Сёньня амбасадар Расейскай Фэдэрацыі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў правёў прэсавую канфэрэнцыю, прысьвечаную Дню Расеі. Карэспандэнт Свабоды выбраў найбольш цікавыя адказы дыплямата.
Перамоваў пра расейскую вайсковую базу ў Беларусі не вядзецца
Адказваючы на пытаньне пра тое, ці магчыма адкрыцьцё ў Беларусі вайсковай расейскай базы, чаго не выключае міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей, у тым выпадку, калі ЗША адкрыюць сваю базу ў Польшчы, Сурыкаў сказаў, што «ніякія перамовы ні пра якую базу не вядуцца».
Колькі Беларусь вінная Расеі
Амбасадар назваў наступную лічбу: Беларусь вінная Расеі па ўрадавай лініі 7,4 мільярда даляраў. Гэтыя грошы «пагашаюцца без пытаньняў».
Пра таваразварот
«Ён быў правалены ў 2015 і 2016 гадах. Летась эканамічныя дачыненьні вярнуліся ў стадыю росту. Таваразварот вырас на 23%. Сёлета павелічэньне на 20%. Больш за палову сваіх тавараў Беларусь прадае на расейскім рынку».
Пра «малочныя войны»
«Ніхто ня хоча „аджаць“ Беларусь з расейскага рынку. Мне тое, што адбываецца, самому не падабаецца. Я лічу, што пра якасьць прадукцыі трэба гаварыць, бо яна спрыяе здароўю чалавека. Але паглядзіце на лічбы: Беларусь мае 7 мільёнаў тон малака. Расея — 30 мільёнаў. Сумесны балянс — 41 мільён. Дэфіцыт — 4 мільёны. Неабходна паляпшаць якасьць, а ня балавацца, замяняючы малако пальмавым алеем і расьліннымі бялкамі.
Лекары кажуць, што норма на аднаго чалавека — 350 літраў малака на год, улічваючы тварог, сьмятану, сыр і г.д. Значыць, патрэбна яшчэ 15 мільёнаў тон малака. Дык чым жа мы займаемся? Нам трэба пашыраць вытворчасьць, для гэтага патрэбны як мінімум 4 мільёны кароў. Вось чым трэба займацца. А мы займаемся ня тым, чым трэба. Сёньня віцэ-прэм’еры Гардзееў і Русы сустракаюцца ў Маскве. Думаю, яны ўрэгулююць усе пытаньні».
«Беларусь» ці «Белоруссия»
«Гэта спрэчка Канстытуцыі і лінгвістыкі. Я ўсюды карыстаюся словам „Беларусь“, заўжды так пішу і гавару», — сказаў Сурыкаў. А на дадатковае пытаньне, чаму ж тады на амбасадзе Расеі ў Менску вісіць назва «Посольство Российской Федерации в Белоруссии», Сурыкаў адказаў, што «мы ўсё ж расейская арганізацыя, і таблічка зроблена зыходзячы з расейскіх лінгвістычных правілаў».
Пра сьвяткаваньне Дня Перамогі
«Трэба не дзяліць, а аб’ядноўваць нашу агульную памяць. У нас у Расеі ёсьць цудоўная традыцыя — карыстацца георгіеўскай стужкай. Гэта старажытная руская гісторыя, гэта было ўведзена яшчэ пры царыцы Лізавеце, і гэта памяць у тым ліку і пра маіх сваякоў, якія загінулі. Трэба не дзяліць, а аб’ядноўваць памяць. Калі б мы дзяліліся падчас вайны, то мы б не перамаглі. Бо тады перамагалі ўсе разам. Так, часам праскоквае жаданьне кагосьці назваць сябе тым, хто найбольш адзначыўся ў тую вайну. Гэта ня так. Трэба дзейнічаць усім разам».
Пра Вышэйшы дзяржсавет
«Ён адбудзецца ў чэрвені, у Беларусь прыедуць усе чатыры расейскія кіраўнікі — Пуцін, Мядзьведзеў, Мацьвіенка, Валодзін. Ёсьць пытаньні, напрыклад, у аграпрамысловым комплексе. Альбо мы будзем яго разьвіваць, альбо будзем і ў Беларусі, і ў Расеі саджаць пальмы».
Пра сваю адстаўку
Амбасадару Сурыкаву, які займае гэтую пасаду 12 год, нагадалі пра шматлікія нядаўнія паведамленьні ў расейскіх мэдыя, што хутка на яго месца будзе прызначаны іншы дыплямат.
«Інтэрнэт — добрая справа, але там усяго столькі напісана. Я сапраўды працую ўжо 12 гадоў, я зьяўляюся дуаенам усіх дыпляматаў у Беларусі. Калі прэзыдэнт вырашыць, што мяне трэба зьмяніць — што ж, гэта ягонае канстытуцыйнае права», — адказаў Сурыкаў.