Аляксандар Кольчанка спыніў галадоўку падтрымкі Алега Сянцова

Аляксандар Кольчанка

Асуджаны ў Расеі крымскі актывіст Аляксандр Кольчанка спыніў абвешчаную 31 траўня галадоўку з патрабаваньнем вызваліць украінскага рэжысэра Алега Сянцова.

Адвакат міжнароднай праваабарончай групы «Агора» Андрэй Ляпёхін заявіў, што Кольчанка прыняў такое рашэньне праз стан здароўя. Паводле яго, Кольчанка вельмі аслабеў, ужо пачаў губляць прытомнасьць. У яго ўпаў узровень цукру ў крыві. За час галадоўкі яго вага зьнізілася да 54 кіляграмаў, распавёў Ляпёхін.

4 чэрвеня Кольчанку перавялі ў мэдычную частку расейскай калёніі, дзе ён адбывае пакараньне. Кольчанка тады заявіў, што будзе трымацца, пакуль у яго «хопіць здароўя». Яго патрабаваньне застаецца ранейшым — вызваліць Алега Сянцова.

Алега Сянцова і Аляксандра Кольчанку расейскія ўлады абвінавацілі ў падрыхтоўцы тэрактаў у анэксаваным Расеяй Крыме. Яны адбываюць 20-ці і 10-гадовы тэрміны ў калёніі. 14 траўня Сянцоў абвясьціў бестэрміновую галадоўку з патрабаваньнем адпусьціць на свабоду асуджаных у Расеі ўкраінскіх палітвязьняў.

Кіеў прапанаваў Маскве абмяняць 23 затрыманых расейскіх грамадзян на грамадзян Украіны, якія адбываюць пакараньне ў расейскіх турмах, у тым ліку Алега Сянцова, Аляксандра Кольчанку, Мікалая Карпюка і іншых.


Адвакат: Алег Сянцоў гатовы да сьмерці