30 гадоў таму, 19 чэрвеня 1988 году, адбылося першае шэсьце грамадзкасьці ў Курапаты, арганізаванае неўзабаве пасьля публікацыі артыкулу Зянона Пазьняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога сьмерці».
Мітынг і шэсьце былі арганізаваныя актывістамі моладзевай нефармальнай суполкі «Талака».
Заяўку падавалі Сяржук Вітушка і Віктар Івашкевіч, але акцыю не дазволілі. Заяўнікаў выклікалі ў рэспубліканскую пракуратуру і папярэдзілі, што яны парушаюць закон.
Шэсьце і мітынг прайшлі несанкцыянавана, у ім узялі ўдзел каля 10 тысяч чалавек. Міліцыя людзей не спыняла і не арыштоўвала (у адрозьненьне ад наступнай акцыі на Дзяды 30 кастрычніка 1988 году). Пасьля арганізатараў пакаралі штрафам — па 50 рублёў.
Збор прызначылі ля трамвайнага разваротнага кола ў Зялёным Лузе, адтуль людзі пехатою ішлі ў курапацкі лес.
Сярод удзельнікаў таго шэсьця быў горадзенскі навуковец Мікола Таранда, сябра суполкі «Паходня». Ён меў з сабою фотаапарат і зрабіў гістарычныя здымкі тых падзей. Таранда падзяліўся гэтымі фота з сайтам Свабоды і напісаў свой успамін пра тую першую акцыю ў Курапатах.
«19 чэрвеня 1988 году я, Зьміцер Кісель, Віктар Габец і Міхась Баярчук прыехалі ў Менск, каб узяць удзелу ў шэсьці «Дарогаю сьмерці» і мітынгу ў Курапатах, якія былі рэакцыяй на публікацыю ў «ЛІМе» артыкулу Зянона Пазьняка «Курапаты — дарога сьмерці». Зьбіраліся ўдзельнікі на канцавым прыпынку трамваяў у Зялёным Лузе. Было ўжо шмат міліцыянтаў, якія назіралі за народам.
На месцы збору падышоў да Віктара Івашкевіча, які стаяў з транспарантам-абвесткай, і павітаўся. Ён тады даў мне заданьне разам зь іншымі ўдзельнікамі аднесьці сымбалічны помнік ахвярам у курапацкі лес.
Менскія ўлады і ЦК камсамолу заклікалі прысутных сесьці ў аўтобусы, якіх стаяла каля паўсотні, і ехаць на афіцыйны альтэрнатыўны мітынг да опэрнага тэатру. Але ніхто не зьвяртаў на гэты заклік увагі, і неўзабаве калёна, якая налічвала каля дзясятка тысяч чалавек, рушыла ў Курапаты.
Трэба было непрыкметна, каб міліцыянты не адабралі, аднесьці на месца скульптуру-помнік ахвярам. Гаспадара кватэры, на гаўбцы якой захоўваўся помнік, Ігара Марачкіна, не аказалася дома, і хлопцы палезьлі забіраць яго з вуліцы на другі паверх. Дастаткова было каму з суседзяў патэлефанаваць у міліцыю — і справа была б праваленая. Пасьля Ігар прыйшоў і адчыніў дзьверы.
На сваіх здымках у калёне я ўжо пазьней заўважыў знаёмых беларускіх студэнтаў з Польшчы: Юрку Ляшчынскага, Валянціна Сельвесюка, Барбару Кучынскую (цяпер Пякарскую). А падчас мітынгу побач стаялі акторы львоўскага тэатру імя М.Занькавецкай, зь якімі крыху пазьней нам надарылася нагода пазнаёміцца і пасябраваць.
Адкрыў і вёў мітынг старшыня менскай «Талакі» Сяржук Вітушка. Выступілі народны пісьменьнік Беларусі Іван Чыгрынаў (які быў яшчэ і старшынёй Беларускага аддзяленьня савецкага фонду культуры), Зянон Пазьняк, адзін зь лідэраў «Талакі» рабочы-чыгуначнік Віктар Івашкевіч, пісьменьнік Кастусь Тарасаў, дачка забітага ў Курапатах паэта Тодара Кляшторнага Мая, былы вязень ГУЛАГу паэт Павал Пруднікаў ды іншыя, у тым ліку сакратар Менскага гаркаму партыі Пятро Краўчанка, які пасьпеў пад’ехаць зь мітынгу каля опэрнага тэатру».
(Просім чытачоў, якія пазнáюць не падпісаных на фота ўдзельнікаў акцыі, паведаміць іх імёны нам праз сацыяльныя сеткі і электронную пошту. — РС.)