У сталіцы Латвіі 9 чэрвеня адбыўся Балтыйскі прайд-парад. Трохгадзінная акцыя была ўзгоднена зь мясцовымі чыноўнікамі. У маршы, які прайшоў цэнтрам горада, прынялі ўдзел каля дзьвюх тысяч чалавек.
Упершыню ў шэсьці прымалі ўдзел прадстаўнікі палітычных партый краіны. На маршы было шмат гасьцей з суседніх краін, у тым ліку — Беларусі і Расеі.
У дзень прайду паліцыя выставіла па горадзе спэцыяльныя агароджы. Вартавыя парадку працавалі ў адмысловым рэжыме. За агароджамі выстраіліся некалькі пратэстуючых, але канфліктаў удалося пазьбегнуць.
Арганізатары маршу настойліва прасілі удзельнікаў ігнараваць правакатараў.
Тыдзень Балтыйскага прайду кожны год праходзіць у адной з краін Балтыі па чарзе.
У 2017 годзе прайд-тыдзень праходзіў у Эстоніі, а гей-парад правялі ў Таліне. Акцыя прайшла спакойна, яе ўдзельнікі заявілі, што адчувалі сябе ў поўнай бяспецы. Многія ўздымалі пытаньне таго, што адбываецца з ЛГБТ-супольнасьцю ў суседняй Расеі.
Яшчэ 10 гадоў таму гей-прайд быў практычна немагчымы ў краінах Балтыі. Першае шэсьце члены ЛГБТ-руху зладзілі ў Рызе ў 2009 годзе: перад гэтым арганізатарам прыйшлося адстойваць прайд у судзе.
Гей-парад у выніку дазволілі, але паліцыі давялося перакрыць увесь цэнтар гораду і ахоўваць удзельнікаў параду ад магчымых нападаў з боку прыхільнікаў традыцыйных каштоўнасьцяў і проста хуліганаў.