Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падзякаваў кіруючаму органу сусьветнага футбола, ФІФА, за «прыхільнасьць прынцыпу "спорт па-за палітыкай"».
«Расея заўсёды падтрымлівала гэты падыход», — сказаў Пуцін 13 чэрвеня, выступаючы ў Маскве на 68-м Кангрэсе ФІФА перад прадстаўнікамі больш за 200 нацыянальных фэдэрацыяў.
Расея праводзіць чэмпіянат сьвету па футболе на фоне напружанасьці з Захадам па многіх пытаньнях, у прыватнасьці, анэксіі Крыма, падтрымкі Масквой баевікоў на Данбасе, верагоднага ўмяшаньня ў выбарчыя кампаніі ў заходніх дэмакратыях, а таксама атручваньня ў Вялікабрытаніі былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі.
Чакаецца, што 14 чэрвеня Пуцін прыме ўдзел ва ўрачыстым адкрыцьці чэмпіянату сьвету. Пасьля цырымоніі зборная Расеі згуляе з камандай Саудаўскай Арабіі. Турнір, матчы якога пройдуць на 12 стадыёнах у 11 расейскіх гарадах, завершыцца 15 ліпеня.