14 чэрвеня ў Расеі стартуе 21-ы па ліку чэмпіянат сьвету ў футболе — адзін з самых крытыкаваных за ўсю гісторыю мундыяляў. 32 нацыянальныя зборныя будуць раскватараваныя ў 11 гарадах, каманда Беларусі чарговым разам у фінальную стадыю не прабілася.
Чым адметныя сёлетнія спаборніцтвы і ці на карысьць беларускім заўзятарам геаграфічная блізкасьць да расейскай футбольнай інфраструктуры?
Беларусь транзытная
З улікам бязьвізавых стасункаў паміж Масквой і Менскам, яшчэ задоўга да турніру паўстала пытаньне, як спыніць пранікненьне непажаданых элемэнтаў з боку Беларусі. У Расеі прагназавалі, што чэмпіянат сьвету наведае больш як 1,5 мільёна замежных заўзятараў. Вынікам кансультацый стаў так званы «спартовы бязьвіз», які запрацаваў ад 1 чэрвеня. Паводле міжурадавага пагадненьня, іншаземцы з адмысловымі картамі змогуць бязь візаў прыяжджаць на сёлетні футбольны чэмпіянат сьвету ў Расеі і на Эўрапейскія гульні 2019 году ў Беларусі.
Для таго, каб трапіць у Беларусь, гасьцям спатрэбіцца «пашпарт заўзятара», які можна аформіць праз інтэрнэт пры наяўнасьці квіткоў на матчы, і пашпарт грамадзяніна сваёй краіны. Першы будзе выдавацца толькі на тэрыторыі Расеі, аднак пры зьверцы дакумэнтаў будзе дастаткова і раздрукоўкі з інтэрнэту. Спартовы бязьвіз будзе дзейнічаць да 25 ліпеня. Непажаданыя асобы, чый уезд у Беларусь і Расею забаронены — такіх прыкладна 1 мільён 700 тысяч — «пашпарты заўзятара» атрымаць ня змогуць.
Рэкорд у выдатках
Расейскі чэмпіянат сьвету пабіў усе ранейшыя рэкорды ў колькасьці патрачаных грошай. Агульны кошт падрыхтоўкі ацэньваецца ў 13 мільярдаў 200 мільёнаў даляраў. Пры гэтым няма пэўнасьці, што афіцыйная лічба адпавядае рэальным укладаньням. Для параўнаньня, Нямеччына ў 2006 годзе выдаткавала на мундыяль блізу 7,5 мільярда даляраў, Паўднёвая Афрыка ў 2010-м — 6 мільярдаў, Бразылія чатыры гады таму — больш за 10 мільярдаў, за што яе кіраўніцтва было жорстка раскрытыкаванае за марнаваньне сродкаў.
З тузіну расейскіх стадыёнаў толькі некалькі капітальна перабудоўваліся, астатнія ўзводзіліся з нуля. Да апошняга існавала рызыка, што асобныя арэны так і ня ўдасца давесьці да ладу — тэрміны здачы неаднаразова пераносіліся. Увесьці ў эксплюатацыю спартовую інфраструктуру Расея абавязалася да 1 сьнежня 2017 году. Аднак шэраг арэнаў не былі гатовыя і ФІФА пагадзілася перанесьці дату на 1 красавіка. Але не ўдалося ўкласьціся і ў гэтыя тэрміны, 6 з 12 стадыёнаў былі ў працэсе «дабудоўваньня». Толькі на пачатку траўня прэзыдэнт Уладзімір Пуцін заявіў, што падрыхтоўка «практычна завершаная».
Палітызаваны мундыяль
Сёлетні чэмпіянат сьвету самы палітызаваны. Кіраўнікі шэрагу краінаў публічна заявілі пра байкот цырымоніі адкрыцьця ў адказ на агрэсіўную палітыку Крамля у Крыме і ва ўсходняй Украіне, наяўнасьць палітзьняволеных у турмах, перасьлед іншадумцаў, спробы фізычнай расправы над апанэнтамі і г.д. На гэты момант пацьверджаны ўдзел усяго паўтара дзясятка найвышэйшых асобаў, сярод іх прэзыдэнты васьмі постсавецкіх краін і лідэры непрызнаных Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі.
Часопіс Charlie Hebdo высьмеяў Пуціна на вокладцы нумару пра чэмпіянат сьвету-2018
Пра тое, што іх прадстаўнікі не паедуць на чэмпіянат сьвету ў Расеі, першымі абвясьцілі ўрады Ісьляндыі і Вялікай Брытаніі. Рашэньне прынята ў адказ на атручэньне ў Лёндане былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі. Салідарызаваліся Аўстралія і Японія, пра ігнараваньне мундыялю чакана заявіла Ўкраіна. Зборная Англіі нават разглядала магчымасьць адмовіцца ад удзелу ў чэмпіянаце. У канцы красавіка 60 эўрадэпутатаў апублікавалі адкрыты ліст з заклікам да ўрадаў усіх краін Эўразьвязу не наведваць дзяржаву, якая парушае ўсе магчымыя правы і свабоды. Пасьля анэксіі Крыму і разьвязваньня вайны на Данбасе гучалі заявы наогул пазбавіць Расею чэмпіянату сьвету, аднак лабісты Масквы такі варыянт нівэлявалі.
VIP-ложа Лукашэнкі
Аляксандар Лукашэнка атрымаў пэрсанальнае запрашэньне на гульню-адкрыцьцё паміж зборнымі Расеі і Саудаўскай Арабіі, якая пройдзе на стадыёне «Лужнікі» ў Маскве. У прэзыдэнцкай прэс-службе факт пацьвердзілі, аднак ня могуць пэўна сказаць, паляціць ён на ўрачыстую цырымонію адкрыцьця або будзе назіраць толькі за матчам. Верагодна, што кампанію яму складзе малодшы сын Мікалай, які суправаджае бацьку на ўсіх буйных палітычных, культурных, спартовых падзеях.
Гэта ўжо другі буйны футбольны турнір, які Лукашэнка мае наведаць. У 2012 годзе ён скарыстаўся запрашэньнем тагачаснага прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча і паглядзеў фінальны матч чэмпіянату Эўропы паміж зборнымі Гішпаніі і Італіі. Нягледзячы на пратэсты праваабаронцаў і эўрапейскіх палітыкаў, невыязны кіраўнік Беларусі зьявіўся ў Кіеве і ў ложы для ганаровых гасьцей разам зь Міколкам заняў месца паміж Міхэілам Саакашвілі і Сэржам Саргсьянам — ужо былымі лідэрамі Грузіі і Армэніі адпаведна.
«Непад’ёмныя» квіткі
Паводле статыстыкі ФІФА, ад верасьня 2017 году праз сайт арганізацыі рэалізавана звыш 2 мільёнаў квіткоў. Лідэрамі тут расейцы — іх больш за 870 тысяч. Для гаспадароў, адрозна ад іншаземцаў, існавалі цэнавыя прэфэрэнцыі — ад 20-25 даляраў на групавыя матчы. Далей ідуць заўзятары ЗША (86 тысяч), Бразыліі (71 тысяча), Калюмбіі (64 тысячы), Нямеччыны (60 тысяч), Мэксыкі (58 тысяч), Аргентыны (52 тысячы). Беларусы, нягледзячы на празрыстыя межы і параўнальную блізкасьць да арэнаў, у сьпісе не фігуруюць.
Усе квіткі былі даступныя толькі праз афіцыйны сайт ФІФА мэтадам лятарэі — без аніякай гарантыі, што апынесься ў ліку шчасьліўчыкаў. Яны прадаваліся ў чатырох цэнавых катэгорыях. Першая — самая дарагая: за наведваньне матчу групавога этапу звыш 200 даляраў, фінал — больш за 1000. Цэны другой катэгорыі вагаліся ад 165 да 700 даляраў, трэцяй — ад 105 да 455 даляраў. Чацьвёртая катэгорыя — толькі для рэзыдэнтаў Расеі. Матч адкрыцьця стаіць асобна: 50 даляраў для расейцаў, 220 даляраў для 3-й катэгорыі, 390 даляраў для 2-й катэгорыі, 550 даляраў для 1-й катэгорыі.
Неадэкватная нерухомасьць
Нават калі камусьці зь беларускіх заўзятараў удалося стаць уладальнікам квітка на матч чэмпіянату сьвету ў 2018-м, наперадзе непамерныя выдаткі на жыльлё. Асацыяцыя «Ростуризм» стварыла базу «нядобрасумленных гатэляў і прыватных гаспадароў», якія пад мундыяль накручваюць цэны на сотні працэнтаў. Уладам давялося нават штрафаваць гатэльераў, якія перайшлі ўсе межы прыстойнасьці. Безумоўны рэкардсмэн — калінінградзкі гатэль бяз зорак, які ўзьняў цэны... на 5000%.
Па выніках адмысловага рэйду «Расспажыўнагляду», у Маскве завышэньне цэнаў зафіксавана у 700 гатэлях, на асобныя нумары яны перавысілі 500%. Не адстаюць прыватнікі, якія намагаюцца здаць свае больш чым сьціплыя кватэры. У лідэрах сярод рэгіёнаў — Валгаград, тут арэнда жыльля вырасла ў 200 разоў, кошты даходзяць да 3 тысяч даляраў за суткі. Блізка паводле лічбаў Саранск, сталіца Мардовіі. Сытуацыя тлумачыцца найперш тым, што гатэльны фонд досыць сьціплы, а каманды прыяжджаюць знакавыя — Партугалія, Калюмбія, Данія, Ісьляндыя і г.д. Параўнальна сьціпла на гэтым фоне выглядаюць іншыя гарады: у Екацярынбургу арэнда вырасла ў 16 разоў, у Ніжнім Ноўгарадзе — у 15 разоў, у Казані — у 10 і гэтак далей.
Кошт задавальненьня
Некаторыя беларускія турфірмы абяцаюць далучыць любога заўзятара да вялікага сьвята футболу. Расцэнкі, праўда, кусаюцца. З улікам геаграфічнай блізкасьці прапануюцца перадусім стадыёны ў Маскве і Санкт-Пецярбургу. Вось некаторыя зь іх.
- 19 чэрвеня, групавы матч Расея — Эгіпет (Санкт-Пецярбург), ад 550 даляраў за квіток.
- 26 чэрвеня, групавы матч Нігерыя — Аргентына (Санкт-Пецярбург), ад 650 даляраў за квіток.
- 10 ліпеня, паўфінал (Санкт-Пецярбург), ад 1100 даляраў за квіток.
- 11 ліпеня, паўфінал (Масква), ад 2500 даляраў за квіток.
- 15 ліпеня, фінал (Масква), 5000 даляраў за квіток.
Таксама прапануюцца карпаратыўныя туры самалётам ці аўтобусам з разьмяшчэньнем у гатэлях гарадоў-спадарожнікаў у радыюсе 50 кілямэтраў ад стадыёну. Як адзначылі ў адной з турфірмаў, тарыфы гнуткія і залежаць найперш ад фінансавага стану фірмы-заказьніка.
Дарэчы, знарок пад футбольны чэмпіянат сьвету авіякампанія «Белавія» адкрыла два новыя рэйсы — у Казань і Растоў-на-Доне. Кошт квіткоў у абодвух выпадках стартуе ад 200 эўра туды-назад. Мяркуючы па сайце кампаніі, квіткі ў наяўнасьці ёсьць.
Палітычная геаграфія
Лёсаваньне чэмпіянату сьвету-2018 прайшло летась у маскоўскім Крамлі. 32 кваліфікаваныя каманды былі разьбітыя на 8 групаў па 4 зборныя ў кожнай. Дзьве найлепшыя выйдуць у плэй-оф і далей будуць гуляць на вылет. Дзейным чэмпіёнам сьвету зьяўляецца Нямеччына, якая і гэтым разам сярод галоўных фаварытаў першынства. Таксама ў гэтым пераліку Бразылія, Гішпанія, Бельгія, Партугалія, Аргентына, Францыя, Уругвай. Гаспадыня мундыялю Расея ў ліку прэтэндэнтаў на трафэй не разглядаецца.
- Група A: Расея, Саудаўская Арабія, Эгіпет, Уругвай
- Група B: Партугалія, Гішпанія, Марока, Іран
- Група C: Францыя, Аўстралія, Пэру, Данія
- Група D: Аргентына, Ісьляндыя, Харватыя, Нігерыя
- Група E: Бразылія, Швайцарыя, Коста-Рыка, Сэрбія
- Група F: Нямеччына, Мэксыка, Швэцыя, Паўднёвая Карэя
- Група H: Бэльгія, Панама, Туніс, Англія
- Група G: Польшча, Сэнэгал, Калюмбія, Японія