Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту зьбіраюцца ўнесьці ў рэзалюцыю аб правах чалавека ў Расеі пункт пра дыпляматычны байкот чыноўнікаў краінаў Эўразьвязу чэмпіянату сьвету ў футболе, які днямі стартуе ў Маскве. Пра гэта паведаміў брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Ёзьвяк.
«Эўрапейскі парлямэнт, хутчэй за усё, будзе заклікаць да дыпляматычнага байкоту чэмпіянату сьвету ў рэзалюцыі аб правах чалавека ў Расеі, якую павінны прыняць 14 чэрвеня», — напісаў журналіст у сваім «Твітэры». Крыніцу інфармацыі ён не назваў.
Раней пра байкот чэмпіянату заявілі чыноўнікі чатырох краін — удзельніц турніру.
У сакавіку прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Тэрэза Мэй паведаміла, што чальцы каралеўскай сям’і і брытанскія міністры не паедуць у Расею праз атручваньне былога афіцэра ГРУ Расеі Сяргея Скрыпаля і ягонай дачкі Юліі ў Солсбэры.
У знак салідарнасьці зь Вялікай Брытаніяй дыпляматычны байкот падтрымала Ісьляндыя.
Пазьней пра сваё рашэньне не прысутнічаць на цырымоніі адкрыцьця чэмпіянату заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
7 чэрвеня рашэньне не наведваць Расею прынялі ўрадоўцы Аўстраліі: міністарка замежных спраў краіны Джулі Бішоп абвясьціла, што на гульнях зборнай будзе прысутнічаць толькі пасол.