Удзельнікі мітынгу «За свабодную Расею без рэпрэсій і самадурства», які прайшоў у нядзелю на праспэкце Сахарава ў Маскве, выступілі за вызваленьне ўкраінскага рэжысэра Алега Сянцова, які трымае галадоўку ў расейскай калёніі, і іншых палітвязьняў, якія знаходзяцца ў зьняволеньні ў Расеі.
Сярод іншых лёзунгаў мітынгу — спыніць перасьлед палітычных апанэнтаў улады і не заводзіць крымінальныя справы за рэпост у Інтэрнэце.
Паводле дадзеных маскоўскай паліцыі, якія прыводзіць агенцтва «Інтэрфакс», на акцыю прыйшлі каля 1700 чалавек. Арганізатары называюць лічбы ад 2 да 5 тысяч.
Узгоднены з уладамі мітынг арганізавалі апазыцыйныя партыі, праваабаронцы і грамадзкія актывісты. На акцыю прыйшла пісьменьніца Людміла Уліцкая, а лідэр «Левага фронту» Сяргей Удальцоў у сваім выступе заклікаў расейскую апазыцыю да аб’яднаньня. Прыхільнікі апазыцыйнага лідэра Аляксея Навальнага ў арганізацыі акцыі ўдзелу не прымалі.
На мітынгу затрымалі двух чалавек, у тым ліку актывістку Дар’ю Палюдаву — піша ОВД.Инфо.