Госьць «Інтэрвію тыдня» — дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў. Ён лічыць, што Кітай ня будзе нічога падтрымліваць у Беларусі, калі гэта не супадае зь ягонымі стратэгічнымі лініямі, тлумачыць інтарэсы і намеры Пэкіну ў нашым рэгіёне і заяўляе, што Кітай сёньня ня будзе ніякім чынам палітычна заступацца за Беларусь.
Рэальныя вынікі супрацоўніцтва пакуль не такія значныя, як хацелася б беларускаму кіраўніцтву
— Беларусь і Кітай дамовіліся пра бязьвізавы рэжым. Пагадненьне заключанае па выніках перамоваў кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі Сі Цзіньпіня, якія прайшлі гэтымі днямі ў Кітаі. Гэта заўважны і доўгачаканы крок, да якога бакі ішлі даволі даўно. Адносіны афіцыйнага Менску і Пэкіну апошнія гады разьвіваюцца вельмі актыўна — колькасьць візытаў, эканамічнае супрацоўніцтва. Ці можна казаць, што ў гэтых адносінах адбываюцца нейкія тэктанічныя, стратэгічныя зрухі?
— Натуральна, што Беларусь зацікаўленая ў супрацоўніцтве з Кітаем як з адным з сусьветных палітычных і эканамічных лідэраў. Але складана казаць, што гэта нейкі стратэгічны зрух у міжнароднай палітыцы Беларусі. З аднаго боку, гэта тэма, якая даўно эксплюатуецца Менскам, яна добра ўплывае на замежнапалітычны піяр Беларусі. Але калі паглядзець на рэальныя вынікі такога супрацоўніцтва — пакуль яны не такія значныя, як хацелася б беларускаму кіраўніцтву.
— Як можна ацаніць намеры беларускай улады на кітайскім кірунку? Ці яна проста імкнецца заваяваць прыхільнасьць адной з самых значных дзяржаў, ці тут ёсьць больш выразны намер — атрымаць новага «старэйшага брата» замест Расеі? І калі Захад з ідэалягічных прычын на гэтую ролю не падыходзіць — дык, можа, Менск разглядае Пэкін у гэтай ролі?
— Пэкін ня можа быць супрацьвагай і заменай Масквы ў адносінах зь Беларусьсю. Эканамічная і вайскова-стратэгічная залежнасьць Менску ад Масквы вельмі моцная. Палова беларускага таваразвароту — гэта Расея, і толькі 5 працэнтаў — гэта Кітай. Спатрэбяцца дзесяцігодзьдзі, каб Кітай стаў хаця б раўнаважным з Расеяй эканамічным партнэрам.
Зь іншага боку, Беларусь разьлічвае на тое, што стратэгічныя ініцыятывы Кітаю накшталт «Вялікага шаўковага шляху» могуць часткова гарантаваць Беларусі пэўнае месца ў стратэгічных раскладах Кітаю, у выніку чаго Кітай будзе зацікаўлены ў тым ліку ў падтрыманьні нейкай стабільнасьці на тэрыторыі Беларусі, ускосна ўзмацняючы незалежнасьць. Кітай зацікаўлены ў добрых стасунках Беларусі і з Расеяй, і з Захадам, бо для яго гэта такая транзытная тэрыторыя ў ягоных геапалітычных раскладах.
Кітай ня будзе нічога падтрымліваць у Беларусі, калі гэта не супадае зь ягонымі стратэгічнымі лініямі
— Але, як выглядае, Расея пакуль ня вельмі слухае Кітай, дашчэнту сапсаваўшы свае адносіны з Захадам
— Гэта так. Але для Беларусі гэта можа быць такой картай у раскладзе нашай шматвэктарнасьці, якая якраз і падабаецца Кітаю. Цікава, напрыклад, паглядзець, што Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця мае праекты з Кітайскім індустрыяльным паркам у Беларусі. То бок для Кітаю гэта не падтрымка Беларусі, а хутчэй рэалізацыя сваіх уласных стратэгічных і эканамічных інтарэсаў. Так што Кітай ня будзе нічога падтрымліваць у Беларусі, калі гэта не супадае зь ягонымі стратэгічнымі лініямі. Цяпер, як падаецца, рэгіянальная палітыка Кітаю адпавядае імкненьням беларускага кіраўніцтва. Пакуль жа інвэстыцыі Кітаю ў Беларусь толькі каля 1 працэнта — літоўскія інвэстыцыі большыя.
— А ў чым палягае палітыка Кітаю ў нашым рэгіёне? Які ў іх стратэгічны інтарэс пашыраць свой уплыў і прысутнасьць у Беларусі?
— Стратэгічны інтарэс Кітаю — гэта ня столькі пашыраць свой уплыў, колькі мець на ўвазе гэты рэгіён як пэўную транзытную тэрыторыю для гандлёвых, транспартных, фінансавых, іншых плыняў. І таму Кітай узмацняе сваю прысутнасьць у краінах рэгіёну, гэта назіраецца ня толькі ў Беларусі. Стратэгічна Кітай зацікаўлены, каб гэтая тэрыторыя была дастаткова стабільная і надзейная.
Узмацненьне геапалітычнай ролі Кітаю патрабуе, каб усё болей краінаў далучалася да думкі Кітаю ў міжнародных арганізацыях, калі Пэкіну гэта будзе патрэбна. Таму Пэкін і рыхтуе калі не сатэлітаў, то саюзьнікаў, якія будуць займаць пазыцыю Кітаю ў пэўных раскладах у міжнароднай палітыцы, калі Кітай вырашыць граць там больш значную ролю. Пакуль гэтага не назіраецца, але далей можа адбыцца.
Але я ня думаю, што Кітай сёньня будзе нейкім чынам палітычна заступацца за Беларусь
— Ці прадбачыце вы такі сцэнар, пры якім інтарэсы Расеі і Кітаю ў нашым рэгіёне могуць уступіць у моцную супярэчнасьць, канфлікт?
— Спробы дэстабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне, вядома, зусім ня радуюць Кітай. Агрэсіўная палітыка Расеі ў адносінах на постсавецкай прасторы можа нэрваваць кітайскіх інвэстараў. Напрыклад, напружанасьць паміж Грузіяй і Расеяй закранае парты ў Грузіі, якія вядуць далей, на Каўказ і ў Эўразьвяз. Гэта мусіць нэрваваць тых, хто інвэстуе ў такія праекты.
Але я ня думаю, што Кітай сёньня будзе нейкім чынам палітычна заступацца за Беларусь. Бо пакуль ягоная прысутнасьць у рэгіёне занадта малая, каб на нешта ўплываць. Таму пакуль усё ў палітычным вымярэньні будзе вырашацца хутчэй прысутнасьцю Эўразьвязу і Расеі як галоўных гульцоў. Кітай можа выказваць нейкую пазыцыю ці нездавальненьне, але паўплываць сутнасна на штосьці ня зможа.
— Ці магчымы такі варыянт у найбліжэйшыя 3–5 гадоў, калі ва ўмовах нейкага чарговага эканамічнага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй афіцыйны Менск можа заклікаць Кітай умяшацца ў спрэчку ў якасьці арбітра?
— Я думаю, гэта цалкам нерэальна ў найбліжэйшай пэрспэктыве. Гэта будзе патрабаваць значна большай прысутнасьці Кітаю тут, што ўявіць сабе нават у бліжэйшыя 10 гадоў даволі складана.
— Нават чыста зьнешне за апошнія 2–3 гады на беларускіх вуліцах павялічылася прысутнасьць кітайцаў. Цяпер, пасьля ўвядзеньня бязьвізавага рэжыму, — натуральна, іх стане на парадак больш. У беларуска-кітайскіх адносінах ёсьць такое адчуваньне, што Беларусь сама вельмі актыўна запрашае кітайцаў сюды, ільготамі, праектамі і гэтак далей. Сярод звычайных беларусаў нярэдка гучаць думкі, што Беларусь надта прагінаецца перад кітайцамі, імкнучыся іх сюды завабіць.
— Мне не здаецца, што ў беларускага насельніцтва назіраецца шмат нейкай занепакоенасьці кітайскай прысутнасьцю. Яна расьце, гэта нават візуальна відаць, можна пабачыць кітайскія герогліфы, кітайскія кампаніі будуюць нейкія аб’екты, больш студэнтаў. Але гэта пакуль замала, каб выклікаць трывогу ў большасьці звычайных беларусаў.
Калі ж казаць пра ўлады — так, яны хочуць завабіць Кітай больш спрыяльнымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу, для інвэставаньня ў Беларусь. Але Кітай вельмі прагматычна ставіцца, ён будзе інвэставаць у тыя рэгіёны, дзе можа зарабіць больш, дзе гэта больш надзейна. Таму асноўнае пытаньне не ў жаданьні Кітаю некуды інвэставаць, а ў сытуацыі ў самой Беларусі, якая ня можа стварыць прывабныя ўмовы для любых інвэстараў, у тым ліку і кітайскіх. Таму мы мусім самі перабудаваць свае ўнутрыпалітычныя і эканамічныя ўмовы, каб мець сутнасны рост узаемадзеяньня з заможнымі краінамі сьвету.