У рубрыцы «Варта» на выходных мы публікуем адказы на анкету пра чытацкія звычкі беларусаў. 20 пытаньняў пра тое, як файна чытаць файную літаратуру. Сёньня на нашу чытацкую апытанку адказвае журналістка і пісьменьніца Ганна Кандрацюк зь Беластоку.
Якія кнігі вы чытаеце цяпер?
Цяпер чытаю новы раман польска-вугорскага пісьменьніка Кшыштафа Варгі «Sonnenberg» — гэта пра Андраша, сучаснага вугорскага Ўліса, які з пачуцьцём жыцьцёвага пройгрышу бадзяецца па будапэшцкіх кнайпах і завулках у пошуках самога сябе. Кніжка, у пэўным сэнсе, зьяўляецца аналягам ранейшага раману Варгі, «Masakrа», дзеяньне якога ён памясьціў у сучаснай Варшаве. Пасьля першых старонак (кніжка чытаецца запоем), я пачала баяцца, што прачытаю яе занадта хутка (там 500 старонак), і каб неяк запаволіць чытацкую асалоду, я ўзяла рэпартэрскую навінку, кнігу «Лялькі прысуджаных да сьмерці» нідэрляндзкай журналісткі Лінды Польман. Гэта расповед пра жанчын, якія рашыліся выйсьці замуж за вязьняў, якія гадамі чакаюць у камэрах сьмяротнікаў выкананьня прысуду. Як ні дзіўна, гэтыя дзьве кнігі пераплятаюцца на лініі эмацыйнага экстрыму.
Якую выдатную кнігу вы прачыталі апошнім часам?
Такой я лічу біяграфічны рэпартаж «Fałszerze pieprzu. Historia rodzinna» Манікі Шнайдэрман. Аўтарка дастае літаральна з-пад зямлі зьвесткі пра продкаў і сваякоў па лініі бацькі, выводзіць на сьвятло іх таленты і грамадзкія заслугі для краінаў, у якіх давялося ім жыць. Большасьць герояў да нядаўняга часу заставаліся для самой аўтаркі ананімнымі ахвярамі Галакосту. Кніжка пацьвярджае старую праўду — у прыродзе нішто ня гіне і ніхто не забыты. Кожны, хто хоча напісаць пра гісторыю сваёй сям’і, павінен прачытаць гэтую эмпатычную, гуманную кнігу.
Што ўплывае на ваша рашэньне прачытаць кнігу: рэцэнзія, парада сяброў, атрыманьне прэміі кнігай, нешта іншае?
Звычайна чытаю любімых і правераных аўтараў, падобна з выдавецтвамі. Цікавяць мяне навінкі, хоць не заўсёды задавальняюць. Люблю, калі кожная наступная кніжка маладога аўтара лепшая за папярэднюю, аднак у апошнім часе такое трапляецца мне вельмі рэдка. Чытаю шмат навуковай літаратуры — найчасьцей у сувязі з працай над новым рэпартажам ці эсэ.
Самая цікавая рэч, пра якую вы даведаліся з кнігі апошнім часам…
Пра тое, што адзінае слова, якое захавалася ад мовы гунаў, гучыць «страва». Аўтар губляецца ў здагадках, што б яно магло значыць?! (E. A. Thompson «Hunowie»).
Які клясычны раман вам давялося прачытаць апошнім часам упершыню?
Зусім нядаўна я ўпершыню, затое ў арыгінале, прачытала «Лясную песьню» Лесі Ўкраінкі, клясычны твор украінскай літаратры. Магія.
Якіх сучасных аўтараў — раманістаў, паэтаў, драматургаў, крытыкаў, журналістаў — вы цэніце і любіце больш за іншых?
Люблю Маркеса, Кадарэ, Алексіевіч, Граса… Зь дзяцінства захапляюць мяне кніжкі падарожнікаў, а цяпер мае любімыя аўтары-падарожнікі — Пол Тэру (Paul Theroux) і Колін Тубран (Colin Thubron), Анджэй Стасюк. Чакаю новых кніжак Барыса Пятровіча, Альгерда Бахарэвіча, Зьмітра Бартосіка, Уладзімера Арлова, Андрэя Сьцепанюка, Міхася Андрасюка, Міры Лукшы, Зосі Сачко.
Якая кніга апошнім часам давяла вас да сьмеху?
Рагачу і плачу, чытаючы «Sonnenberg» Кшыштафа Варгі.
А ці плакалі вы над нейкай кнігай апошнім часам?
Памятаю, як недзе дваццаь пяць гадоў таму плакала, чытаючы «Цынамонавыя крамы» Бруна Шульца. Апошнім часам залілася сьлязьмі, стоячы перад мошчамі Міколы Цудатворцы ў італянскім Бары. Прыгадаўся Дантэ і яго «Боская камэдыя».
Якая кніга вас раззлавала ці расчаравала?
Найбольш злуюць мяне кнігі «выдатных» аўтараў, у якіх знаходжу перапісаныя жыўцом фрагмэнты маіх рэпартажаў, без спасылкі. Часам расчароўвуюць мяне кнігі сяброў, якія пішуць у сьпеху, бо абмяжоўвае тэрмін праекту. А дурных кніжак і рэцэнзій наогул не чытаю, кідаю пасьля некалькіх старонак.
Якія літаратурныя жанры вы не чытаеце?
Не чытаю фэнтэзі і дэтэктываў.
На ўкраінскім Палесьсі не адчуваюць бяды і дэпрэсіі
Як вы любіце чытаць — на паперы ці з электроннай чыталкі? Адну кнігу ці некалькі паралельна? Раніцай ці вечарам?
Больш за ўсё люблю чытаць кніжкі на паперы, памятаю, як калісь паклала пад падушку раскрытую кніжку, і мне прысьніўся яе працяг. Зусім як ў казцы пра дурніцу, які праз цуд стаў грамацеем (!). Па сёньняшні дзень кранаюць мяне непісьмовыя пераказы, казкі, легенды, песьні, якія ў дзяцінстве я ўбірала ад дзеда і старых людзей.
Звычайна чытаю некалькі кніг паралельна, часам, як у выпадку Варгі, каб прадоўжыць сатысфакцыю ад чытанкі. Чытаю шмат навуковай і мастацкай літаратуры, рыхтуючыся да сваіх рэпартажаў. Увогуле лічу, што немагчыма напісаць добрую кніжку пра краіну, ня ведаючы яе літаратуры. Чытаю незалежна ад пары дня і ночы, вельмі часта ў дарозе, у аўтобусе, у цягніку, у самалёце. Галоўнае, каб галава была адкрытая.
Вы ведаеце, дзе якая кніга ў вас стаіць або ляжыць? Як вы ўпарадкоўваеце свае кнігі?
Мае кнігі расстаўленыя ў трох хатах, і ў падвалах, аднак я больш-менш ведаю, дзе чаго шукаць. Нядаўна я прывезла ад маці тры тамы Максіма Гарэцкага, хочацца зноў перачытаць.
У апошні час стараюся купляць менш кніг, усё больш карыстаюся паслугамі бібліятэк, інтэрнэтам. Толькі зь беларускай літаратурай складана. Калі ў рукі трапіцца добрая кніжка, гэта для мяне сьвята, хачу яе затрымаць. Шмат кніжак ляжыць у маім ложку, там дзе звычайна кладуць пасьцель.
Якія кніжныя знаходкі на вашых паліцах маглі б моцна зьдзівіць вашых знаёмых?
Хутчэй зьдзівілі б кніжкі з аўтографамі, часта яны прарочыя…
Які найлепшы кніжны падарунак вы атрымалі?
Калісь, як я ляжала ў шпіталі, сястра спэцяльна для мяне пераклала з францускай мовы на падляскую п’есу Аготы Крыштаф «Шэрая гадзіна, або апошні кліент».
Ваш улюбёны кніжны герой/антыгерой або кніжная гераіня/антыгераіня?
Ужо не шукаю герояў і антыгерояў у кніжках — яны побач.
Вы шмат чыталі ў дзяцінстве? Якія кніжкі зь дзяцінства засталіся ў вашай памяці назаўсёды?
У дзяцінстве найбольш уразілі казкі Ганса Крыстыяна Андэрсэна, «Белы клык» Джэка Лондана, «Граф Монтэ Крыста» Аляксандра Дзюма, а таксама падарожніцкія раманы Аркады Фідлера, Аліны і Чэслава Цэнткевічаў.
Калі б вы маглі прымусіць прэзыдэнта Беларусі прачытаць нейкую кнігу, што гэта было б?
О-го! Можа нешта з «паэзіі Быкава».
Каго з трох сучасных або памерлых пісьменьнікаў вы хацелі б запрасіць на прыватную літаратурную вечарыну?
Я ня мела б адвагі запрасіць сваіх любімых пісьменьнікаў, але яны часам мне сьняцца. Прыяжджаюць у матчыну хату, сядаюць за застаўленым сталом, быццам на маё вясельле.
Каго б вы хацелі мець як свайго біёграфа?
?
Што вы перачытваеце?
Чэхава. Часам, беларускіх клясыкаў.
Што вы плянуеце прачытаць у бліжэйшым часе?
Уладзімера Някляева «На ўсякім сьвеце», рэпартаж Цэзары Лазаркевіча «Koronkowa robota» і, пэўна, тыя кніжкі, якія муж прынясе з гарадзкой бібліятэкі. У нас, слава Богу, падобны чытацкі густ.