Вядомы францускі сатырычны часопіс выпусьціў нумар з карыкатурай на прэзыдэнта Расеі.
Францускі сатырычны часопіс Charlie Hebdo выпусьціў нумар, прысьвечаны фіналу чэмпіянату сьвету па футболе 2018 з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на вокладцы. Карыкатуру выданьне апублікавала на сваіх афіцыйных старонках у Twitter і Facebook разам з анонсам нумара.
На вокладцы апошняга нумара часопіса можна ўбачыць прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна, які сядзіць у танку і цаляе зь яго ў футбольныя вароты. Надпіс на карыкатуры гаворыць: «Наперад, рускія!»
У выданьні таксама назвалі і загаловак матэрыялу адносна будучыні чэмпіянату сьвету ў Расеі: «Мундыяль у Расеі: трагікамедыя ў пацёмкінскай вёсцы».
Раней Charlie Hebdo таксама публікаваў карыкатуры, прысьвечаныя выбарам прэзыдэнта ў Расеі ў 2018 годзе, тэме перасьледу геяў у Чачні (пэрсанажам адной зь сэрыі карыкатур стаў кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў), дзьве карыкатуры на крушэньне расейскага самалёту Ту-154 у Чорным моры, які разьбіўся неўзабаве пасьля вылету з Сочы, адкуль ён накіроўваўся ў Сырыю.
У 2016 годзе «Роскомнадзор» нават вынес папярэджаньне расейскай газэце РБК за публікацыю карыкатур з Charlie Hebdo і разаслаў такія папярэджаньні яшчэ дзясятку выданьняў.
Чэмпіянат сьвету па футболе пройдзе з 14 чэрвеня па 15 ліпеня ў 11 гарадах Расеі.
Нядаўна ў Facebook была заблякаваная старонка мастака Андрэя Ярмоленкі, які намаляваў альтэрнатыўныя плякаты да чэмпіянату сьвету-2018, які праводзіць Расеі, а нямецкаму журналісту, які выкрыў расейскі допінг, адмовілі ў атрыманьні расейскай візы для паездкі на чэмпіянат сьвету па футболе 2018 году.
Урады Ісьляндыі і Вялікабрытаніі абвясьцілі, што іх прадстаўнікі не паедуць на чэмпіянат сьвету ў футболе 2018 году ў Расеі. Такое рашэньне прынята ў адказ на атручэньне былога двайнога агента Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі. У суботу, 21 красавіка, 60 эўрадэпутатаў апублікавалі адкрыты ліст з заклікам да ўрадаў усіх краін ЭЗ не наведваць чэмпіянат.