«Чарка і скварка» ў Курапатах. Камэнтуюць Ганна Бонд, Уладзімір Войнавіч і Юлія Чарняўская

Рэстаран «Поедем поедим».

Свабода папрасіла выказвацца наконт канфлікту вакол рэстарацыі ля Курапатаў блогерку Ганну Бонд, расейскага пісьменьніка Ўладзіміра Войнавіча і культуроляга Юлію Чарняўскую.

«Рэстаратары — практычныя людзі. Калі іх бізнэсу будзе пагроза, яны сыдуць»

Уладзімір Войнавіч, былы савецкі дысыдэнт, расейскі пісьменьнік.

— Я ведаю пра Курапаты пад Менскам і перакананы, што памяць ахвяраў сталінізму павінна паважацца. ​Рэстаратары няправільна зрабілі, можна было пабудаваць рэстаран на месцы, якое больш пасуе для яго. Калі грамадзкасьць настойвае, то гэты рэстаран усё роўна прыбяруць адтуль, таму што рэстаратары звычайна — гэта практычныя людзі. Калі іх бізнэсу нешта будзе моцна перашкаджаць, яны сыдуць. Я супраць таго, каб людзі грэбавалі памяцьцю пра такія рэчы, і тым больш, каб яны сыпалі соль на раны людзей, для якіх гэта вельмі адчувальна. Гэта недапушчальна.

«Беларускі чалавек як таракан, да ўсяго прызвычайваецца»

Ганна Бонд, блогерка.

​— Гэта на сумленьні і духоўным выхаваньні кожнага чалавека. Ці было разумна будаваць забаўляльны комплекс каля такога жудаснага месца? Там было шмат пакутаў і гора. Гэта — на сумленьні тых, хто гэта распачаў, на сумленьні тых, хто гэта дазволіў. Не магу зразумець такую недальнабачнасьць арганізатараў і завадатараў такой, на мой погляд, абсалютна абсурднай ідэі. Я ня думаю, што людзі хадзіць туды ня будуць. Будуць. Яны ня будуць хадзіць, пакуль адбываюцца пікеты. Беларускі чалавек як таракан, да ўсяго прызвычайваецца... Пройдзе час, усё супакоіцца і гэта будзе звычайным рэстаранам, як яны і плянавалі.

Гэтая рэстарацыя ўжо мае нэгатыўную энэргетыку. Канечне, я туды не пайду. Калі я праяжджаю па кальцавой побач з гэтымі магіламі, я адчуваю моцную энэргетыку гэтага месца. Гэта нельга не прызнаць, і нельга адмаўляць.

«Гэтым сьветам кіруюць грошы, на жаль»

Юлія Чарняўская, культуроляг і пісьменьніца.

​— ​ Я, безумоўна, на баку тых, хто бароніць Курапаты. Але, як часта адбываецца з добрымі справамі, гэта зрабілася ня ў той час. Трэба было гэтым займацца, калі яны толькі набывалі месца для рэстарацыі. Тады павінны былі кінуць кліч на ўсю Беларусь вялікую, каб мы ўсе ўключыліся ў гэты працэс. І тады мы маглі бы неяк перашкодзіць гэтаму вар’яцтву. Ці магчыма ці штосьці зрабіць цяпер? Ёсьць такая расейская прымаўка — са шпагай супраць аглоблі. Вось мы са шпагай супраць аглоблі. Гэтым сьветам кіруюць грошы, на жаль. Але само гэта па сабе тое, што робяць нашы хлопцы і дзяўчаты, гэта рух да грамадзянскай супольнасьці.

***

Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах​

  • Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
  • Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
  • 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
  • 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
  • Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
  • Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
  • Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
  • Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.​

Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.

Асноўнае пра Курапаты