Бабруйскую пэнсіянэрку Надзею Лукашэвіч вінавацяць у захоўваньні зброі — у яе сумачцы знайшлі каробку з 45 спартова-паляўнічымі патронамі.
66-гадовая жанчына кажа, што знайшла каробачку ў лесе па дарозе на лецішча і паклала ў сумку. На наступны дзень яна выклікала міліцыю з нагоды меркаванага крадзяжу пэнсіі, і міліцыянты падчас вобшуку на кватэры зазірнулі ў тую торбу.
Інцыдэнт адбыўся 16 красавіка. 25 красавіка была заведзеная крымінальная справа. 29 траўня Сьледчы камітэт апублікаваў зьвесткі пра здарэньне.
Як паведамілі ў Сьледчым камітэце, у дачыненьні 66-гадовай жанчыны распачата крымінальная справа паводле артыкулу 295 часткі 2 КК («Незаконнае захоўваньне зброі і боепрыпасаў»). Максымальнае пакараньне, якое ёй пагражае, — пазбаўленьне волі на тэрмін да 7 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Калі б пэнсіянэрка адразу прынесла знаходку ў міліцыю, то ніякай адказнасьці не панесла б.
7 чэрвеня дадому да Надзеі Лукашэвіч прыйшла міліцыя, каб правесьці затрыманьне.
Як расказала Свабодзе яе дачка Натальля, маці не зразумела, чаму яны прыйшлі, бо не папярэджвалі, а калі што паказвалі праз вочка, дык не відаць і дрэнна чуваць.
Жанчына адразу не адчыніла дзьверы, патэлефанавала дачцэ. Калі тая прыйшла, то ўбачыла, як міліцыя з дапамогай пажарнай машыны залазіць у кватэру праз акно.
Выцягваюць яе літаральна за рукі-ногі, як была — у хатнім халаце й босай! Крычу ім: што ж вы робіце?! Кажуць: мусім яе забраць.
«Пабегла наверх — і чую крыкі маці. А міліцыя мяне не пускае, кажуць не паложана. Як „не паложана“ — я ж найбліжэйшы родзіч! Не пусьцілі. І тут выцягваюць яе літаральна за рукі-ногі, як была — у хатнім халаце й босай! Крычу ім: што ж вы робіце?! Кажуць: мусім яе забраць», — расказала Натальля Лукашэвіч.
Дачка дамаглася, каб міліцыянты хаця б далі маці нармальна апрануцца, і паехала за імі ў Сьледчы камітэт.
«Ну знайшла яны тыя патроны, здала б потым, але коцікі-сабачкі-агарод, забылася. Дык што, яе так цягаць цяпер? — абураецца Натальля. — Ёй 66 гадоў! Вось у суботу будзе дзень народзінаў. Яна што — страляла б імі?!»
У Сьледчым камітэце пэнсіянэрку пратрымалі некалькі гадзін, у яе падняўся ціск, так што выклікалі «хуткую». Пасьля абсьледаваньня і іньекцыі павезьлі ў ГУУС, каб потым перавесьці ў ізалятар, дзе яна будзе знаходзіцца прынамсі да суду.
Надзея Лукашэвіч — сябра грамадзкай ініцыятывы «Супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры».
Выходзіла разам зь іншымі на пікеты, разьбіралася зь «Белшынай» з нагоды сур’ёзнай траўмы мужа — камбінат не прызнаваў яго траўму вытворчай.
Як паведаміла Свабодзе актывістка грамадзкай ініцыятывы Любоў Санкевіч, Надзея Лукашэвіч апошні год, пасьля сьмерці мужа, ня ўдзельнічала ў пікетах. На іншых жа актывістаў 4 траўня склалі пратаколы за пікет 24 красавіка і потым прысудзілі штрафы.
Экспэртыза прызнала патроны прыдатнымі для стральбы.