Актывістка Вольга Мікалайчык, якую ўчора затрымлівалі міліцыянты пасьля пікету ў Курапатах каля рэстарацыі «Поедем поедим», заявіла Свабодзе, што мае намер сёньня зноў браць удзел у акцыі пратэсту.
«Буду працягваць, бо насамрэч барацьба з гэтым „кабаком на костак“ толькі пачынаецца. Акрамя нашага пікету, плянуецца, што актывісты апазыцыйных партый зьвернуцца ва ўстановы, якія мусяць кантраляваць дзейнасьць гэтай рэстарацыі. Вось Аляксей Янукевіч з Партыі БНФ браўся дапамагчы. Будуць зьвяртацца ў Дзяржкантроль, падатковую, санстанцыю. Бо калі не прызнаецца афіцыйна, што рэстаран працуе, тады чаму сюды падвозяць прадукты, гародніну, садавіну, манга-авакада, замарозку, адсюль вывозяць салаты ды іншыя стравы — дык што, гэта ўсё робіцца з парушэньнямі закону? Хай тады правяраюць. А мы будзем працягваць пікетаваць саму рэстарацыю», — кажа Вольга Мікалайчык.
У суботу і нядзелю, акрамя пікетаваньня, заплянаваныя іншыя формы пратэсту, кажа Мікалайчык. Яна тлумачыць тое, што, у параўнаньні зь леташняй абаронай Курапат ад будаўніцтва бізнэс-цэнтру, цяпер значна меней людзей бярэ ўдзел у акцыі, перш за ўсё тым, што лета ня вельмі спрыяльны пэрыяд для пратэставай дзейнасьці.
«Другое, што мала людзі ведаюць пра гэтую праблему, акрамя як недзяржаўныя мэдыя, ніхто ня піша, а весьці актыўную працу ў сацыяльных сетках у нас саміх часу няма, бо стаім цэлы дзень на сонцы, вы ж ведаеце. Хацелася б, каб было больш людзей», — адзначае актывістка.
Мікалайчык кажа, што пратэставаць трэба і ў цэнтры, каля пракуратуры, каля КДБ, Дзяржкантролю.
«Пракуратура прымала рашэньне аб закрыцьці „Бульбаш-холу“, які быў у будынку гэтай рэстарацыі, але чаму справу не давялі да канца, чаму не пакаралі вінаватых чыноўнікаў? Вось ім усім трэба задаваць гэтыя пытаньні».
Ніна Багінская прапануе праводзіць такія пікеты ў цэнтры Менску, гэтую прапанову абаронцы Курапатаў абмяркоўваюць, кажа Мікалайчык.
«А ў гэтыя выходныя мы зноў будзем пікетаваць „кабак на костках“, і вы пабачыце, што нас будзе значна больш, бо шмат хто з ахвотных ня мог сюды прыйсьці цягам працоўнага тыдня, але зьбіраецца далучыцца на выходныя».
Пратэст ля брамы рэстарацыі «Поедем Поедим» актывісты зьбіраюцца аднавіць 8 чэрвеня а 12-й гадзіне.
Міліцыя Менскага раёну ўчора затрымала Вольгу Мікалайчык і склала на яе два пратаколы аб правапарушэньнях, быў затрыманы таксама Павал Севярынец — на яго склалі чатыры пратаколы.
Што важна ведаць: пратэсты супраць новай рэстарацыі ў Курапатах
- Рэстаран «Поедем поедим» у Курапатах меркавана запрацаваў увечары 5 чэрвеня.
- Грамадзкія актывісты штодня ад 31 траўня пікетуюць забаўляльны комплекс, патрабуючы закрыцьця рэстарацыі.
- 1 чэрвеня рэстаран «Поедем поедим» пачаў рэклямавацца ў інтэрнэце.
- 28 траўня карэспандэнт Свабоды трапіў на тэрыторыю комплексу, дзе пабачыў падрыхтоўку да хуткага адкрыцьця рэстарацыі.
- Адрас рэстарацыі супадае з адрасам ТАА «Амізбел», якое было створана кампаніяй «Белноватэкс груп». Апошняя валодае шэрагам фэшэнэбэльных рэстаранаў у Менску.
- Рэстарацыя стаіць за 50 мэтраў ад месца, дзе ў 1930-я адбываліся масавыя расстрэлы. Карнікі НКВД расстралялі тут ад 30 тысяч да 250 тысяч чалавек.
- Будоўля забаўляльнага комплексу пад назвай «Бульбаш-хол» пачалася ў 2010 годзе ў ахоўнай зоне Курапатаў. У 2014-м ахоўную зону зьменшылі. Гісторыя будаўніцтва і змаганьня тут.
- Першая грамадзкая абарона Курапатаў адбывалася ў 2001–2002 гг., калі моладзь пратэставала супраць пашырэньня кальцавой дарогі праз урочышча. На пачатку 2017-га актывісты адстаялі Курапаты ад будоўлі бізнэс-цэнтру.
Сталінскія рэпрэсіі і Курапаты
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак, гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыў архівы. Паводле розных падлікаў, ад 30 да 250 тысяч чалавек карнікі НКВД расстралялі з 1937 па 1941 гады ў Курапатах — лясным масіве пад Менскам.