Сем апэратараў найбуйнейшых заправак Беларусі накіравалі дзяржструктурам ліст, у якім просяць прыняць «тэрміновыя меры», каб палепшыць фінансава-эканамічныя ўмовы працы і абмежаваць рост тарыфаў на тавары і паслугі арганізацый-манапалістаў.
Паводле tut.by, дакумэнт падпісалі кіраўнікі ўсіх найбуйнейшых прыватных апэратараў:
- «Лукойл-Беларусь» (брэнд АЗС «Лукойл»),
- «РН-Захад» («Славнефть»),
- «Юнайтэд Компані»,
- «НафтаХімТрэйдынг» («Трайпл»),
- «Астатрэйдынг» (А-100),
- «Газпромнафта-Белнафтапрадукт» («Газпром нафта»),
- «Татбелнафтапрадукт» («Татнафта»).
«Даход ад гандлю палівам ураздроб не зьмяніўся»
Паводле аўтараў ліста, са студзеня 2015 году маржынальны даход прадпрыемстваў ад гандлю палівам ураздроб практычна не зьмяніўся. Гэта абумоўлена яго прамой залежнасьцю ад цаны рэалізацыі, якая рэгулюецца «Белнафтахімам».
Пры гэтым выдаткі па асноўных артыкулах павялічыліся:
- плата за электраэнэргію — на 53%,
- водазабесьпячэньне — на 31%,
- газ для ацяпленьня — на 30%,
- арэндная плата за зямлю і зямельны падатак — на 58–78%,
- паслугі МУС па ахоўнай дзейнасьці — на 40%.
Павелічэньне абсалютнай розьнічнай цаны на паліва прывяло да росту выдаткаў на банкаўскія паслугі (інкасацыю, эквайрынг) на 13%.
Рост курсу даляра (на 68%) пацягнуў за сабой рост цэнаў на абсталяваньне і камплектуючыя ў прапарцыйных суадносінах.
«Рост выдаткаў мае працяглы сыстэмны характар»
Такім чынам, паводле ўладальнікаў АЗС, «рост выдаткаў пры сталым маржынальным даходзе мае працяглы сыстэмны характар», што ўжо прывяло да адмоўных фінансавых вынікаў і спыненьня новых інвэстыцый у бізнэс, зьніжэньня фінансаваньня ў асноўныя фонды.
Кампаніі вымушаныя разглядаць «пытаньне скарачэньня працоўных месцаў».
«Назіраецца пастаяннае павышэньне камісій транснацыянальных кампаній Visa і Mastercard, павелічэньне банкамі Беларусі кошту эквайрынгу, што прыводзіць да адсутнасьці цікавасьці ў прадпрыемстваў разьвіваць і ўкараняць сучасныя тэхналёгіі аплаты, якія ўжываюцца ў міжнародным фармаце», — гаворыцца ў лісьце.
«Адставаньне ад мэтавага ўзроўню заробку»
Адмоўныя фінансавыя вынікі працы ўладальнікаў сеткі АЗС прыводзяць да праблемаў з крэдытаваньнем у банках, што «падкрэсьлівае працягласьць існуючых праблем». З гэтай жа самай прычыны няма сродкаў, каб індэксаваць заробкі супрацоўнікаў. Гэта «прыводзіць да росту напружанасьці ў працоўных калектывах і адставаньня ад мэтавага ўзроўню заробку ў 1000 рублёў».
Паводле аўтараў звароту, маржынальны даход прадпрыемстваў прыкметна меншы, чым у калегаў у Расеі, Украіне і краінах Балтыі, дзе «канкурэнцыя мінімізавала даходнасьць гульцоў рынку».
Нядаўняе дырэктыўнае зьніжэньне розьнічных цэн на дызпаліва таксама прывяло да пагаршэньня фінансавых вынікаў прадпрыемстваў.
Старшыня «Белнафтахіму»: паліва падаражэе на 24%
31 траўня старшыня «Белнафтахіму» Ігар Ляшэнка заявіў пра непазьбежнасьць падвышэньня цэнаў на паліва. Паводле Ляшэнкі, цяпер ва ўрадзе займаюцца гэтым пытаньнем, і пры кошце нафты ў 80 даляраў за барэль бэнзін павінен падаражэць на 24%.