Камітэт нормаў і стандартаў Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) агучыў у Жэнэве сваё заключэньне аб выкананьні Беларусьсю канвэнцыі «Аб недапушчэньні прымусовай працы». Дакумэнт падрыхтаваны экспэртамі камітэту з улікам абмеркаваньня «беларускага пытаньня», якое адбылося 1 чэрвеня.
З заключэньня камітэту вынікае, што МАП мае намер і далей выкарыстоўваць свае кантрольныя мэханізмы для адсочваньня сытуацыі з прымусовай працай у Беларусі. Камітэт заклікае ўрад працягваць супрацоўніцтва з МАП, каб дамагчыся поўнай забароны прымусовай працы, і будзе патрабаваць ад ураду справаздачы аб прывядзеньні заканадаўства і практыкі ў адпаведнасьць з Канвэнцыяй.
Пяць прапаноў МАП ураду Беларусі
- Прадоўжыць прыняцьце ўсіх захадаў для забароны выкарыстаньня прымусовай працы ў поўнай адпаведнасьці з Канвэнцыяй; устрымлівацца ад прыняцьця заканадаўства, якое сугучнае дзейнаму і можа прыводзіць да выкарыстаньня прымусовай працы.
- Даваць Камітэту экспэртаў інфармацыю, якая адносіцца да дзеяньня прэзыдэнцкага дэкрэту № 182 ад 27 траўня 2016 году («Аб прызнаньні страціўшым моц дэкрэту прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 7 сьнежня 2012 году «Аб дадатковых захадах у разьвіцьці дрэваапрацоўчай прамысловасьці») як у галіне права, так і практыкі.
- Даваць Камітэту экспэртаў інфармацыю, якая пацьвярджае замену дэкрэту № 3 («Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства»), прэзыдэнцкім дэкрэтам № 1 («Аб зьмене дэкрэту Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь»), уключаючы інфармацыю, якая адносіцца да дзеяньня гэтага дакумэнту як у галіне права, так і практыкі.
- Працягваць даваць інфармацыю аб рэалізацыі закону № 104-3 «Аб парадку і ўмовах накіраваньня грамадзян у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і парадку ўтрыманьня ў іх» ад 4 студзеня 2010 году на практыцы, улічваючы колькасьць асобаў, зьмешчаных у лячэбна-працоўныя прафілякторыі і абавязаных працаваць, што зьяўляецца формай рэабілітацыі.
- Працягваць прымаць тэхнічную дапамогу для поўнага забесьпячэньня адпаведнасьці канвэнцыі як у галіне права, так і на практыцы.
Ярашук: Сытуацыя ў Беларусі — пад кантролем МАП
Сярод удзельнікаў кангрэсу Міжнароднай арганізацыі працы ў Жэнэве быў і лідэр Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук. Па вяртаньні дамоў ён заявіў Свабодзе: беларускія ўлады вельмі спадзяваліся, што ў заключэньні ня будзе згадвацца ўжываньне ў Беларусі прымусовай працы.
«Аднак яны тут пралічыліся. І міністарка Касьцевіч, і старшыня афіцыйных прафсаюзаў Арда падчас дыскусіі даказвалі, што ў Беларусі няма ніякай прымусовай працы. Але экспэрты зь імі не пагадзіліся», — кажа спадар Ярашук.
Лідэр БКДП згадвае, што, акрамя заключэньня на кангрэсе ў Жэнэве, Беларусь уключылі ў «кароткі сьпіс» парушальнікаў правоў працоўных, то бок пералік краін, дзе груба парушаюць правы наёмных працоўных і прафсаюзаў.
«Гэта азначае, што мэханізм кантролю з боку міжнароднай арганізацыі працы ў дачыненьні сытуацыі ў Беларусі працуе. Ён ня толькі захаваны, але праз „кароткі сьпіс“ яшчэ і ўзмоцнены, — патлумачыў ён. — У нас зьявілася надзея, што цягам хоць бы аднаго году (да наступнага лета) не адбудзецца імплемэнтацыя палажэньняў прэзыдэнцкіх дэкрэтаў № 29 („Аб дадатковых мерах ва ўдасканаленьні працоўных адносінаў, умацаваньні працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны“) і № 5 („Аб узмацненьні патрабаваньняў да кіроўных кадраў і работнікаў арганізацыі“ у Працоўны кодэкс. А таксама, што не запрацуе і дэкрэт № 1. Дзякуй прафсаюзам і ўрадам тых краін, якія нас падтрымалі ў Жэнэве».