У Расеі на падставе засакрэчанага міжведамаснага загаду 2014 году зьнішчаюцца архіўныя зьвесткі аб рэпрэсаваных грамадзянах СССР. Пра гэта ў лісьце дарадцы прэзыдэнта РФ і кіраўніку СПЧ Міхаілу Фядотаву распавёў дырэктар Музэю гісторыі ГУЛАГа Раман Раманаў, паведамляе «Коммерсантъ».
Асабістыя справы савецкіх зьняволеных адпраўлялі на бестэрміновае захоўваньне ў архіў у выпадку іх сьмерці ў лягерах, растлумачыў Раманаў газэце. Калі зьняволены вызваляўся, справу зьнішчалі, але складалі ўліковую картку, дзе ўказваліся дадзеныя пра чалавека і яго знаходжаньне ў сыстэме ГУЛАГу.
Партнэр Музэя гісторыі ГУЛАГу Сяргей Прудоўскі высьветліў, што такія ўліковыя карткі таксама сталі зьнішчаць. Як распавялі ва Ўпраўленьні МУС Расеі па Магаданскай вобласьці, дзе дасьледчык шукаў інфармацыю пра аднаго з рэпрэсаваных, існуе міжведамасны загад пад грыфам «для службовага карыстаньня» ад 12 лютага 2014 году, у якім, у прыватнасьці, гаворыцца, што карткі павінны зьнішчацца па дасягненьні асуджанымі 80-гадовага ўзросту. Загад падпісаны МУС, Мінюстам, МНС, Мінабароны, ФСБ, ФСКН, ФМС, ФСО, СВР, Генпракуратурай і Дзяржаўнай фельд’егерскай службай.
«Крымінальныя справы грамадзян захоўваюцца ў ФСБ альбо ў дзяржархіве. Але ўсе яны сканчаюцца датай асуджэньня і зьвесткамі пра прысуд: расстрэл або лягер. З расстрэлам зразумела. А інфармацыя, куды быў адпраўлены асуджаны на лягеры, ці выжыў, ці пераводзіўся з аднаго лягера ў іншы, знаходзіцца толькі ва ўліковых картках, якія захоўваюцца ў МУС. І гэтая інфармацыя пасьля зьнішчэньня карткі забудзецца», — растлумачыў Прудоўскі.
Кіраўнік СПЧ Міхаіл Фядотаў паабяцаў разабрацца ў праблеме зьнішчэньня архіўных зьвестак.
«Гэта прынцыпова важна, паколькі гэта сродак процідзеяньня фальсыфікацыі гісторыі. Калі ёсьць дакумэнт, яго фальсыфікаваць практычна немагчыма. А калі дакумэнту няма, можна прыдумаць усё, што заўгодна», — заявіў ён «Коммерсанту».
Дакладная колькасьць асуджаных у гады савецкіх рэпрэсій невядомая. Паводле падлікаў міжнароднага таварыства «Мэмарыял», агульная колькасьць рэпрэсаваных можа дасягаць 12 мільёнаў чалавек.