торбачцы кнігу. Цікава, што практычна ўсе мае блізкія сябры і знаёмцы — кніганошы ў душы. Кніга ў торбе — файны магніт! Найчасьцей пачынаю некалькі кніг паралельна. А пасьля — як пойдзе. Чытаю на працягу дня, люблю ўвечары. Апошнім часам магу прачнуцца пасярод ночы і чытаць. Пасьля заснуць і прысьніць дзіўны працяг.
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Збольшага ведаю. Хаця ў патрэбны момант магу і не знайсьці кнігу. Зь дзяцінства памятаю формы і колеры карэньчыкаў кніг у бацькоўскай шафе. Цяпер кнігі іншыя. Іх прысутнасьць грэе. Цікава сказаў пра сябе і пра кнігі Чэслаў Мілаш: «Мой радавод там, сярод назваў на карэньчыках тамоў».
Пра літаратурны Менск
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Ня ведаю, наколькі зьдзівіць, але крыху такіх даволі рэдкіх ёсьць — Adam Mickiewicz «Pan Tadeusz czyli ostatni zajazd na Litwie», Łódź, выданьне, здаецца, 40-х гадоў. Кніга з гарышча старога ваўкавыскага дому. З саламянага куфра. У музэі Чэслава Немэна ў Старых Васілішках бачыла такі самы экзэмпляр на стале побач з букетам півоняў. Ежи Гижицки «С шахматами через века и страны» (з прадмовай Д. Бранштэйна), Warszawa, 1964 — кніга з бібліятэкі маіх бацькоў. Зоська Верас — беларуска-польска-расейска-лацінскі БОТАНІЧНЫ СЛОЎНІК, Вільня, 1924. Яшчэ згадаю кнігу Аркадзя Капілава «Замкавая 2/7». Выдавец ПКААТ «Джэйх-Сож», 1995. Знайсьці яе, канешне, можна, як і папярэднія кнігі. Але ж. Гэтая апошняя — найцяплейшая кніга пра Менск з цудоўным працягам у рэальным менскім жыцьці. Так. Кнігі таксама маюць свой лёс.
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Ад Марыі Вайцяшонак кнігу «Сад нявіннасьці». Найцікавейшая для мяне сучасная аўтарка.
Ад Анджэя Струмілы — «STO». Сто вершаў і сто графічных палётаў самотнага чалавека.
Ktoś powiedział
Wspomnieniem żyjesz
Powiedziałem
Żyję tym co moje (A.S.)
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Пра каго чытаю — таго моцна люблю, ці проста люблю, ці зусім не.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
Чытала вельмі шмат, колькі сябе памятаю. Першую кніжку ў цьвёрдай вокладцы (а гэта значыць, дарослую!) я прачытала ў 7 гадоў. Гэта былі «Охотники на мамонтов» чэскага пісьменьніка Эдварда Шторха. Пасьля — «Папа, мама, восемь детей и грузовик» Аннэ-Катарыны Вэстлі з Нарвэгіі (дзьве часткі). Любіла казкі (чарадзейныя перадусім). Асабліва кнігу казак Андэрсэна з малюнкамі Арлена Кашкурэвіча. Пасьпела сказаць выдатнаму мастаку пра тое, што пэўны густ і мастацкае ўяўленьне атрымала менавіта ад ягоных лёгкіх паветраных, пяром намаляваных герояў…
А яшчэ наймацнейшы ўспамін маю ад кнігі Яна Лары «Необыкновенные приключения Карика и Вали». Незвычайная і гісторыя гэтай кнігі для мяне. У нашым доме на першым паверсе жыла самотная жанчына. У свае 10 гадоў я часта хадзіла да яе ў госьці. У яе было шмат кніг. Памятаю, як на сваёй утульнай маленькай кухні яна дала мне ў рукі кнігу і параіла абавязкова прачытаць. Гэта было захапляльна! Дасюль памятаю амаль тактыльна адчуваньне дотыку да каленак варсістай сьпінкі стрыблі. Прыгоды Карыка і Валі я перажывала напоўніцу. Праз год, калі я вярнулася пасьля летніх канікулаў — суседкі ўжо не было. Памятаю толькі яе зусім белую галаву з заколатай ззаду касой. Прозьвішча яе было — Іванова.
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
Кнігу Валянціна Акудовіча «Прачнуцца ранкам у сваёй краіне».
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Германа Гесэ, Тацяну Сапач і Міхала Анемпадыстава.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
Такой патрэбы няма.
Што вы перачытваеце?
Зінгера, Памука, Эсківэль, Эстас, Акутагаву, Акудовіча, Мандэльштама, Жылку, Ахмадуліну, Гарэцкага…
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
Новыя раманы Вольгі Такарчук, Архана Памука, Сяргея Жадана, раман Дына Буццаці «Татарская пустыня». Вельмі спадзяюся прачытаць новую кнігу Евы Вежнавец, бо адчуваю моцны патэнцыял гэтай пісьменьніцы.