Чаму стала болей настальгіі па «саўку» і як трэба разбураць мiты пра СССР, у якія многія людзі працягваюць верыць? Пра гэта гаворым з папулярным блогерам Максімам Міровічам, вядомым крытычнымі публікацыямі ў сацыяльных сетках пра Савецкі Саюз.
— Максім, чаму вы вырашылі па канкрэтных фактах зьняпраўдзіць савецкія міты, кшталту як танна і добра было жыць за савецкім часам?
— Увогуле мiты пра СССР — гэта падмурак сучаснай прапаганды, так бы мовіць, яе «тры кіты», на якіх яна базуецца. Мне цікава разьбірацца з гэтым мiтамi, бо яны абяззбройваюць сучасную прапаганду i робяць сьмешнымi ўсе гэтыя казкі пра «смачнае марозіва» за часамі СССР.
— Давайце ўдакладнім, якой прапаганды — расейскай ці беларускай?
— Я б сказаў прасавецкай. Яна ёсьць i ў нас, i ў Расеі, i ва Ўкраіне таксама. Сутнасьць яе ў тым, што людзям навязваецца думка, быццам несвабода лепш за свабоду.
Міты пра тое, што ў СССР не было жабракоў
— Колькі вам гадоў? Колькі вам давялося пражыць за савецкім часам? І як вы сталі антысаветчыкам па духу?
— Мне крыху за 30 гадоў, я адношуся да пакаленьня, якое нарадзілася ў васьмідзясятыя, яшчэ за савецкім часам. У школу я пайшоў яшчэ ў часы СССР, але, як гэта ня дзіўна прагучыць, у канцы васьмідзясятых i пачатку дзевяностых, у часы перабудовы «савок» адчуваўся нашмат менш, чым цяпер — тады, здаецца, усе ўсё разумелі пра краіну, у якой жывуць, i пра тое ганебнае месца, якое яна займае ў сьвеце. Цяпер ёсьць інтэрнэт, людзi шмат вандруюць i добра зарабляюць — але «настальгii па саўку» стала больш. Вось такі парадокс.
— Чаму сутнасьць «саўка» лепей тлумачыцца праз бытавыя дэталі, а ня патасныя словы і крытычныя заявы?
— Думаю, таму, што менавіта побыт — гэта канчатковы вынік дзяржаўнай палiтыкi. Калi побыт звычайнага «сярэдняга» грамадзяніна той цi іншай краіны знаходзіцца на нiзкiм узроўні, адразу зразумела, што з палітыкай краіны нешта ня так. Дарэчы, гэта той фактар, які заўсёды ігнаруецца «прасаўковай» прапагандай: яны любяць разважаць пра нейкая далёкія матэрыі, якія, у адрозьненьне ад побыту, цяжка падлічыць. А на бытавым узроўні ўсё хутка становіцца зразумелым — вось ёсьць немец з заробкам 2000 даляраў, а вось савецкі грамадзянін з $80 на месяц.
Як насамрэч жылі людзі пры Сталіне
— Колькі ўжо было падборак пра рэальнае савецкае жыцьцё? Якія былі найбольш папулярныя? Ці ўяўляеце вы, якая ваша аўдыторыя? Геаграфічна, гендэрна, узростава?
— Пастоў было шмат, шчыра кажучы, не лічу, колькі дакладна. Найбольш папулярны пост так i называўся — «Мiты пра СССР, у якія вы працягваеце верыць», ён набраў каля паўмiльёна праглядаў i мае блізу 5500 камэнтароў.
Мiты пра СССР, у якія вы працягваеце верыць
Яшчэ былі вельмі папулярнымі матэрыялы пра тое, што ў Савецкiм Саюзе не было нічога «бясплатнага», як пра гэта любiць распавядаць савецкая прапаганда — аказваецца, далёка ня ўсе людзi задумваюцца пра тое, за чый кошт былі пабудаваны ўсе тыя «бясплатныя» кватэры. А яшчэ вельмі папулярнай была i застаецца сэрыя пра антысавецкі супраціў у краінах «Варшаўскага блёку», я раблю iх вельмі якасна, з паездкамі ды эксклюзыўнымi фота ў тых краінах, пра якія пішу. Пасьля прачытаньня маіх матэрыялаў пра паўстаньнi у Літве, Чэхаславаччыне ды Вугоршчыне шмат у каго зьмянілася стаўленьне да Савецкага Саюзу як да нечага «добрага ды мілага».
А наконт аўдыторыі, так, уяўляю. Мяне чытаюць людзi у сярэднім ад 20 да 50 гадоў, прыкладна напалам мужчын ды жанчын. Геаграфiчна гэта ўвесь рунэт — ад Расеі, Беларусі, Украіны, Нямеччыны, ЗША ды Ізраiлю.
— У якіх рэгіёнах найчасьцей з вамі не пагаджаюцца? А ў якіх падтрымліваюць?
— Ведаеце, такія рэчы не адсочваю. «Троляў» звычайна больш з расейскiмi IP — цяпер там пры ўладзе працуюць цэлыя «батафэрмы», якіх кідаюць на вострыя матэрыялы. Але ж у маім блогу iх параўнальна няшмат — усё ж «боты» больш адпрацоўваюць на сучасных тэмах, наконт сучаснай палітыкі i г. д, а я пра гэта пішу менш.
— Ужо амаль 27 гадоў, як няма Савецкага Саюзу, але савецкія людзі засталіся. Што такое, паводле вас, савецкі чалавек у 2018 годзе? Ці савецкія людзі кіраўнікі Беларусі і Расеі?
— Так, гэта, безумоўна, савецкія людзі. У 2018 годзе «савецкі чалавек» — гэта той, чыя маладосьць прыпала на час СССР, i які гады сваёй «сьветлай маладосьці» асацыюе з савецкім ладам. Але маладосьць файная сама па сабе, без прывязкі да дзяржаўнага ладу. У цэлым гэта гаварыць шмат пра тое, як працуе чалавечая памяць — людзi сталага ва ўсіх краінах жывуць з уяўленьнямі пра «цудоўную мінуўшчыну», зь нейкім унутраным адчуваньнем, што «раней было лепш».
Вясельнае пекла. Як адзначаюць вясельлі ў былым СССР
— Калі разваліўся СССР, я была студэнткай, і ніводнай хвіліны я не пашкадавала, што гэтая сыстэма развалілася. Для большасьці герояў Сьвятланы Алексіевіч развал Савецкага Саюзу — вялікая трагедыя, якая перавярнула іх жыцьцё. А для вас чым быў распад Савецкага Саюзу?
— Безумоўна, распад СССР — гэта было вялікае дабро. Гэтая дзяржава была пабудавана на хлусьні ды крыві, i, здаецца, аб поўных маштабах гэтай трагедыі мы даведаемся нашмат пазьней. Напрыклад, днямі прайшла навіна, што на месцы нейкага «спецпоселения» недзе ў Сыбiры знайшлі тысячы пахаваных людзей, што папросту замерзьлі ці памерлі ад голаду ў першы жа год высяленьня. Па дакумэнтах гэтыя фактычна забітыя савецкай уладай людзі лiчылiся «сасланымі», то бок як наўпроставыя ахвяры сталiнiзму iх нiхто не лічыў. А пра колькі яшчэ такіх выпадкаў мы нічога ня ведаем...
Калi гаварыць коратка, СССР быў дзяржавай, дзе раптам стала можна забіваць людзей дзеля мітычнай «iдэi». Час паказаў, што ідэя была цалкам лжывай, была недарэчным ды недакладным спрашчэньнем, зразумелым цёмным сялянам пачатку XX стагодзьдзя... I зараз ад усяго гэтага засталіся толькі трупы забітых гэтай дзяржавай, ды яшчэ байкі пра «самое вкусное мороженое», якія так любяць распавядаць фанаты СССР.
Уся праўда пра гатэлі ў СССР
— На савецкі час прыпала вашае дзяцінства. Ацэньваючы цяпер той час і сябе ў ім, што вас найбольш абурала, што для вас было найбольш гідка і непрымальна ў СССР?
— Мне не падабалася адчуваньне несвабоды. Гэта, дарэчы, вельмі добра адчувалася ў савецкім дзіцячым садку. Аднойчы я апублікаваў успаміны пра савецкі садок у блогу, i чытачы ў камэтах напiсалi гiсторыi са свайго дзяцінства — ва ўсіх усё было прыкладна аднолькавым.
Навошта ў СССР перавучвалі леўшуноў?
— Майму брату ў недаедзены суп клалі другую страву, а я сама пасьля савецкага садку ніколі не зьела і не прыгатавала манную кашу, ня кажучы ўжо пра малако зь пенкай. А які жах савецкага садку для вас меў такога кшталту наступствы?
— Не, нiчога такога не было, дзякуй Богу, абышлося без наступстваў. Проста добра запомнілася агульная атмасфэра — выхавацелькі, якім напляваць на дзяцей, больш важныя нейкія «агульныя паказчыкі», чым канкрэтныя жывыя людзі.
— Нядаўна вы наведалі Аўганістан і паспрабавалі паглядзець на савецкую вайсковую прысутнасьць у гэтай краіне з пазыцый 2018 году. Якія галоўныя высновы вы зрабілі ў выніку гэтага падарожжа?
Гэта было вельмі цікавае падарожжа, такія рэчы звычайна ў нечым мяняюць людзей. Я яшчэ раз пераканаўся ў тым, наколькі маразматычным было рашэньне састарэлых саўковых кiраўнiкоў аб уводзе войск у Аўган, яны проста не ўяўлялі, ува што яны ўлазяць. Гэта вайна была вельмі бруднай, i я магу сказаць дакладна, што ўсёй праўды пра яе мы пакуль што ня ведаем. Аўганцы распавядалі пра ваенныя злачынствы савецкай армii — напрыклад, бамбаваньні мірнага насельніцтва на перавале Саланг падчас вываду войск цi прымяненьне газавай зброi у кішлаку Руха, што знаходзіцца ў Панджшэры — апошні факт стаў нечаканасьцю нават для майго аўганскага правадніка.
У выніку гэтай вайны загнуў мільён аўганцаў, а шмат якія былыя маджахеды зараз таксама пакутуюць ад псыхалягічных наступстваў вайны, яны амаль не адрозьніваюцца ад нашых салдатаў"аўганцаў". I вось навошта гэта ўсё было...
— Якія бы фоткі вы паказалі тым, людзям, якія настальгуюць па савецкіх часах, каб у іх зьмяніўся ракурс погляду?
— Ня думаю, што погляды можна памяняць здымкамі, але калi патрэбна было б выбраць адно такое фота, то я б прапанаваў вось гэты мой здымак — аўганскі хлопчык у кішлаку Руха глядзіць на тую частку пасёлку, якую "шуравi"(так аўганцы назвалі савецкіх вайскоўцаў — РС) выпальвалі хiмiчнай зброяй, а побач зь iм валяюцца аскепкі савецкіх танкаў.