Наведваньне лясоў забаранілі ў 72 рэгіёнах Беларусі. У Брэсцкай, Гомельскай, Гарадзенскай абласьцях — ва ўсіх раёнах. Інфармацыю пра забарону на наведваньне лясоў разьмяшчае на сваім сайце Міністэрства лясной гаспадаркі.
Забарона ўводзіцца на пэрыяд гарачыні ў сувязі з высокай магчымасьцю лясных пажараў. Міністэрства па надзвычайных сытуацыях падрыхтавала парады на выпадак, калі вы сталі сьведкам ляснога альбо тарфянога пажару.
- Адразу паведаміць у службу ратаваньня па тэлефонах 101 і 112.
- Самы эфэктыўны спосаб тушэньня агню — сячы яго па кромцы пажара. Гэта можна зрабіць зялёнымі галінамі альбо закідваць кромку пажару грунтам.
- Калі агонь занадта вялікі, не спрабуйце яго пагасіць, а ідзіце па дапамогу. Сыходзіць зь месца пажару трэба насустрач ветру, пэрпэндыкулярна кромцы пажару, па прасеках, дарогах, палянах, берагах ручаёў і рэк.
- Калі дыму шмат, закрыйце рот і нос мокрай тканінай. МНС нагадвае, што пры верхавых пажарах, калі гараць вяршыні дрэваў, найлепш хавацца на берагах вадаёмаў, буйных палянах, у ліставым лесе без хвойнага падросту.
МНС ня раіць хавацца на дарогах і прасеках, якія аточаныя хвойным лесам, бо на адкрытых участках дрэва гарыць вельмі моцна.
Парушэньне пажарнай бясьпекі ў лясах ці парушэньне забароны на наведваньне лясоў можа карацца штрафам да 25 базавых велічыняў. Пры больш сур’ёзных парушэньнях штрафы могуць сягаць 50 базавых велічыняў (1,225 рублёў).