Сузаснавальнік Google паказаў электрычны міні-самалёт

Электрасамалёт Cora

Сузаснавальнік Google Лары Пэйдж прадэманстраваў новы лятальны апарат Flyer. Распрацоўнікам прылады зьяўляецца стартап Kitty Hawk, які стварыў і падтрымлівае Пэйдж.

Flyer падобны да вялікага робата. Яго падымаюць уверх дзесяць незалежных электрычных рухавікоў. Акумулятара хапае на палёт да 20 хвілін на вышыні ад аднаго да трох мэтраў. Flyer можа разьвіваць хуткасьць 30 кілямэтраў у гадзіну. Садзіцца ён на ваду. Разьлічана прылада на аднаго чалавека. Кошт прылады і інфармацыя аб пачатку продажаў пакуль не раскрываюцца.

Генэральны дырэктар Kitty Hawk Сэбаст’ян Трун у інтэрвію амэрыканскаму тэлеканалу CNBC паведаміў, што новы лятальны апарат можа быць уведзены ў камэрцыйнае выкарыстаньне на працягу пяці гадоў.

Раней Kitty Hawk прэзэнтавала двухмесны электрасамалёт Cora. Яго выпрабаваньні праходзяць у Новай Зэляндыі.