Дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту зьбіраюцца ўнесьці ў рэзалюцыю па правах чалавека ў Расеі пункт пра дыпляматычны байкот чыноўнікамі краін Эўразьвязу чэмпіянату сьвету па футболе, які днямі стартуе ў Маскве. Пра гэта паведаміў брусэльскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
Раней пра байкот чэмпіянату заявілі чыноўнікі чатырох краін — удзельніц турніру.
У сакавіку прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Тэрэза Мэй паведаміла, што члены каралеўскай сям’і і брытанскія міністры не паедуць у Расею ў сувязі з атручваньнем былога афіцэра расейскай выведкі Сяргея Скрыпаля і яго дачкі Юліі ў брытанскім горадзе Солсбэры.
У знак салідарнасьці зь Вялікабрытаніяй дыпляматычны байкот падтрымала Ісьляндыя.
Пазьней пра сваё рашэньне не прысутнічаць на цырымоніі адкрыцьця чэмпіянату заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.
7 чэрвеня рашэньне не наведваць Расею прынялі ўрадоўцы Аўстраліі: міністарка замежных спраў краіны Джулі Бішап абвясьціла, што на гульнях зборнай будзе прысутнічаць толькі пасол.