«Беларускі шпіён» застанецца ва Ўкраіне пад арыштам яшчэ на два месяцы

Юры Палітыка

Новазаводзкі раённы суд Чарнігава падоўжыў яшчэ на два месяцы арышт грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, які абвінавачваецца ў зьбіраньні сакрэтнай інфармацыі ва Ўкраіне на карысьць замежнай дзяржавы.

Першае паседжаньне суду мелася адбыцца напярэдадні, але яго перанесьлі на сёньня праз адсутнасьць адвакатаў. Абаронцы Юрыя Палітыкі сьцьвярджаюць, што не атрымалі з суду паведамленьня пра падрыхтоўчае паседжаньне, а некаторыя зь іх былі занятыя на іншых судовых працэсах.

Справа Юрыя Палітыкі была перададзеная ў суд сёлета ў лютым. Першапачаткова справу беларуса разглядаў Чарнігаўскі раённы суд Чарнігаўскай вобласьці. Аднак да разгляду справы па сутнасьці так і не дайшлі — паседжаньні пераносіліся некалькі разоў, у тым ліку і з прычыны няяўкі адвакатаў, а ў траўні калегія судзьдзяў узяла самаадвод.

Да 15 гадоў зьняволеньня

Паводле 114-га артыкулу Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, дзе гаворыцца пра шпіёнства, Юрыю Палітыку пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй або без канфіскацыі маёмасьці. Згодна з працэсуальным заканадаўствам Украіны толькі пасьля таго, як суд вынесе вэрдыкт аб законнасьці абвінаваўчага акту, справа можа разглядацца па сутнасьці.

Грамадзяніна Беларусі затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм».

Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Справа супраць беларуса была адкрытая на падставе заявы вайскоўца Дзьмітрыя Острыка, які цяпер у зоне вайсковай апэрацыі на Данбасе. Паводле Юрыя Палітыкі, ён пазнаёміўся зь Дзьмітрыем Острыкам у грамадзкай арганізацыі «Поўнач», якая дапамагала памежнікам ахоўваць дзяржаўную мяжу Ўкраіны. Беларус хацеў працаваць валянтэрам у гэтай арганізацыі.

Ці абмяняюць Палітыку на Шаройку?

Украінскія экспэрты выказвалі меркаваньні, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 год турмы за шпіянаж.

Прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Украіны Ўладзімір Шкуроў казаў Свабодзе, што ўлады Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць абмен Шаройкі на Палітыку, але гэта «далікатнае пытаньне».

Пазьней і старшыня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Беларусі Валер Вакульчык заявіў, што «не выключае» ў будучыні абмену паміж Менскам і Кіевам грамадзянамі, абвінавачанымі ў шпіянажы.