Эўракамісія ўхваліла ўвядзеньне новых мытаў у дачыненьні да амэрыканскіх тавараў на суму 2,8 мільярда эўра, гаворыцца ў прэс-рэлізе ведамства. Новыя тарыфы плянуецца ўвесьці ў дзеяньне ўжо ў ліпені. У дакумэнце падкрэсьліваецца, што гэтыя меры «цалкам адпавядаюць правілам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі».
Тарыфы тычацца амэрыканскай сельскагаспадарчай і мэталюргічнай прадукцыі, касмэтыкі, адзеньня, матацыклаў, катэраў, яхт, а таксама прадуктаў харчаваньня, такіх як апэльсінавы сок, арахісавае масла, віскі і тытунёвыя вырабы.
Агульная сума страт Эўразьвязу ў сувязі з рашэньнем адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ўвесьці мыты на эўрапейскія тавары складае амаль 6 з паловай мільярдаў эўра. У найбліжэйшыя тры гады Брусэль ўвядзе свае мыты яшчэ на 3,6 мільярда эўра.
Прадстаўнік Эўракамісіі ў пытаньнях гандлю Сэсылія Мальмстрэм назвала мыты ЭЗ «узважаным і на аднабаковае і незаконнае рашэньне, прынятае Злучанымі Штатамі».
У сакавіку Трамп абвясьціў аб увядзеньні мытаў для ўсіх краін, якія пастаўляюць у ЗША сталёвую і алюмініевую прадукцыю, аднак да канца мая часова вывеў з-пад дзеяньня гэтага ўказу Аўстралію, Аргентыну, Бразылію, Канаду, Мэксыку, Паўднёвую Карэю і краіны Эўразьвязу.
Пазьней было абвешчана пра рашэньне не працягваць дзеяньне выключэньняў у дачыненьні да Канады, Мэксыкі і ЭЗ. У нядзелю Кітай прыгразіў ЗША выйсьці з усіх гандлёвых і дзелавых пагадненьняў паміж краінамі ў выпадку, калі Вашынгтон рэалізуе пляны Трампа па ўвядзеньні новых мытаў і іншых мер у дачыненьні да Пэкіну.